ЛІНЬ (Tinca tinca),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца ўсюды, пераважна ў азёрах і поймавых вадаёмах.

Даўж. да 60 см, маса да 1 (рэдка да 7,5) кг. Цела шырокае і тоўстае з кароткім хваставым сцяблом, укрыта дробнай луской і густым слоем слізі. Спіна цёмна-зялёная, бакі бурыя з залацістым бляскам, плаўнікі цёмна-шэрыя. Корміцца доннымі беспазваночнымі і раслінамі. Аб’ект развядзення і промыслу.

Лінь.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТУ́ЧЫЯ РЫ́БЫ (Exocoetidae),

сямейства рыб атр. сарганападобных. 7 родаў, больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Трымаюцца чародамі.

Даўж. да 50 см. Грудныя плаўнікі размешчаны высока, доўгія і шырокія, прыстасаваны да планіруючага палёту над вадой (сродак ратавання ад драпежнікаў). Пралятаюць у паветры да 400 м на выш. да 10 м. Орган РУХУ — хваставы плаўнік. Планктафагі. Аб’ект промыслу.

Лятучая рыба хейлапагон.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),

адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.

Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да ​1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.

Меч-рыба.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСКУ́ЛЬКА (Anser erythropus),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўропе і Азіі. Жыве ў хмызняковай тундры, па берагах азёр, далінах рэк, на горных схілах.

Гняздуе на зямлі. На Беларусі трапляецца на пралётах.

Даўж. да 62 см, маса да 2,5 кг. Апярэнне буравата-шэрае, лоб, бруха і падхвосце белыя. Вакол вока жоўтае кольца. Піскліва крычыць (адсюль назва). Корміцца травяністымі раслінамі, ягадамі. Нясе да 9 яец. Аб’ект промыслу.

Піскулька.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙРА (Cololabis saira),

рыба сям. макрэлешчупаковых. Пашырана ў Ціхім ак., ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Паўн. паўшар’я. Жыве ў адкрытых водах уздоўж узбярэжжаў Азіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі.

Даўж. да 40 см, маса да 200 г. Цела падоўжанае, укрыта дробнай луской. Шкілет зялёнага колеру з-за наяўнасці пігменту білівердзіну. Паміж спінным і хваставым, анальным і хваставым плаўнікамі — шэраг дробных плаўнічкоў. Рот вял., сківіцы доўгія. Корміцца планктонам. Аб’ект промыслу.

Сайра.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ-МА́ЎНТЫНС (Blue Mountains),

Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч. Вял. Водападзельнага хр. Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс. га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),

рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.

Анабас.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКЦЫ́НУМ (Buccinum),

род марскіх бруханогіх малюскаў атр. стэнаглосных. 86 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў халодных і ўмераных водах. Асобныя віды трапляюцца ў субтрапічных водах каля берагоў Японіі і ў Міжземным м. Вядомы з алігацэну. У Баранцавым м. пашыраны B. undatum.

Выш. авальнай ракавіны да 16 см. Маюць кароткі сіфанальны выраст, накрыўку. Драпежнікі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Лічынкі з добра развітым парусам. Важны аб’ект промыслу ў Вялікабрытаніі; мяса спажываецца ў ежу.

Букцынум.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧО́К-ПЯСО́ЧНІК (Neogobius fluviatilis) рыба сям. бычковых атр. акунепадобных. Пашыраны ў рэках бас. Чорнага і Азоўскага мораў. У Каспійскім м. жыве блізкі падвід. На Беларусі ёсць у Дняпры, Сажы, Прыпяці, Бярэзіне. Трымаецца пясчаных перакатаў з умераным цячэннем.

Даўж. да 20 см, маса каля 50 г. Цела буравата- або жаўтавата-шэрае з 8—12 бурымі плямамі ўздоўж бакоў. Брушныя плаўнікі ўтвараюць круглы прысосак. У перыяд нерасту самцы чорныя. Корміцца доннымі арганізмамі. Аб’ект промыслу.

Бычок-пясочнік.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАСІ́, далёкаўсходняя сардзіна (Sardinops sagax melanosticta),

падвід ціхаакіянскай сардзіны сям. селядцовых атр. селядцападобных. Пашыраны ў прыбярэжных водах Усх. Азіі ад Сахаліна да Паўд. Японіі і кіт. ўзбярэжжа Жоўтага мора.

Даўж. да 30 см. Спіна зеленавата-аліўкавая, бакі серабрыста-белыя, канец рыла і задняя ч. хваставога плаўніка чорныя. Па баках цела ўздоўж спіны цёмныя плямы (да 15), зрэдку размешчаны ніжэй светлыя плямы. Корміцца фіта- і зоапланктонам. Жыве да 8 гадоў. Аб’ект промыслу.

Івасі.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)