ІНТЭРНІ́РАВАННЕ (ад лац. internus унутраны),

прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен. караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),

хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫЦЫ́Т,

запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.

Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУУМАВА́ННЕ бетону,

выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.

Устаноўка для вакуумавання вадкіх і паўвадкіх матэрыялаў: 1 — бак; 2 — вакуумавальная вадкасць; 3 — награвальныя элементы электрападагрэву; 4 — прыстасаванне для перамешвання.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,

выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец. ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.

Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец. тэхнал. установак (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Літ.:

Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1983;

Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-АМІНАМА́СЛЯНАЯ КІСЛАТА́, 4-амінамасляная кіслата, піперыдзінавая кіслата,

ГАМК, HOOCH2CH2CN2NH2, амінакіслата, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Белы крышталічны парашок са слабагоркім смакам і слабым спецыфічным пахам, лёгка растваральны ў вадзе і слаба ў спірце. Гама-амінамасляная кіслата прамежкавы прадукт абмену некат. інш. амінакіслот, адсутнічае ў саставе бялкоў. У свабодным стане знаходзіцца ў многіх раслінах (каранях сталовых буракоў — 0,016 мг%, няспелых яблыках, зялёных парастках і калоссі злакаў, лісці тытуню, водарасці хларэла, дражджах і інш.), у вышэйшых млекакормячых — толькі ў тканках мозга (да 100 мг%).

Крыніца сакрэцыі гама-амінамаслянай кіслаты лакалізавана ў асобых нейронах нерв. тканкі і ў некат. інш. клетках (напр., бэта-клетках падстраўнікавай залозы). У ракападобных і насякомых гама-амінамасляная кіслата служыць медыятарам тармазных рухальных нейронаў, у мозгу пазваночных — медыятарам многіх тармазных інтэрнейронаў. Гама-амінамасляная кіслата абумоўлівае тармозячыя і ўзбуджальныя эфекты. Пад яе ўплывам узмацняюцца абменна-энергет. працэсы ў галаўным мозгу, яго кровазварот, дынаміка нерв. працэсаў, памяць, аблягчаецца выдаленне з мозга таксічных рэчываў і інш. Вядомы сінт. лек. прэпараты гама-амінамаслянай кіслаты (напр., аміналон, або гамалон, і інш.), якія з’яўляюцца паскаральнікамі мазгавога метабалізму.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.

Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж. Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,

вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)