пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Устанаўліваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў. М.д. вядомы ў Стараж. Рыме. З 19 ст. пашыраны ў многіх краінах Зах. Еўропы, у т. л. на Беларусі (А.Міцкевічу ў Навагрудку, У.Сыракомлі ў касцёле езуітаў у Нясвіжы). Шмат М.д. устаноўлена ў 1960—90-я г. (В.І.Казлову і інш.). Для ўзбагачэння маст. вобраза ў кампазіцыю М.д. часта ўключаюць выявы-сімвалы віду дзейнасці асобы, якой яны прысвечаны: капітэль іанічнага ордэра на М.д. архітэктару У.А.Каралю, фрагмент габелена на дошцы А.Кішчанку, кніга на дошцы Міколу Гусоўскаму, форму разгорнутай кнігі маюць М.д. пісьменнікам П.Глебку, А.Куляшову, М.Лынькову, А.Пашкевіч (Цётцы); у выглядзе дрэва — І.Мележу, партрэтнай выявы мастака з палітрай В.Цвірку, тэатр. заслоны на М.д. П.Малчанаву, Л.Александроўскай, Л.Ржэцкай, Г.Глебаву, Б.Платонаву; выява цымбалаў на М.д. Р.Шырме; і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КРЭДЫТ,
форма міжнар.эканам. супрацоўніцтва, пры якой дзяржавы, банкі і фін. арг-цыі, а таксама інш.юрыд. і фіз. асобы адных краін выдзяляюць сродкі адпаведным контрагентам інш. краін. Сутнасць міжнар. крэдытных адносін заключаецца ў тым, што крэдытор прадастаўляе пазычальніку ў часовае карыстанне пэўныя рэсурсы ў таварнай або грашовай форме для развіцця канкрэтных галін або на пэўныя мэты нац. эканомікі і для пашырэння ўзаемных гасп. сувязей. Асн. віды М.к.: міждзярж. (міжурадавы), банкаўскі, фірменны (камерцыйны.). У залежнасці ад тэрмінаў выдачы адрозніваюць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя М.к. Паводле характару пазыкі бываюць таварныя, інвестыцыйныя і валютныя (грашовыя). Таварныя крэдыты характэрны для сферы знешняга гандлю і выдзяляюцца ў выглядзе паставак прамысл., харч. і інш. тавараў. Іх пагашэнне і выплата на іх працэнтаў ажыццяўляюцца звычайна таварамі традыц. экспарту краіны-пазычальніцы. Інвестыцыйныя крэдыты выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, расшырэнні, рэканструкцыі прамысл., трансп., с.-г. і інш. аб’ектаў у выглядзе камплектных паставак машын, абсталявання або поўнага будаўніцтва за кошт сродкаў крэдытора. Такія пазыкі звычайна прадастаўляюцца на кампенсацыйнай аснове і пагашаюцца прадукцыяй тых прадпрыемстваў, на затраты якіх гэтыя пазыкі прызначаліся. Валютныя крэдыты выдаюцца ў свабодна канверсаванай або інш. валюце, золаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТЭ́РЫЯ жанр сярэдневяковага рэліг.т-ра 14—16 ст. Сюжэты засноўваліся на Бібліі, Евангеллі, жыціях святых. Паходзіць ад літургічнай драмы, ад інсцэнізацыі асобных эпізодаў літургіі. Пашырылася з ростам сярэдневяковых гарадоў, асабліва ў Францыі. Паказы наладжваліся звычайна на гар. плошчах, кірмашах у час рэліг. свят на Вялікдзень і Каляды і працягваліся па некалькі дзён. Выканаўцамі, акрамя вядучага, які спецыяльна прызначаўся і звязваў у адно розныя падзеі, звычайна выступалі рамеснікі, цэхавыя майстры, а таксама вандроўныя акцёры скамарохі. У асн. тэксты ўстаўляліся інтэрмедыйныя камічныя сцэнкі свецкага, быт. характару. Выкананне было рознастылявым: рэліг. сцэны праводзілі падкрэслена ўзнёсла і патэтычна, быт. — з яркай камедыйнасцю, буфоннасцю. Узмацненне антырэліг. матываў прывяло да забароны М. ў большасці краін у 16 ст. На Беларусь М. прыйшла з Зах. Еўропы праз Польшчу ў 16 ст. Прапагандыстамі яе былі езуіты. М. ставіліся ў Полацку ў 1586, 1593 («Аталія») і 1603, у Навагрудку ў 1637 і інш. М. садзейнічала развіццю інш. драматургічных жанраў, заклала асновы прафес.т-ра. Найб. паўплывала на фалькл. драму, нар.т-р, у прыватнасці на батлейку.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—176.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКСТЫ́ЛЬНА-ДАПАМО́ЖНЫ́Я РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя прэпараты, якія выкарыстоўваюць у тэкст. прам-сці пры перапрацоўцы, фарбаванні і аздабленні валакністых матэрыялаў. Аблягчаюць перапрацоўку прыродных і хім. валокнаў (нітак), спрыяльна ўплываюць на якасць тэкст. матэрыялаў.
