ФА́БРЫ (Fábri) Зольтан (15.10.1917, Будапешт — 1984),
венгерскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Венгрыі (1965). Скончыў Будапешцкую тэатр. акадэмію (1941). У 1941—44 акцёр і рэж. Нац. т-ра, у 1949 кіраўнік т-ра юнага гледача (Будапешт). У 1952 дэбютаваў як кінарэжысёр (фільм «Бура»). Ствараў разнастайныя па жанрах і стылях фільмы, у якіх разглядаў асобу ў сувязі з гіст. і сац. асяродкам: «Карусель» (1956), «Спадар настаўнік Ганібал» [1956, прыз Міжнар. кінафестывалю (Мкф) у Карлавых Варах], «Ганна Эйдэш» (1958), «Два таймы ў пекле» (1961), «Дваццаць гадзін» (1965, прызы Мкф у Маскве, Венецыі), «Пасля сезона» (1966, прыз Мкф у Венецыі), «Пятая пячатка» (1976, гал. прыз Мкф у Маскве), «Венгры» (1978), «Рэквіем» (1982), «Прыходзьце на мае імяніны» (1984) і інш. Выступаў як сааўтар сцэнарыяў і мастак сваіх фільмаў, тэатр. сцэнограф, кніжны графік. Яго творчасці прысвечаны фільм «Зольтан Фабры» (1980). Дзярж. прэміі Венгрыі 1953, 1955, 1970.
Літ.:
Гершкович А. Золтан Фабри. М., 1969.
т. 16, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)