РЭ́ЙЗЕН (Марк Восіпавіч) (3.7.1895, с. Зайцава Сінельнікаўскага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 25.11.1392),

расійскі спявак (бас), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1937). Вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі (1917—18). З 1921 у Харкаўскім оперным т-ры. З 1925 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, у 1930—54 — Вял. т-ра. У 1965—70 заг. кафедры ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1967 праф.). Валодаў моцным голасам рэдкай прыгажосці і шырокага дыяпазону. Выконваў усе вядомыя басовыя партыі з рус. опер. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Тонкі інтэрпрэтатар камернай лірычнай музыкі. Удзельнічаў у выкананні вак.-сімф. твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Дж.​Вердзі. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951.

Літ.:

М.​Рейзен: Автобиогр. записки;

Статьи. Воспоминания. 2 изд. М., 1986.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)