Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ ПРА́ЦЫ»,
газета. Выдавалася з 3.2 да 26.5.1934 у Вільні на бел. мове Бел. нацыяналістычнай сябрынай (БНС). Друкавала заклікі, дакументы і праграмы БНС па пытаннях нац. адраджэння, барацьбы з голадам, хваробамі і інш. Мела рубрыкі: «Апошнія весткі», «Хроніка», «Адказы», «Аб’явы». Выйшла 5 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
заходнебеларускі літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выйшаў 1 нумар у 1936 у Вільні на бел. мове. Рэдактар В.Тумаш. Меў на мэце кансалідацыю маладых літ. і навук. сіл на грунце нац. ідэі. Ухваляў намаганні розных арг-цый (Т-вабел. школы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры і інш.) у барацьбе за бел. школу, асвятляў стан і задачы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (арт. «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці» М.Шкялёнка, «Ці існуе крызіс беларускага руху?» В.Грышкевіча), знаёміў з гісторыяй бел. летапісаў, у т. л. з уключанымі ў іх аповесцямі і апавяданнямі (Я.Станкевіч). Змясціў артыкулы Р.Шырмы «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі» (пра творчасць кампазітара К.Галкоўскага), С.Станкевіча пра стан бел. паэзіі 1920-х г., маст. творы А.Александровіча, М.Васілька, П.Галавача, Х.Ільяшэвіча, М.Машары, М.Танка, а таксама хроніку культурнага жыцця ў Зах. Беларусі і БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ КАЛГА́СНАЯ»,
штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1932 у Мінску на бел. мове Аб’яднаннем пралетарска-калгасных пісьменнікаў Беларусі. Меў на мэце выхоўваць новых пісьменнікаў з асяроддзя калгаснага сялянства. Друкаваў творы пра сацыяліст. перабудову вёскі, жыццё калгасаў, саўгасаў, МТС. Сярод аўтараў Я.Купала, П.Броўка, А.Куляшоў, К.Чорны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган і інш. Выйшла 8 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫВЕ́БЕЛАРУ́СЬ!»,
часопіс. Орган Саюза беларускай моладзі (СБМ). Выдаваўся пры падтрымцы акупац. улад у ліп. 1943 — жн. 1944 у Мінску на бел. мове. Асвятляў мэты і задачы арг-цыі, палажэнні арганізац. і страявога статута СБМ, інфармаваў пра семінары, нарады і інспекцыйныя паездкі кіраўнікоў СБМ. Сярод публікацый нарысы па гісторыі Беларусі, вершы і песні бел. аўтараў, антысав. і антысеміцкая публіцыстыка. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
літаратурна-навуковы альманах; орган Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве. Выйшаў 1 нумар у 1922 у Мінску на бел. мове. Ініцыятар выдання Бел.культ.-навук. асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Праводзіў ідэю беспартыйнасці бел.нац. студэнцкага руху і бел. адраджэнскай думкі. Змясціў артыкулы «На новы шлях» Г.Гарэцкага, «Беларуская культурна-нацыянальная справа ва Усходняй Беларусі» П.Любецкага (П.Каравайчыка), «Стварэнне беларускай народнасці» А.Функа, «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» П.Растаргуева, «Шырэй крокі» З.Жылуновіча (Ц.Гартнага) і інш., маст. творы З.Бядулі, Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, Я.Журбы, М.Чарота. Забаронены ў лют. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел.рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВКБССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНКБССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.Булат, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.Ігнатоўскі, М.Кудзелька (М.Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач, 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.Бабарэкі, Я.Бобрыка, П.Броўкі, З.Бядулі, А.Вечара, А.Вольнага, М.Гарэцкага, У.Дубоўкі, А.Дудара, М.Зарэцкага, Я.Коласа, К.Крапівы, А Куляшова, Я.Купалы, М.Лынькова, Я.Пушчы, Л.Родзевіча, П.Труса, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел.нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел.нац.к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
бел. грамадска-паліт.арг-цыя ў 1917—19. Створана ў маі 1917 пры Мінскім настаўніцкім інстытуце, пераведзеным у г. Яраслаўль, на базе вучнёўскай арг-цыі эсэраўскага кірунку «Наш край». У пачатку дзейнасці арыентавалася на праграму Беларускай сацыялістычнай грамады, з чэрв. 1919 кіраўнік «М.Б.» У.М.Ігнатоўскі завочна выбраны ў склад яе ЦК. У 1917—18 падтрымлівала сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, праводзіла культ.-асв. работу сярод бел. бежанцаў. Пасля вяртання ін-та ў Мінск у ліст. 1918 увайшла ў склад партыі бел. эсэраў (БПС-Р). Восенню 1919 выступала за ўзбр. барацьбу супраць польскіх акупантаў у саюзе з бальшавікамі. У снеж. 1919 большасць радыкальна настроеных членаў «М.Б.» выйшла з БПС-Р і ў студз. 1920 стварыла Беларускую камуністычную арганізацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.
3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел.нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.
2) А.Навіны (А.Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.Новіча (А.Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.Гмырака, цыклы вершаў А.Паўловіча, Ф.Чарнышэвіча, А.Гурло, Я.Журбы, А.Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.