Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс.км². Нас. 1,86 млн.чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).
Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.
Прырода. Большая ч.тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд.т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.
Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш.араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс.чал.), іранцы (200 тыс.чал.), еўрапейцы (25 тыс.чал.). Асн.ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс.ж.), Эль-Айн (150 тыс.ж.), Шарджа (120 тыс.ж.).
Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб.стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц.араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г.брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл.ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн.т нафты, 26 млрд.м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн.т і 20 млрд.м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд.∙кВтгадзэл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс.т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн.т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс.т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс.т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд.дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд.дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.
Літ.:
Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;
Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;
Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;
Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;
Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН АЛЬ-ХАЙСА́М (Абу Алі аль-Хасан ібн аль-Хасан) (латынізаванае Альгазен; Alhazen; 965, г. Басра, Ірак — каля 1039),
арабскі вучоны. Жыў і працаваў у Каіры (Егіпет). Навук. працы ў галіне фізікі, астраноміі, матэматыкі, медыцыны і філасофіі. У рукапісным трактаце «Скарб оптыкі» (7 кн., перакладзены на лац. мову ў 12 ст., выд. ў 1572) выклаў найб. поўна на той час фізіял. і геам. оптыку, апісаў будову вока, прапанаваў тэорыю зроку, выказаў меркаванне аб тым, што святло распаўсюджваецца з канечнай скорасцю. Правёў грунтоўны аналіз «Асноў» Эўкліда.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 28—34.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РГАС (Уладзімір Фёдаравіч) (1835, г. Гродна — 1887),
расійскі ўсходазнавец-арабіст. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1858). З 1858 у Парыжы, у 1861—64 у Сірыі і Егіпце вывучаў арабскую мову, л-ру і культуру арабаў. Яго «Справаздача» аб паездцы (1864, рукапіс) — адна з першых у Расіі прац па араб. дыялекталогіі. З 1865 дацэнт, у 1873—85 праф. С.-Пецярбургскага ун-та. Аўтар навук. прац «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў» (1873), «Нарыс арабскай літаратуры» (1875), «Арабская хрэстаматыя» (вып. 1—2, 1875—76, разам з В.Р.Розенам), «Слоўнік да «Арабскай хрэстаматыі» і «Карана» (1881). Падрыхтаваў да выдання гіст. творы Абу Ханіфы ад-Дынаверы (выйшлі ў 1888).
арабскі падарожнік, купец. У 1325—49 вандраваў па Егіпце, Аравіі, Іране, Месапатаміі, Сірыі, М. Азіі, Крыме і паўд. абласцях Расіі, некалькі гадоў пражыў у Індыі, потым наведаў Інданезію і Кітай. Паміж 1349 і 1352 пабываў у мусульм. Іспаніі, у 1352—53 падарожнічаў па Зах. і Цэнтр. Судане. За 30 гадоў прайшоў шлях амаль у 120 тыс.км, пабываў ва ўсіх мусульм. краінах. Апісаў свае падарожжы з указаннем звестак аб прыродзе, грамадскім жыцці і гісторыі краін. Яго твор перакладзены на шматлікія мовы і лічыцца адным з шэдэўраў араб. літаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Дамаскі халіфат,
дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДРЫ́СІ, аль-ІдрысіАбу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́Р ХАСРО́Ў (Абу Муін) (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),
таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1979.
Літ.:
Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт.Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т. л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН РУШД, Ібн РошдАбу-ль-Валід Мухамед ібн Ахмед (латынізаванае Авероэс; Averroes; 1126, г. Кордава, Іспанія — 10.12.1198), арабскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач; прадстаўнік усх. арыстоцелізму. Жыў і працаваў у Андалусіі і Марока. Большасць яго прац — каментарыі да твораў Арыстоцеля. У сваёй філас. канцэпцыі зыходзіў з прызнання нястворанасці і незнішчальнасці першаматэрыі і руху. Прызнаваў быццё Бога, якое не папярэднічае быццю матэрыі, а «сувечна» яму, і што Бог з’яўляецца «першарухавіком». Сцвярджаў, што матэрыяльны свет бясконцы ў часе, хоць і абмежаваны ў прасторы. Абвяргаў бяссмерце індывід. душы і замагільнае жыццё, але прызнаваў бяссмерце ўсеагульнага інтэлекту. Абгрунтаваў ідэю пра разыходжанне філас. і рэліг. вывадаў, якая паслужыла асновай дзвюх ісцін тэорыі. У сацыялогіі быў прыхільнікам справядлівага грамадскага ладу. Творчасць І.Р. паўплывала на развіццё еўрап. сярэдневяковай філасофіі 13—16 ст.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М. 1961.