РО́ЗНІЧНЫ ТАВАРААБАРО́Т,

1) продаж тавараў нар. спажывання непасрэдна спажыўцам; завяршальная стадыя працэсу таварнага абарачэння. Уключае прададзеныя насельніцтву тавары і паслугі, якія аказаны прадпрыемствамі рознічнага гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, дробнааптовы продаж прадпрыемствам і арг-цыям, рэалізаваную на рынках прадукцыю.

2) Эканам. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць продажу тавараў нар. спажывання непасрэдна спажыўцам. У 1990 у Рэспубліцы Беларусь Р.т. склаў 18,7 млрд. руб., у 1995—46 853 млрд. руб., у 1999—1 502 028 млрд. руб. Для адлюстравання дынамікі Р.т. выкарыстоўваюць індэксы фіз. аб’ёму Р.т., якія разлічваюцца ў супастаўных цэнах. Калі за 100% фіз. аб’ёму Р.т. ў Рэспубліцы Беларусь лічыць Р.т. 1990, то ў 1995 Р.т. склаў 43,1%, а ў 1999—92,5%. За апошняе дзесяцігоддзе значна вырасла роля недзярж. прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання: калі ў 1990 іх уклад у агульны Р.т. у Рэспубліцы Беларусь складаў 34,2%, то ў 1999—73,1%.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.​А.​Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.​П.​Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.

Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.​Х.​Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.

С.​Х.​Александровіч.

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),

1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.

2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПРАДУ́КТ (ВНП),

эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна ​2/3 ад узроўню 1990.

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,

цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТЫ́РА (лац. satira ад больш ранняга satura сумесь),

вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з’яў, выкрыццё заган; эмацыянальна-эстэт. форма крытыкі; від камічнага. Адрозніваецца ад гумару асуджальным пафасам, рэзка негатыўнай ацэнкай аб’екта асмяяння. Характарызуецца паліт. злабадзённасцю, тэндэнцыйнасцю, публіцыстычнай накіраванасцю. Рэалізуецца ў розных відах мастацтва: выяўл. (карыкатура, шарж), т-ры і кіно (сатыр. камедыя) і інш., найб. пашырана ў л-ры. У Стараж. Рыме С. наз. асобны жанр лірыкі, у якім выкрываліся паліт., грамадскія і літ. з’явы (Гарацый, Ювенал). Пазней паняцце «С.» пашырылася на творы інш. жанраў. Асн. жанры С.: эпіграма (Марцыял, Г.​Лесінг, Р.​Бёрнс, А.​С.​Пушкін), сатыр. камедыя (Арыстафан, Мальер, Б.​Брэхт, А.​С.​Грыбаедаў), памфлет (Эразм Ратэрдамскі, Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Вальтэр), фельетон (Г.​Гейнэ, М.​Булгакаў, М.​Зошчанка). С. як эстэт. катэгорыю ўпершыню разглядаў Ф.​Шылер, які разумеў пад гэтым паняццем усе праявы камічнага. Размежаванне С. і гумару як процілеглых відаў камічнага вызначалася ў эстэтыцы рамантызму (Жан Поль). Г.​Гегель адмаўляў маст. вартасць С. У сав. эстэтыцы і літаратуразнаўстве С. як грамадска актыўная праява камічнага лічылася яго найвышэйшай формай (Ю.​Б.​Бораў, А.​З.​Вуліс, Дз.​П.​Нікалаеў, Я.​Я.​Эльсберг). М.​М.​Бахцін лічыў С. літ. з’явай Новага часу, не ўласцівай літаратуры папярэдніх эпох і нар. культуры. У бел. л-ры элементы С. адзначаюцца з 16—17 ст. («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя творы С. Зізанія, Л.​Карповіча, Хрыстафора Філалета). Да С. звярталіся В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас, К.​Каганец, У.​Галубок, А.​Мрый, М.​Танк, Н.​Гілевіч, Р.​Барэдулін і інш.; С. вызначае асн. кірунак творчасці К.​Крапівы, А.​Макаёнка, У.​Корбана і інш. Праблемы С. даследуюцца на Беларусі пераважна ў межах літаратуразнаўства (Дз.​Я.​Бугаёў, Л.​М.​Гарэлік, Я.​Казека, Я.​К.​Усікаў), мастацтвазнаўства (Ю.​М.​Сохар, В.​Ф.​Шматаў), фалькларыстыкі (А.​С.​Фядосік).

Літ.:

Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974;

Жан Поль. Приготовительная школа эстетики: Пер. с нем. М., 1981;

Гарэлік Л.М. Сатыры слова гнеўнае: Некаторыя асаблівасці бел. сав. сатырыч. паэзіі. Мн., 1989;

Пропп В.Я. Проблемы комизма и смеха. 2 изд. СПб., 1997.

Л.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.

Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.

На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн. руб. Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.

Літ.:

Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;

Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.

В.​С.​Булко.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)