ДРАЎНІ́НА, ксілема,

тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.

Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл. Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.

А.​К.​Фядосаў.

Да арт. Драўніна. Асноўныя часткі ствала і яго галоўныя разрэзы: 1 — кара; 2 — асяродак; 3 — ядро; 4 — абалона; 5 — тангенцыяльны разрэз; 6 — радыяльны разрэз; 7 — папярочны разрэз.
Схема мікраскапічнай будовы драўніны: I — хвоі (1 — гадавы слой; 2 — стрыжнёвыя прамяні; 3 — вертыкальны смаляны ход; 4 — раннія трахеіды; 5 — позняя трахеіда; 6 — аблямаваная пора, 7 — прамянёвая трахеіда); II — дуба (1 — гадавы слой; 2 — сасуды; 3 — буйны сасуд ранняй драўніны; 4 — дробны сасуд позняй драўніны; 5 — шырокі стрыжнёвы прамень; 6 — вузкія стрыжнёвыя прамяні; 7 — лібрыформ).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),

зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш. Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.

П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны парк франц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англ. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна).

На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.​Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

В.​Р.​Анціпаў, Г.​С.​Ларкін.

Дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску.
Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САД у садова-паркавым мастацтве,

зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч. азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз. скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.

Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.

На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст. гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).

Літ.:

Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;

Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;

Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.

В.​Р.​Анціпаў, А.​В.​Сычова.

Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).
Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.
Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).
Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.

т. 14, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)