ЛІСТАВЁРТКІ (Tortricidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах Азіі. На Беларусі 240 відаў, найб. трапляюцца Л. дубовая зялёная (Tortrix viridana), пладажэрка яблыневая (гл. Пладажэркі), парасткаўюны і інш. Многія віды — шкоднікі лесу, саду, с.-г. культур.

Размах крылаў 8—40 мм (звычайна 10—25 мм), пярэднія крылы рознай афарбоўкі, заднія шэрыя або бурыя. Лічынкі (вусені) даўж. да 20 мм, зеленаватыя, карычневыя або жаўтаватыя, жывуць у скручаных лісцях (адсюль назва), праточваюць хады ў каранях, пад карой, у парастках, пладах, суквеццях, шышках, дзе і акукліваюцца.

А.М.Літвінава.

Ліставёрткі: 1 — дубовая зялёная; 2 — парасткаўюн зімуючы (а — самка матыля; б — вусень; в — пашкоджанае лісце, парастак).

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗЯ́НКА (Coronella austriaca),

неядавітая змяя сям. вужовых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўразіі. Жыве на ўзлесках, высечках, у хмызняках, зрэдку на лугах; у гарах — да выш. 2500 м. На Беларусі рэдкая, часцей трапляецца ў паўд. і зах. раёнах, у т. л. ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 80 см, у т. л. хваста да 12 см. Спіна шэрая, шэра-бурая або (асабліва ў самцоў) медна-чырв., чырв. (адсюль назва), з 2—4 радамі буйных папярочных цёмных плямак. Брушка шэра-бурае, аранжавае або чырвонае. На шыі 2 кароткія бурыя палосы, злучаюцца на патыліцы. Характэрны цёмная паласа ад ноздры праз вока да кутка рота, круглая зрэнка. Корміцца насякомымі, яшчаркамі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Яйцажывародная.

Мядзянка.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЙ (Bryum),

род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (B. capillare), дзірваністы (B. caespiticium), няправільнатрохгранны (B. pseudotriquertrum) і серабрысты (B. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (B. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.

Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ-БАРА́Н,

грыфала кучаравая, губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.

Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАА́РАВЫ КАЗЁЛ, барадаты казёл (Capra aegagrus),

парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.

Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Безааравы казёл: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬСКАПАДЛЯ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bialskopodlaskie),

ва ўсходняй ч. Польшчы. Мяжуе з Беларуссю. Пл. 5348 км², нас. 306,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц.г. Бяла-Падляска. На Пд і З Паўднёва-Польская нізіна з марэннай Сядлецкай раўнінай (да 186 м) і водна-ледавіковая Лукаўская раўніна. Астатняя частка ў межах Зах. Палесся. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4,2 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 550 мм за год. Гал. рэкі — Буг і яго левы прыток Кшна, канал Вепш—Кшна (140 км). Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам 22% тэрыторыі. Гаспадарка аграрная. С.-г. ўгоддзі займаюць 69% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, коней. Асн. галіны прам-сці — харч., дрэваапр., тэкст., швейная, машынабудаванне і вытв-сць буд. матэрыялаў. Найб. прамысл. цэнтры: Бяла-Падляска, Мяндзыжац-Падляскі, Парчаў, Радзынь-Падляскі.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГІ (Somateria),

род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.

Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).

Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́НКА; малінаўка (Erithacus rubecula), птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, цэнтр. абласцях Зах. Сібіры, на Каўказе. Жыве ў мяшаных і хвойных лясах, садах і парках. На Беларусі звычайны пералётны від.

Даўж. цела 14—16 см, маса 16—20 г. Апярэнне мяккае, рыхлае. У дарослых спіна, крылы і хвост аліўкава-шэрыя, брушка белае, лоб, шчокі, гарляк, грудзі цагляна-рыжыя. Маладыя птушкі зверху цёмна-бурыя з вохрыстымі стракацінамі, бруха жаўтавата-вохрыстае з цёмнымі крапінамі. Гнёзды будуе з сухога лісця, травы, поўсці і інш. ў шчылінах ствалоў, на зямлі. Нясе 6—7 яец двойчы за год. Корміцца пераважна насякомымі. Зімуе на Пд да Егіпта, у Зах. Еўропе, М. Азіі, на З да Пакістана.

Публікаваў казкі, легенды, паданні (рубрыка «Працы нашых чытачоў»), гумарыст. творы (рубрыка «Куток смеху»), Меў таксама рубрыку «Загадкі і круцігалоўкі». Выйшла 15 нумароў (асобныя здвоеныя).

Літ.:

Войцікава Л. (Зоська Верас). [Заранка] // Полымя. 1968. № 4.

А.С.Ліс.

Заранка: 1 — дарослая, 2 — птушаня.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województvo Kaliskie),

адм.-тар. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Пл. 6512 км², нас. 718 тыс. чал., гарадскога 47% (1992). Адм. ц.г. Каліш. Найб. гарады: Остраў-Велькапольскі, Кратошын, Яроцін, Астжэшаў, Плешаў, Кемпна. Больш. ч. тэрыторыі ваяводства займае Калішскае ўзв., на Пн размешчана Велікапольская нізіна, на Пдусх. ч. Тшабніцкай грады (выш. да 284 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рэкі — Просна, Барыч, Відава (бас. р. Одра). Глебы пераважна мала- і сярэднеўрадлівыя (падзолістыя і бурыя), у далінах рэк алювіяльныя. Лясы займаюць 23% тэр. (хвоя, бук, дуб). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (металарэзныя станкі, машыны і абсталяванне для спажывецкай прам-сці), тэкст. (шаўковыя, трыкат., дэкар. тканіны), швейная, харч. (харч. канцэнтраты, цукар, пладова-агароднінныя кансервы), дрэваапр. і буд. матэрыялаў. С.-r. ўгоддзі займаюць 68% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, сланечнік, пшаніцу, агародніну, кветкі. Гадуюць свіней.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЧКІ (Sternidae),

сямейства птушак атр. сеўцападобных. 10 родаў, 43 віды. Пашыраны ўсюды. Жывуць на водмелях, вадаёмах, якія зарастаюць, некаторыя трапічныя К. (роды Anous і Cygis) — на кустах і дрэвах. К. палярная (Sterna paradisaea) робіць самыя далёкія сярод усіх вандруючых жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс. км. На Беларусі 6 відаў; найб. пашыраная — К. чорная (Chlidonias nigra), самая вял. па памерах — К. чаграва (Hydroprogne caspia), К. белашчокая (Ch. hybridus), К. белакрылая (Ch. leucoptera), К. рачная (S. hirundo), К. малая (S. albifrons). 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП, К. малая — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. да 55 см, размах крылаў да 135 см, маса да 700 г. Крылы доўгія, вузкія. хвост вілападобны. дзюба доўгая, простая. Ногі кароткія Афарбоўка ў асн. белая, з шызай мантыяй і чорнай шапачкай, некаторыя цалкам або зверху бурыя. Трымаюцца чародкамі. Кормяцца дробнымі жывёламі. Гняздуюцца калоніямі. Нясуць да 4 яец.

Крачкі: 1 — чорная; 2 — чаграва; 3 — белакрылая; 4 — малая.

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)