ДО́ЛЬНЫЯ АДЗІ́НКІ,

складаюць вызначаную частку (долю) ад устаноўленай адзінкі фізічнай велічыні. У Міжнар. сістэме адзінак (СІ) уведзены наступныя прыстаўкі для ўтварэння найменняў Д.а. (гл. табл.).

Напр., 10 ​3 м = 1 мм (міліметр), 10​−6 Дж = 1 мкДж (мікраджоўль), 10​−12 с = 1 пс (пікасекунда), 10​−18 Кл = 1 аКл (атакулон). Гл. таксама Кратныя адзінкі.

Дольнасць Прыстаўка Абазначэнне
бел. міжнар.
10​−1 дэцы д d
10​−2 санты с c
10​−3 мілі м m
10​−6 мікра мк μ
10​−9 нана н n
10​−12 піка п p
10​−15 фемта ф f
10​−18 ата а a

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́НАЎ (Фёдар Амосавіч) (18.5.1925, г. Крамянчуг, Украіна — 4.7.1994),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р эканам. н. (1976), праф. (1979). Засл. эканаміст Беларусі (1985). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам. ін-т (1954). З 1964 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (з 1968 нам. дырэктара). У 1980—88 дырэктар Н.-д. эканам. ін-та Дзяржэканомплана. Навук. працы па сац.-эканам. праблемах навук.-тэхн. прагрэсу і эфектыўнасці вытв-сці.

Тв.:

Научно-технический прогресс и проблемы ускорения экономического роста. Мн., 1979;

Проблемы интенсификации промышленного производства. Мн., 1979 (у сааўт.);

Интенсификация в условиях научно-технического прогресса. М., 1986.

Ф.А.Дронаў.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗЯ́К (Аляксандр Іванавіч) (н. 23.9.1949, г. Канатоп, Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізікі і тэхнікі высокага ціску. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1973). З 1978 у БПА Навук. даследаванні па праектаванні апаратаў высокага ціску і распрацоўцы тэхнал. працэсаў атрымання штучных алмазаў, кубічнага нітрыду бору і кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове.

Тв.:

К вопросу об оптимизации конфигурации камер высокого давления (разам з Г.​М.​Ждановічам) // Порошковая металлургия. Мн., 1982. Вып. 6. Исследование возможности увеличения стойкости пресс-форм высокого давления (у сааўт.) // Техника и технология высоких давлений. Мн., 1990.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́КСА (Мар’ян Мікалаевіч) (н. 5.4.1943, в. Каракулічы Мадзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічае. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1990), «Горн прымірэння» (1993) і інш., для дзяцей — «Зялёны акварыум» (1980). Прыгажосць Бацькаўшчыны, роднай прыроды, паэзія кахання, праблемы дабра і зла, веры — асн. матывы яго твораў.

Тв.:

Валуны на пагорках. Мн., 1994.

Літ.:

Стальмахоў В. Паэтычнае слова Мар’яна Дуксы // Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе. Мн., 1979.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЛАЎ (Андрэй Васілевіч) (н. 21.10.1924, С.-Пецярбург),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1964), праф. (1966). Скончыў Усесаюзны завочны юрыд. ін-т (1949). З 1944 следчы пракуратуры Ленінграда. У 1954—58 выкладчык Ленінградскага ун-та. З 1958 у БДУ, у 1966—89 заг. кафедры крыміналістыкі, з 1989 выкладчык гэтай кафедры. Даследуе праблемы тэорыі суд. доказаў і метадалогіі крыміналістыкі, суд. псіхалогіі, суд. экспертыз, навук. арганізацыі дзейнасці следчых органаў. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка па крыміналістыцы (1996).

Тв.:

Судебная психология. 2 изд. Мн., 1975;

Тактические операции при расследовании преступлений. Мн., 1979;

Основы расследования преступлений, совершенных должностными лицами. Мн., 1985.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФТО́НГ (ад ды... + грэч. phthongos голас, гук),

складаны галосны гук, які ўключае складаўтваральны і нескладаўтваральны элементы ў адным складзе. Звычайна Д. маюць большую працягласць, чым мафтонгі. Адрозніваюцца Д : узыходны, у якім складаўтваральным кампанентам з’яўляецца другі элемент (напр., франц. [ie⌒] pied); сыходны, калі складаўтваральны кампанент — першы элемент (напр., ням. [ae⌒] Leid, англ., [ai⌒] my). У бел. мове ёсць Д. [оу⌒] і [іе⌒] толькі ў дыялектах на Пд Беларусі. Вымаўляюцца ў закрытых складах замест «о» і «е», а таксама замест «е» што паходзіць з «ѣ»: напр., коу⌒нь, сіе⌒м, ліе⌒та (конь, сем, лета).

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕВІЧЫ,

археалагічная стаянка эпохі палеаліту ў в. Елісеевічы Бранскай вобл. (Расія), на правым беразе р. Судасць. Адкрыў у 1930 К.​М.​Палікарповіч, даследавалі Л.​В.​Грэхава і бел. археолагі А.​Дз.​Будзько і Палікарповіч. У культурным пласце на глыбіні 1,2—1,3 м выяўлена вял. колькасць касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя косці), верагодна, рэшткі жытлаў ці гасп. пабудоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, прылады з касцей маманта, ваўка, ліса, пясца, зайца і інш. жывёл, сусветна вядомыя маст. вырабы з касцей маманта (статуэтка жанчыны, выявы рыб, пласціны са складаным геам. арнаментам). Стаянка датуецца 12 970—17 340 да н.э.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 11.3.1947, г. Ніжні. Ноўгарад, Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1972). Да 1979 у Пензенскім, з 1979 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Яго мастацтва адметнае тонкай псіхал. распрацоўкай характараў, спалучэннем эмацыянальнага стану героя са знешне стрыманай манерай выканання. Сярод роляў; Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Галядкін («Двайнік» паводле Ф.​Дастаеўскага), Маляр («Дзікі Анёл» Л.​Каламійца), Марк («Вечна жывыя» В.​Розава), Рамахін («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Мікалай II («Змова» А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева).

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛДАКО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкі Мін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖБАНКО́Ў (Расціслаў Георгіевіч) (н. 30.10.1930, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1954). З 1959 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі вугляводаў, бялкоў, прыродных і сінт. палімераў. Даследаваў і сістэматызаваў спектральныя характарыстыкі асн. стэрэаізамерных форм вугляводаў, выявіў асн. тыпы канфармацыі монацукрыдаў і іх палімераў, распрацаваў комплекс спектраскапічных метадаў тонкага структурнага аналізу розных відаў палімераў.

Тв.:

Физика целлюлозы и ее производных. Мн., 1983 (разам з П.​В.​Казловым);

Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988 (разам з В.​П.​Пановым).

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)