РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),

ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.

Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,

разнавіднасць рэактыўнага рухавіка, дзе ў якасці рабочага цела выкарыстоўваюцца толькі тыя рэчывы і крыніцы энергіі, што ёсць на рухомым апараце (лятальным, наземным, падводным). Калі ў рухавіку выкарыстоўваецца паветра, што забіраецца з навакольнага асяроддзя, ён наз. паветрана-рэактыўным рухавіком.

Паводле віду энергіі, якая пераўтвараецца ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя, адрозніваюць хімічны ракетны рухавік, электрычны ракетны рухавік, ядзерны ракетны рухавік, а таксама гібрыдны ракетны рухавік (разнавіднасць хім. Р.р.). Ва ўсіх Р.р. рэактыўная цяга ствараецца за кошт рабочага цела, у хімічных — крыніцы энергіі і рабочага цела сумешчаны ў ракетным паліве. Для ядз. і эл. Р.р. характэрны раздзельныя паасобныя крыніцы энергіі і рабочага цела.

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МНІК (Rîmnic),

рака ў Румыніі (прыток р. Сірэт), пры якой 22.9.1789 адбылася бітва ў час рус.-тур. вайны 1787—91. Рус.-аўстр, войскі (25 тыс. чал., з іх 7 тыс. рускіх) пад агульным камандаваннем А.В.Суворава перамаглі ўчацвёра большую тур. армію (каля 100 тыс. чал.) вял. візіра Юсуф-пашы, якую знянацку атакавалі і разбілі ў 4 лагерах паміж рэкамі Рымна і Р. Рускія і аўстрыйцы страцілі каля 700 чал., туркі, паводле розных звестак, ад 6 да 20 тыс. забітымі і параненымі. Перамога каля Р., за якую Сувораў атрымаў тытул графа Рымнікскага — узор разгрому намнога большых сіл праціўніка ў выніку рашучых, імклівых дзеянняў войск і палкаводца.

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́ЎНІЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

арганізацыя, якая садзейнічае вырашэнню задач членаў калектыўнага садаводства.

Ствараецца грамадзянамі на добраахвотных асновах. Фарміруецца, рэгіструецца і кантралюецца раённымі (гарадскімі) выканаўчымі і распарадчымі органамі. Пасля рэгістрацыі С.т. з’яўляецца юрыд. асобай. Дзейнасць С.т., правы і абавязкі яе членаў рэгламентуюцца статутам т-ва. Аб’екты і збудаванні агульнага карыстання, пабудаваныя за кошт мэтавых і членскіх узносаў, з’яўляюцца агульнай маёмасцю т-ва. С.т. мае права займацца таксама прадпрымальніцкай дзейнасцю (прыбытак, атрыманы ў выніку гэтай дзейнасці, выкарыстоўваецца для набыцця маёмасці агульнага карыстання, на яе эксплуатацыю і рамонт).

На Беларусі членамі С.т. могуць быць грамадзяне, якія ў адпаведнасці з зямельным заканадаўствам маюць права на зямельныя ўчасткі для вядзення калектыўнага садаводства.

т. 14, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАФІНАНСАВА́ННЕ,

сістэма гаспадарання, пры якой прадпрыемствы (аб’яднанні) пакрываюць свае бягучыя затраты і затраты на расшыранае ўзнаўленне з уласных крыніц. Ва ўмовах С. тэхн. пераўзбраенне, рэканструкцыя, матэрыяльнае стымуляванне і сац. развіццё ажыццяўляюцца за кошт заробленых сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. Пры С. асноўны ацэначны паказчык работы — прыбытак. С. прадугледжвае шырокае развіццё гасп. самастойнасці і ініцыятывы прадпрыемстваў (аб’яднанняў), стварае ўмовы і стымулы для тэхн. абнаўлення і павышэння эфектыўнасці вытв-сці. С. — фінансаванне бізнесу без выкарыстання пазыковых сродкаў і сродкаў, атрыманых у выніку распаўсюджання выпуску акцый. Для арг-цыі бізнесу неабходна сума першапачатковага капіталу; далейшае яго развіццё можа ажыццяўляцца шляхам рэінвесціравання атрыманага прыбытку.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАНЧА́НЫ, Серанчаны,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 27 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,68 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 45,6 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—3 м (на ПдЗ 6—8 м), параслі лесам і хмызняком. Пойма шыр. 5—10 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя, на У участкамі выш. да 0,7 м. Востраў пл. 0,4 га. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Лодасі, выцякае ручай у р. Страча.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,

