КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),

хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст. значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.​А.​Моцарта, А.​Скарлаці, Дж.​Расіні, Л.​Дэліба, Дж.​Вердзі, М.​Глінкі, М.​Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.​Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.​Аляксеевай, Н.​Гайды, М.​Гулегінай, Н.​Гусельнікавай, Л.​Златавай, Л.​Колас, Д.​Кроз, Т.​Кучынскай, Г.​Лукомскай, Л.​Лют, Т.​Ніжнікавай, Т.​Пастунінай, А.​Шведавай, К.​Ясінскай і інш.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НЦЬЕЎ Валерый Якаўлевіч (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),

расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.​Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙБАРАДА Георгій Іларыёнавіч (1.12.1913, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.12.1992),

украінскі кампазітар, педагог. Брат П.І.Майбарады. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1941, клас Л.Равуцкага), у 1952—58 выкладаў у ёй. У 1962—69 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, у 1967—69 — Саюза кампазітараў Украіны. Працаваў у розных муз. жанрах. Многія творы героіка-патрыят. тэматыкі. Сярод твораў: оперы «Мілана» (паст. 1957), «Арсенал» (паст. 1960), «Тарас Шаўчэнка» (паст. 1964), «Яраслаў Мудры» (паст. 1973); вак.-сімф. — кантата «Дружба народаў» (1948), паэма «Запарожцы» (1954); сімфоніі (1940, 1952, 1976, 1984); канцэрты для голасу (1969), для скрыпкі (1977) з арк.; сімф. паэмы «Лілея» (1939), «Каменяломы» (1941), «Гуцульская рапсодыя» (1949), сюіта «Кароль Лір» (1959); 30 хароў a cappella; вак. цыклы і рамансы (больш за 50), апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1963, 1983.

Г.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РКУРЫ, Мерк’юры (Mercury) Фрэдзі

[сапр. Балдасар (Baldassar) Фарух; паводле інш. звестак Балсара (Bulsara) Фрэдэрык; 5.9.1946, в-аў Занзібар, Танзанія — 24.11.1991],

англійскі рок-музыкант, кампазітар, спявак. З 1969 у Лондане, скончыў мастацкі каледж. Яго творчая індывідуальнасць фарміравалася пад уплывам зараастрызму. З 1970 саліст рок-групы «Смайлз», перайменаванай у 1971 у «Куін». Садзейнічаў развіццю рок-музыкі (пераважна меладычнага стылю). Валодаў голасам прыгожага тэмбру, вак. майстэрствам (выступаў з М.Кабалье). Яго кампазіцыі вылучаюцца маштабнасцю, маляўнічымі аранжыроўкамі, прыгажосцю вак. шматгалосся; у іх відавочны ўплыў класічнай музыкі. Удзельнічаў у запісах 24 альбомаў (часткова ў відэаверсіях), у т. л. аднаго з узораў сусв. рок-музыкі «Ноч у Оперы» (1975), дзе канчаткова акрэсліўся стыль групы — сінтэз рок-музыкі і оперы. Сусв. вядомасць набыла песня «Багемская рапсодыя», відэаверсія якой паклала пачатак мастацтву відэакліпа. Паводле волі М. правы на «Багемскую рапсодыю» перададзены фонду барацьбы са СНІД.

Літ.:

Скай Р. Фредди Меркьюри: Пер. с англ. М., 1993.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСКО́ Эміль Вікенцьевіч (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розных муз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.​Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.​Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.​Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.​Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987); камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.​Міцкевіча, Р.​Барадуліна, У.​Някляева, А.​Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ГНІЎЦАЎ Аляксандр Паўлавіч (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокая муз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.​Брытэна), Генерал («Гулец» С.​Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.​Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).

Літ.:

Шпиллер Н. А.​Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.

А.П.Огніўцаў.
А.Огніўцаў у ролі Барыса Гадунова.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙЗЕН Марк Восіпавіч (3.7.1895, с. Зайцава Сінельнікаўскага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 25.11.1392),

расійскі спявак (бас), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1937). Вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі (1917—18). З 1921 у Харкаўскім оперным т-ры. З 1925 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, у 1930—54 — Вял. т-ра. У 1965—70 заг. кафедры ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1967 праф.). Валодаў моцным голасам рэдкай прыгажосці і шырокага дыяпазону. Выконваў усе вядомыя басовыя партыі з рус. опер. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Тонкі інтэрпрэтатар камернай лірычнай музыкі. Удзельнічаў у выкананні вак.-сімф. твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Дж.​Вердзі. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951.

Літ.:

М.​Рейзен: Автобиогр. записки;

Статьи. Воспоминания. 2 изд. М., 1986.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕНКА Ганна Васілеўна (н. 23.2.1927, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). У 1952—82 салістка (нізкі альт) Дзярж. нар. хору БССР. Тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх нар. песень. Выступала ў складзе вак. актэта, у дуэце з М.Адамейка.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУКСТ Рыгор Канстанцінавіч (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.​Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, у 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.​Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.​Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.​Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, А.​Пушкіна, А.​Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.​Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.​Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел. нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Г.​К.​Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Р.К.Пукст.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕЛІЁВІЧ Леў Майсеевіч (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.

Тв.:

4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф. арк.;

канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.​Шастаковіча (1976) з сімф. арк.;

арыя для скрыпкі і камернага арк.;

санаты;

фп. цыкл «Фрэскі»;

паэма для голасу з фп.;

зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Ф.​Цютчава, Р.​Бёрнса, А.​Пушкіна;

«Партызанскія балады» на вершы А.​Астрэйкі, М.​Танка, У.​Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;

хары, песні, музыка да радыёспектакляў.

Літ.:

Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.

Р.​М.​Аладава.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)