АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,

здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМАЛУ́НГМА, Эверэст, Сагарматха,

самая высокая вяршыня на Зямлі, у Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8848 м. Складзена з гнейсаў, крышт. вапнякоў і сланцаў. Мае форму піраміды са стромкімі схіламі. Ледавікі. Упершыню дасягнута 29.5.1953 шэрпам Н.​Тэнцынгам і новазеландцам Э.​Хілары, сярод жанчын — японкай Ю.​Табей (1976). Часткова ўваходзіць у склад нац. парку Сагарматха (Непал).

Джамалунгма (Эверэст). З карціны М.​К.​Рэрыха.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РМІШ-ПА́РТЭНКІРХЕН (Garmisch-Partenkirchen),

горна-кліматычны курорт у Германіі, на ПдЗ ад г. Мюнхен, на схілах Баварскіх Альпаў. Умераны горны клімат, мяккая зіма, высокая сонечнасць, чыстае халаднаватае паветра, ахаванасць ад вятроў спрыяльныя для эфектыўнага лячэння хвароб органаў дыхання, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Шмат санаторыяў. Адзін з буйнейшых у Еўропе цэнтраў турызму і зімовага спорту, месца зімовых Алімпійскіх гульняў 1936. У наваколлях запаведнік Амергебірге.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРА ЗГАРАННЯ,

замкнёная прастора для спальвання газападобнага, вадкага або цвёрдага паліва. Спальванне адбываецца перыядычна (напр., у поршневых рухавіках унутр. згарання) ці неперарыўна (у газатурбінных і рэактыўных рухавіках).

К.з. поршневага рухавіка ўтвараецца ўнутр. паверхняй галоўкі цыліндра і днішчам поршня; у газатурбінных рухавіках К.з. звычайна ўбудоўваецца непасрэдна ў рухавік. Асн. патрабаванні: устойлівасць працэсу гарэння, высокая цепланапружанасць і паўната згарання паліва, найменшыя цеплавыя страты і інш. Гл. таксама Камерная печ.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЧЫК (Міхаіл Яўстаф’евіч) (н. 7.5. 1955, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. баяніст. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 у Дзярж. акад. нар. аркестры Беларусі імя І.​Жыновіча, з 1982 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1993 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята», з 1995 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Яго выкананню характэрны высокая тэхнічнасць, эмацыянальнасць, багацце нюансіроўкі.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНА-Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я,

зброя, у якой сродкам паражэння з’яўляюцца ядзерныя боепрыпасы, а сродкам дастаўкі іх да цэлі — ракета. Гал. састаўная ч. ядзернай зброі, разнавіднасць зброі масавага знішчэння. З’явілася ў сярэдзіне 1950-х г. Знаходзіцца на ўзбраенні армій ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая. Асн. баявыя ўласцівасці: практычна неабмежаваная далёкасць дзеяння, вялікая паражальная магутнасць, магчымасць нечаканага прымянення, высокая дакладнасць паражэння цэлей, вялікая скорасць, незалежнасць прымянення ад умоў надвор’я і інш.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),

самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЯРО́ДАВЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, якія ўзнікаюць у жанчын у першыя 6—8 тыдняў пасля родаў. Паталаг. працэс можа лакалізавацца ў родавых шляхах, узнікаць ад інфекцый (напр., эндаметрыт) і без інфекцый (гематомы, крывацёк і інш.). Бываюць П.х. з лакалізацыяй паталаг. працэсу па-за родавымі шляхамі (лактацыйны мастыт, гіпагалактыя, трэшчыны саскоў і інш.). Узбуджальнікі інфекц. П.х. найчасцей стафілакокі, стрэптакокі. Пры інфекц. П.х. высокая т-ра цела, дрыжыкі, паталаг. змены ў хворым органе. Лячэнне тэрапеўт., пераліванне крыві, плазмы.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭНСІ́Т (ад імя ням. металазнаўца А.​Мартэнса),

мікраструктура ігольчастага выгляду ў загартаваных метал. сплавах і чыстых металах, якім уласцівы полімарфізм.

М. — асн. структурная складальная загартаванай сталі, гэта перанасычаны цвёрды раствор вугляроду ў α-жалезе такой канцэнтрацыі, як у зыходнага аўстэніту (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы). З ператварэннем М. пры награванні і ахаладжэнні звязаны «эфект памяці» металаў і сплаваў. Мартэнсітнай структуры адпавядае найб. высокая цвёрдасць сталі. На М. загартоўваюцца стальныя рэзальныя інструменты і інш. вырабы.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)