МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ХНЕР ((Büchner) Георг) (17.10.1813, Годэлаў, каля г. Рыдштат, Германія — 19.2.1837),
нямецкі пісьменнік і паліт. дзеяч. Брат Л.Бюхнера. Вучыўся ў Страсбурскім і Гісенскім (1831—34) ун-тах. У 1834 стварыў тайную арг-цыю «Таварыства правоў чалавека», выпусціў брашуру-пракламацыю «Пасланне гесенскім сялянам», але быў вымушаны пераехаць у Швейцарыю. Яго маст. творы нясуць адбітак рэв. і дэмакр. настрояў. У цэнтры драмы «Смерць Дантона» (1835) супярэчнасці франц. рэвалюцыі. Традыцыі У.Шэкспіра, К.Гоцы, ням. рамантыкаў відавочныя ў камедыі «Леонс і Лена» (нап. 1836) — сатыры на двары дробных ням. князькоў. У драме «Войцэк» (1836, не скончана, выд. 1879; опера А.Берга «Воцэк», 1925), адлюстраваў духоўнае і фізічнае разбурэнне асобы. Навела «Ленц» (выд. 1839, не скончана) пра ўдзельнікаў руху «Бура і націск» Я.Ленца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦІС ((Lācis) Віліс) (12.5.1904, с. Рынужы, цяпер у межах г. Рыга — 6.2.1966),
латышскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Вучыўся ў Барнаульскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). У 1940—46 старшыня Саўнаркома, у 1946—59 — Савета Міністраў Латвіі. Друкаваўся з 1921. Увёў у лат. л-ру самабытнага, валявога героя — шукальніка праўды, носьбіта лепшых якасцей прац. народа: трылогія «Бяскрылыя птушкі» (1931—33), раманы «Сын рыбака» (т. 1—2, 1933—34), «Старое марацкае гняздо» (1935—37, перапрацаваны варыянт «Сям’я Зітараў», 1955) і інш. Аўтар раманаў «Да новага берага» (1950—51, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Страчаная бацькаўшчына» (1953), аповесці і п’ес пра Вял.Айч. вайну «Кавалі будучыні» (1942), «Нявестка» (1943), «Перамога» (1945), рамана-эпапеі «Бура» (1945—48, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Многія творы Л. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя творы пераклалі Я.Скрыган, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ (сапр.Вервіцыёці) Аляксандр Паўлавіч
(13.10.1847, Кішынёў — 26.10.1908),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог і тэарэтык т-ра. На прафес. сцэне з 1865. У 1876—1908 у маскоўскім Малым т-ры (у 1882—84 у Александрынскім т-ры). З 1888 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. Адзін з заснавальнікаў Новага т-ра (філіял Малога т-ра), у 1898—1903 узначальваў у ім драм. трупу. Імкнуўся да перадачы рэаліст. шматграннасці і гіст. дакладнасці характарыстыкі персанажа, да спалучэння творчага натхнення з высокай сцэн. тэхнікай. Сярод роляў: Петручыо, Гамлет, Атэла, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы», «Гамлет», «Атэла», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.Гуцкава), Чацкі і Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Паратаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Сталбцоў, Дзямурын («Новая справа» і «Цана жыцця» У.Неміровіча-Данчанкі). У Новым т-ры паставіў спектаклі: «Рэвізор» М.Гогаля, «Казьма Захар’іч Мінін-Сухарук» і «Снягурка» Астроўскага; у Малым т-ры — «Рамэо і Джульета», «Бура» Шэкспіра, «Без віны вінаватыя» Астроўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРО́НКлаўдзій Друз Германік Цэзар
(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),
старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б.ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.Мантэвердзі, Г.Ф.Гендэля, А.Рубінштэйна і інш.
Літ.:
Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат.М., 1993;
Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;
Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРЫ́Ў,
стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.
Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл.Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл.Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).
Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫД ((Reid) Томас Майн) (4.4.1818, Баліроні, Ірландыя — 22.10.1883),
англійскі пісьменнік. З 1838 жыў у ЗША, займаўся журналістыкай. У 1849 вярнуўся ў Еўропу. Першы раман «Вольныя стралкі» (т. 1—2, 1850) пра нац.-вызв. рух у Мексіцы. Аўтар авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Белы правадыр» (т. 1—3, 1855), «Квартэронка» (т. 1—3, 1856), «Ацэола, правадыр семінолаў» (1858), «Коннік без галавы» (т. 1—2, 1866, экранізаваны 1972), «Смяротны стрэл» (т. 1—3, 1873) і інш., у якіх жыццё, побыт і норавы амер. Поўдня, трагічны лёс амер. індзейцаў і неграў. У трылогіі «У нетрах Паўднёвай Афрыкі, або Прыгоды бура і яго сям’і» (1856), «Юныя паляўнічыя» (1857), «Паляўнічыя на жырафаў» (т. 1—3, 1867), дылогіі «Паляўнічыя на расліны» (1857) і «Паўзуны па скалах» (1864) адлюстравана прырода экзатычных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Яго творы прасякнуты гуманіст. пафасам, непрыманнем расізму і сац. ўціску, адметныя рэзкім размежаваннем персанажаў на герояў і антыгерояў, спалучэннем рамант. тэндэнцый з рэаліст., з дакументальнасцю і выразным дэтэктыўным элементам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́Р ЕЎРАПЕ́ЙСКІ (Anguilla anguilla),
рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.
Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч. жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.
Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Аляксей Анатолевіч) (н. 2.2.1957, Мінск),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл.т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел.АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.Слепаковай паводле Ш.Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1987), «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.Барышава (1993), «Ганэле» Г.Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ЕЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 7.8.1958, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца лірычных, драм., трагікамедыйных роляў. Мастацтва М. адметнае шчырасцю, арганічнасцю, вытанчанай пластыкай, вострай гратэскнай формай у спалучэнні з глыбокім спасціжэннем псіхалогіі сцэн. характару, імправізацыйнасцю. Найб. значныя ролі: Адуванчык («Радавыя» А.Дударава, Дзярж. прэмія СССР 1985), Мікіта Зносак («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992), Норман («Касцюмер» Р.Харвуда), Гаральд («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.-К.Кар’ера), Іван («Арт» Я.Рэзы ў Малым т-ры). З інш. роляў: Мікіта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Ян Губач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Арыэль («Бура» У.Шэкспіра), Валерыо («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Валер, Пурсаньяк («Тарцюф», «Нежанаты мнагажэнец, або Залёты лана дэ Пурсаньяка» Мальера), Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Фядоцік («Тры сястры» А.Чэхава), Юрка («Характары» паводле В.Шукшына), Генрых («Дракон» Я.Шварца), Фёдар («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема), Апаліён («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Ён («Кантрабас» П.Зюскінда ў Мінскім т-ры пад кіраўніцтвам Р.Таліпава). Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні: «Людзі на балоце», «Давай пажэнімся», «Чужая бацькаўшчына», «Ідзі і глядзі» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.