ВЕ́НЦЛАВА

(Venclova) Антанас (7.11.1906, в. Трэмпіняй Марыямпальскага р-на, Літва — 28.6.1971),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1954). Нар. пісьменнік Літвы (1965). Скончыў Каўнаскі ун-т (1932). Дэбютаваў экспрэсіяністычнымі вершамі (зб. «У змрочных завулках», 1926). Пазней усталяваўся прамоўніцкі тып верша, дзе лёс індывіда неаддзельны ад лёсу краіны (зб-кі «Там, дзе яблыня высокая», 1945; «Маладосць краіны», 1948; «Выбранае», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952). Найб. лірызмам, эмацыянальнасцю вызначаецца зб. «Вячэрняя зорка» (1971). Аўтар раманаў «Дружба» (1936), «Дзень нараджэння» (1959, Дзярж. прэмія Літвы 1960), зб. апавяданняў «Ноч» (1939), мемуарнай трылогіі «Рака вясны», «Адкрыццё маладосці», «Бура ў поўдзень» (1964—69). Пераклаў на літ. мову вершы Я.Купалы, П.Броўкі, М.Танка. На бел. мову вершы Венцлавы перакладалі С.Дзяргай, А.Разанаў, М.Танк і інш. («Галасы сяброў», 1958; «Літоўская савецкая паэзія», 1977, т. 1), празаічныя творы — А.Пальчэўскі («Літоўскія апавяданні», 1957).

Тв.:

Raštai T. 1—13. Vilnius, 1965—77;

Бел. пер. — Дзень нараджэння. Мн., 1961.

А.П.Лапінскене.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)