БАТМАГЕНЕ́З (ад грэч. bathmos ступень + ...генез),

эвалюцыйная канцэпцыя, паводле якой у аснове прагрэс. развіцця жывых арганізмаў ляжыць унутр. імкненне да самаўдасканалення — «сіла росту», або батмізм. Дзеянне гэтага ўнутр. фактару накіроўваецца, на думку аўтара батмагенезу амер. палеантолага Э.​Д.​Копа (1871), вонкавымі ўплывамі, намаганнямі, што выклікаюцца патрэбнасцю, а таксама неўсвядомленым або свядомым выбарам. Менавіта свядомы выбар на аснове «сілы росту» ўласцівы, паводле батмагенезу, усяму жывому, стварае новыя адаптацыі арганізмаў, а натуральны адбор толькі захоўвае або знішчае іх. Канцэпцыя батмагенезу аўтагенетычная, падобная да вучэння Ж.Б.Ламарка і ляжыць у аснове псіхаламаркізму. Гл. таксама Неаламаркізм.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГЕНЕ́З (ад ала... + ...генез),

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.

Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЛІ́ФЫ,

выкапнёвыя сляды жыццядзейнасці арганізмаў на паверхні або ўнутры асадкавых парод. Да біягліфаў адносяцца сляды жыўлення, перамяшчэння арганізмаў, іх норы, хады, зробленыя ў рыхлым (напр., чарвямі, малюскамі) ці шчыльным скалістым (двухстворкамі-каменяточцамі) грунце, на рэштках жывёл і раслін (губкамі, чарвямі, водарасцямі, грыбамі) і інш. На тэр. Беларусі біягліфы адзначаны ў адкладах кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры і мелу. У пясчана-гліністых і карбанатных пародах выяўлены хады чарвей, малюскаў, на міжслаявых паверхнях — сляды поўзання беспазваночных. Біягліфы выкарыстоўваюцца ў геал. даследаваннях для вызначэння ўмоў утварэння асадкавых парод. Вывучае біягліфы палеаіхналогія.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),

аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз. алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),

навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАІХНАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. ichnos след + ...логія),

навука аб слядах жыццядзейнасці выкапнёвых арганізмаў (біягліфах, капралітах), што захаваліся ў асадкавых адкладах; раздзел палеанталогіі. Па слядах жыццядзейнасці вызначаюцца прыналежнасць арганізмаў да розных груп, шляхі іх узнікнення і ператварэння, абставіны пражывання ў геал. мінулым, умовы пахавання і намнажэння рэшткаў. Звязана з палеабіягеаграфіяй, палеаэкалогіяй, тафаноміяй. Даныя П. выкарыстоўваюцца пры палеагеагр. рэканструкцыях. На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Найб. вывучаны біягліфы асадкавых парод кембрыю, сілуру, дэвону і мелу.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.

хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасці інфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў у выніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМАРФІ́Я (ад іза... + грэч. morphe від, форма),

незалежнае з’яўленне аднолькавых марфал. прыкмет у прадстаўнікоў розных груп арганізмаў, аддаленых паміж сабой паводле паходжання. Гл. таксама Гамалогія.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ЭВАЛЮ́ЦЫЯ,

форма эвалюцыі групы арганізмаў, звязаная з рэзкім пераходам яе з адной адаптыўнай зоны ў другую; канцэпцыя, якая тлумачыць высокія тэмпы эвалюцыі пры фарміраванні буйных таксонаў. Тэрмін уведзены амер. біёлагам Дж.​Сімпсанам (1944). У выніку К.э. пры пасрэдніцтве жорсткага натуральнага адбору зыходная група арганізмаў страчвае прыстасаванасць да былой адаптыўнай зоны, потым або пераадольвае няўстойлівы стан («неадаптыўная фаза», «інтэрвал няўстойлівасці») і развівае комплекс прыстасаванняў да новай адаптыўнай зоны, або вымірае. К.э. тлумачыць выбуховы характар эвалюцыі многіх буйных груп арганізмаў, якія нечакана дасягалі бурнага росквіту. Напр., утварэнне ў пачатку трацічнага перыяду вял. раўнін і з’яўленне травяністых пакрытанасенных раслін, асабліва злакаў, садзейнічала прагрэсіўнай змене будовы зубной сістэмы, чэрапа, канечнасцей у капытных млекакормячых, што прывяло да рэзкага павелічэння іх колькасці, разнастайнасці форм і паўсюднага рассялення. Канцэпцыя К.э. падпадае пад сумненне многіх вучоных, якія лічаць больш верагодным паступовае асваенне арганізмамі новага навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Симпсон Дж.Г. Темпы и формы эволюции: Пер. с англ. М., 1948.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,

першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл. Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаўпракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн. г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб. стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн. г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)