паўстанне маракоў Чарнаморскага флоту, салдат гарнізона Севастопаля, рабочых порта і Марскога з-да ў перыяд Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Пачалося 11 ліст. ў адказ на спробу камандавання флотам учыніць расправу над удзельнікамі шматтысячнага мітынгу матросаў і салдат. 12 ліст. да паўстанцаў далучыліся каманды крэйсера «Ачакаў», браняносца «Св. Панцеляймон» (б. «Пацёмкін»), Кіраўнік — лейтэнант П.П.Шміт; 15 ліст. пад яго камандаваннем было 12 караблёў. Паўстанцы патрабавалі склікання ўстаноўчага сходу, устанаўлення рэспублікі, 8-гадзіннага працоўнага дня, скарачэння тэрміну і паляпшэння ўмоў ваен. службы і інш. Задушана ўрадавымі войскамі, пакарана больш за тысячу ўдзельнікаў, лейтэнант Шміт, матросы А.​І.​Гладкоў, Н.​Г.​Антоненка і С.​П.​Часнік расстраляны.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДА́Н (Sedan),

горад на ПнУ Францыі, на р. Мёз. Каля 50 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічная прам-сць, вытв-сць шарсцяных тканін і дываноў.

У 14 ст. царкоўнае ўладанне. З канца 14 ст. ў складзе Францыі. У 15—17 ст. буйны цэнтр вытворчасці сукна. У час рэліг. войнаў на баку гугенотаў. У 1592 тут засн. кальвінісцкая тэалагічная акадэмія. У франка-прускую вайну 1870—71 каля С. герм. войскамі ген.-фельдмаршала Г.К.​Б.​Мольтке 1.9.1870 разгромлена франц. армія маршала М.​Э.​Мак-Магона; узята ў палон больш за 100 тыс. чал., у т. л. імператар Напалеон III.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНПО́ЛІЯ, узумбарская фіялка (Saintpaulia),

род кветкавых раслін сям. геснерыевых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў горных трапічных лясах Усх. Афрыкі. У Еўропе ўведзены ў культуру ў 19 ст. Існуе некалькі тысяч сартоў і гібрыдаў. На Беларусі вырошчваюць як пакаёвую расліну. Найб. папулярныя — мініяцюрныя і ампельныя формы з махровымі кветкамі.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см. Сцёблы ўкарочаныя, часам сцелістыя. Апушанае лісце чаранковае, акруглае, гафрыраванае або хвалістае па краях. Кветкі адзіночныя ці ў рыхлых гронках, ад белага, ружовага, блакітнага да цёмна-сіняга і пурпуровага колераў; простыя, махрыстыя, паўмахровыя, махровыя, зоркападобныя, гафрыраваныя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

Літ.:

Михеев В.А. Сенполии. М., 1993.

Сарты сенполіі.

т. 14, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРПЕНЦІ́Н [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

мінерал падкласа слаістых сілікатаў, Mg3[Si2O5](OH)4. Змяшчае аксід магнію MgO да 43%, прымесі жалеза, алюмінію, нікелю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скрытакрышт. шчыльныя масы, агрэгаты зблытана-валакністыя, паралельна-валакністыя, лускавінкавыя і інш. Гал. структурныя разнавіднасці С. — антыгарыт (мікралускаватая, пласціністая), лізардыт (тонказярністая) і хрызатыл (тонкавалакністая). Колер зялёны розных адценняў, зрэдку белы, жоўты, блакітны і лілова-сіні (хрызатыл-азбест). Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,55 г/см³. Утвараецца пры метасаматычных працэсах з удзелам гідратэрмальных раствораў за кошт змены ультраасн. парод. С. — частка пароды серпенцініт. Крыніца здабычы нікелю; выкарыстоўваецца як абліцовачны і вырабны камень. Гл. таксама Азбест.

Серпенцін.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)