Для паляпшэння знешняга выгляду і аблягчэння апрацоўкі валокнаў або нітак (надання ім мяккасці, гнуткасці, фрыкцыйных і антыстатычных уласцівасцей) выкарыстоўваюць авіважныя сродкі — паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР) пераважна неіонагенныя. Авіважную апрацоўку (авіваж), да якой звычайна адносяць і шліхтаванне (на~ данне ніткам склеенасці для павышэння зносаўстойлівасці), ажыццяўляюць апусканнем нявысушаных валокнаў у водны раствор або эмульсію авіважнага сродку. Аналагічны працэс апрацоўкі сухой ніткі (валакна) наз. замасліваннем. Замаслівальнікі — звычайна сумесі арган. злучэнняў (напр., алкілфасфатаў, алкілстэаратаў), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў у мінер. маслах або водных эмульсій масленых кампазіцый. Авіваж тканін (аблягчае шыццё вырабаў) часта ажыццяўляюць разам з апрэтаваннем (апрэты надаюць тканінам незмінальнасць, гідрафобнасць, негаручасць і інш.спец. ўласцівасці). У якасці Т.-д.р. выкарыстоўваюць некат. антыстатыкі і антыпірэны. Да Т.-д.р. адносяць таксама змочвальнікі (пераважна аніённыя і неіонагенныя ПАР), якія павышаюць хуткасць і эфектыўнасць апрацоўкі матэрыялу растворамі солей, фарбавальнікамі і інш., выраўноўвальнікі — розныя ПАР, што забяспечваюць раўнамернасць афарбоўкі, дыспергатары, эмульгатары і інш.
Літ.:
Серебрякова З.Г. Поверхностно-активные вещества в производстве искусственных волокон. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДРАС (франц. adresse) у вылічальнай тэхніцы, лічбавае або лічбава-літарнае абазначэнне (код) месца захоўвання інфармацыі ў ЭВМ. Напр., нумар ячэйкі памяці, дарожка на магн. дыску. У многапраграмных ЭВМ адрас, што зададзены ў праграме, звычайна не супадае з адрасам рэчаіснага запамінальнага прыстасавання і адшуканне патрэбнай ячэйкі памяці выконваецца з дапамогай апаратных і праграмных сродкаў. У машыне адрас пераўтвараецца ў сістэму сігналаў кіравання, якія забяспечваюць зварот да пэўнай зоны памяці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЧУР (ад англ. venture рызыкаваць, адважвацца),
заснаваны на рызыцы разлік, намер, накіраваны на выкарыстанне якіх-небудзь магчымасцей у пэўных карыслівых мэтах. Паняцце венчура выкарыстоўваецца ў эканоміцы. Венчурны бізнес — дробнае прадпрыемства доследнага тыпу, якому ўласціва большая, чым звычайна, ступень рызыкі; венчурны капітал — частка грашовых сродкаў, фондаў, якая ўкладваецца ў венчурнае прадпрыемства (фірму) — камерц. навук.-тэхн. арг-цыю, што спецыялізуецца на стварэнні, асваенні ў вытв-сці і ўкараненні новых відаў прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШМА́, гашга,
адна з формаў цюркскай паэзіі. Складаецца звычайна з 5 строф па 4 радкі (у радку 11 складоў). Схема рыфмаў — abcb у 1-й страфе, у астатніх — dddb, eeeb і г.д. Са стараж. часоў такой формай карысталіся нар. паэты-ашугі. У азерб. пісьмовай л-ры 16—17 ст. гашма прадстаўлена ў творчасці Хатаі, Амані і інш. Як асн. форма сілабічнага верша замацавалася ў 18 ст. дзякуючы майстэрству Вагіфа і Відадзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́ЦЫЙ (Hericium),
род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (H. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.
Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна пры вял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).