Бурыя водарасці 2/482; 3/140, 144—145 (укл.); 9/537

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Phaeophyta),

аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.

Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫЯ ЛЯСНЫ́Я ГЛЕ́БЫ, буразёмы,

тып глебы, які ўтвараецца пад шыракалістымі, мяшанымі, радзей хвойнымі лясамі ва ўмовах умерана цёплага вільготнага клімату. Належаць да аўтаморфных глеб. Асн. падтыпы: тыповыя, ападзоленыя, глеевыя, ападзоленыя глеевыя. Пашыраны на Каўказе, Д.Усходзе, у Еўропе, Кітаі, ЗША; на Беларусі трапляюцца невял. ўчасткамі сярод дзярнова-палева-падзолістых глеб, часцей у Брэсцкай і Гродзенскай абл.

Характарызуюцца назапашваннем вокіслаў жалеза (адсюль бурая афарбоўка), слабай дыферэнцыяцыяй профілю, працэсамі аглінення, камякаватай ці арэхападобнай структурай, магутным (да 20—30 см) гумусавым гарызонтам, высокай урадлівасцю. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых і агароднінных культур, соі, пад вінаграднікі і інш.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шэра-бурыя пустынныя глебы

т. 18, кн. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЗЁМЫ,

тое, што бурыя лясныя глебы.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.

Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.

Няпарны шаўкапрад: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень на лісці дуба; 4 — кукалка.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВО́Е РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Віцебскім р-не, каля в. Пушча, каля кальцавой дарогі. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі паазерскага ледавіка. Гліны бурыя, чырвона-бурыя і карычневыя, шчыльныя, вязкія, высокапластычныя, з тонкімі пясчанымі праслойкамі і ўключэннямі жвіру. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,2 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,1—3,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць керамзітавага жвіру.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЯЗДО́ЎНІК (Neottia),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы і Азіі. На Беларусі зрэдку трапляецца гняздоўнік звычайны, або сапраўдны (N. nidus-avis). Расце ў цяністых хвойных і мяшаных лясах. Сапратроф. Цвіце ў маі—чэрвені.

Шматгадовыя жаўтавата-бурыя травяністыя расліны з тоўстым голым узыходным сцяблом выш. да 50 см. Карэнішча кароткае, з мясістымі каранямі, якія ўтвараюць шчыльнае спляценне накшталт птушынага гнязда (адсюль назва). Лісце сядзячае, лускападобнае, без хларафілу. Кветкі жаўтавата-бурыя, з адтапыранай двухраздзельнай верхняй губой, з мядовым пахам, сабраныя ў шматкветную доўгую гронку. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. (проціглісны сродак) расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАЛІ́ТЫ [ад лац. humus зямля + ...літ(ы)],

група выкапнёвых вуглёў, якія ўтварыліся пераважна з прадуктаў пераўтварэння рэшткаў вышэйшых раслін у балотных умовах. Разнастайныя паводле мікракампанентнага і хім. саставаў, фіз. і тэхнал. уласцівасцей. Падзяляюцца на бурыя, каменныя вуглі і антрацыты.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСЫ́ ПЕ́ЛЕ (ад імя Пеле — багіні агню ў стараж. гавайцаў),

тонкія бурыя ніткі вулканічнага шкла, якія ўтвараюцца ў выніку ўздзеяння моцных патокаў газаў і вятроў на фантаны вельмі вадкай лавы. Характэрныя для вывяржэнняў вулканаў на Гавайскіх а-вах. Назіраліся пры вывяржэннях Талбачынскай сопкі на Камчатцы.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)