творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НІЯ (Kenya),
Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУ з Самалі, на Пн з Эфіопіяй і Суданам, на З з Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗ з Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак.Пл. 582,6 тыс.км². Нас. 28,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г.Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).
Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца з ПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс.км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс.чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц.традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл.Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст. З канца 15 ст.Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб.феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт.Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.
У 1922 створана першая паліт.арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт.арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац.афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр.дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв.дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл.ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.
Асн. партыі: Кенійскі нац.афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.
Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд.дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс.га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс.га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс.т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч. культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс.т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс.т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (з воз. Магады, каля 200 тыс.т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр. з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс.км, у т. л. 8,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс.км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.
Літ.:
Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;
Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;
Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.
В.А.Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кеніі.Да арт.Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішчапрац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам.становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах,еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак.Пл. 342 тыс.км². Нас. 2,7 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.
Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пдбас.р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пннайб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс.чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал.ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.
Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд.дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс.га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн.харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс.т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс.т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасцігал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн.т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс.м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн.дол., імпарт — 559 млн.дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.
Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач.н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г.Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас.р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.
15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам.становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац.Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп. — жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен.к-т КПП на чале з Ж.Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г.эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач.прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л.Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.
Літ.:
Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;
Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;
Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.
Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.Да арт.Конга (РК). Здабыча калійных солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),
Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам.становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішчарас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.