КАЛУ́МБІЯ (Colombia), Рэспубліка Калумбія (República de Colombia),
дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт. гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (Х.А.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,
дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж.відінд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як віддэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,
горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс.ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.
Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс.чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл.«Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс.чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.
С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.М.Фантана і Г.Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.Матарнові, Н.Гербель, Г.К’яверы, М.Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.А.Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.Росі, майстар Г.Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.Фельтэн, П.Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.М.Вален-Дэламот і А.Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх.М.Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр.ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ, М.А.Кало, Ф.Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.Бажэнаў, В.Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.Клот, С.Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.Малышаў, А.Парланд; мазаікі В.Васняцова; маст.М.Несцераў, А.Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.Кавас; перабудова 1863, арх. В.Шротэр). У 19 ст. пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.Бенуа, А.Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх. П.Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.Бенуа, У.Шчуко, С.Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх. абодвух І.Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял.Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.Нікольскі, Н.Сцяпанаў, Н.Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.Прыбульскі, С.Аднавалаў, М.Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.Марозаў, інж. А.Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял.Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт.М.Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас.АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас.пед. імя А.Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.І.Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас.нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас.АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.
18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.Шастаковіча.
Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.І.Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.К.Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.І.Абрамовіч, мастак І.І.Аляшкевіч, літаратар Я.Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.Каліноўскі і К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.І.Вількіцкі, гісторык Я.Я.Замыслоўскі, мастакі С.К.Заранка, К.Хруцкі, музыканты Т.Юзафовіч-Бароўская, М.Л.Зарэмба, Ф.А.Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.М.Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.Гартны (З.Жылуновіч), А.Гурло, Я.Купала, Цётка (А.Пашкевіч), вучоныя Я.Ф.Карскі, П.В.Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел. канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.С.Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.Р.Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.І.Салярцінскі, пісьменнік Л.І.Ракоўскі, вучоныя Б.Р.Галёркін, С.Я.Лур’е, У.Ф.Міткевіч, П.Ф.Папковіч, Л.У.Шчэрба, служылі контр-адміралы В.П.Дрозд, М.Б.Паўловіч, ген.-лейт. Ф.Н.Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс.чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны (старшыня А.Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.П.Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.Казак, В.Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас.культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.Я.Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.І.Алфёрава.
Літ.:
Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;
Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;
Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;
Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;
Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;
Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;
Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.
Л.У.Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).
Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,
дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс.км². Нас. 19 576,8 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г.Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).
Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац.дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.
Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс.чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн.чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.
Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст.н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт.Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл.ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.
Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн.дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд.дол. (3,25 тыс.дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр.Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс.т штогод), гевея (100 тыс.т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс.т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал.харч. культура — рыс (2,76 млн.т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс.т, 2000), кукурузу (315 тыс.т), сорга (140 тыс.т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс.т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд.кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн.від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд.дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд.дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст.н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял.арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш.Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст.н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд.маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.Піерыс, Дж.Кіт, Дж.Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.А.Мендыс, К.С.Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;
Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;
Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;
Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Шры-Ланкі.Да арт.Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.Да арт.Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.Да арт.Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.Да арт.Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia), Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia),
дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс.км². Нас. 1042 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).
Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.—кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-раліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.
Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс.чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс.ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.
18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.К.Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл.ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.
Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам 2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс.т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс.т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс.т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал.від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),
горад, сталіца Кітая. Размешчаны на ПнВял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач.Вял. канала. З прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс.км²). Насельніцтва 11,3 млн.ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э.наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл.Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт.Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.
У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч.цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш.арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).
Літ.:
Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Пекін. Плошча Цяньаньмынь.Пекін. Від на «забаронены горад».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННА-ПАВЕТРАНЫЯ СІЛЫ І ВОЙСКІ ПРОЦІПАВЕТРАНАЙ АБАРОНЫ
(ВПС і войскі ППА). ВідУзбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны цэнтраў, раёнаў, аб’ектаў (адм., прамысл., эканам.), груповак войск ад нападу з паветра, агнявой падтрымкі і забеспячэння баявых дзеянняў Сухап. войск, а таксама для паражэння аб’ектаў, ваенна-эканам. патэнцыялу і войск праціўніка. Створаны паводле Указа Прэзідэнта ад 8.11.2001 і ў адпаведнасці з дырэктывай міністра абароны ад 15.11.2001 аб рэарганізацыі камандавання ВПС і войск ППА і зліцці іх у адзінае камандаванне — ВПС і войск ППА. Аб’яднанне 2 відаў у адзін адпавядае характару сучаснага ваенна-паліт. становішча, узмацняе нац. бяспеку краіны. ВПС і войскі ППА складаюцца з авіяцыі, зенітных ракетных войск, радыётэхнічных войск, а таксама з вайск. часцей і падраздзяленняў забеспячэння і абслугоўвання. Арганізац. злучэнні і вайск. часці ўваходзяць у склад аператыўнага аб’яднання ВПС і войск ППА. Авіяцыя ВПС і войск ППА падзяляецца на роды: бамбардзіровачную, знішчальную, штурмавую, разведвальную, трансп., армейскую.
Бамбардзіровачная авіяцыя — асн. ўдарны сродак ВПС, прызначаны для паражэння груповак войск і авіяцыі праціўніка, разбурэння яго важных ваен., ваенна-прамысл., энергет. аб’ектаў, вузлоў камунікацый пераважна ў аператыўнай глыбіні. Яе гал. баявыя задачы: паражэнне ракетна-ядзерных сродкаў праціўніка, самалётаў (верталётаў) і інш. аб’ектаў на аэрадромах (пляцоўках), пунктаў кіравання, жывой сілы і баявой тэхнікі, паветр. дэсантаў і інш. Яна здольна таксама вырашаць задачы вядзення паветр. разведкі і мініравання з паветра. Радыёэлектроннае падаўленне сродкаў кіравання войскамі і зброяй, агнявое паражэнне сродкаў ППА праціўніка ажыццяўляецца ў час кожнага баявога вылету. Мае на ўзбраенні франтавыя бамбардзіроўшчыкі СУ-24М.
Знішчальная авіяцыя — адзін з асн. сродкаў барацьбы з паветр. праціўнікам. Прызначана для знішчэння самалётаў і верталётаў, крылатых ракет і беспілотных сродкаў праціўніка ў паветры, вядзення паветр. разведкі, прыкрыцця сваіх войск, аб’ектаў, паветр. дэсантаў, забеспячэння баявых дзеянняў інш. родаў авіяцыі і інш. На яе ўзбраенні самалёты-знішчальнікі Су-27 і МіГ-29.
Штурмавая авіяцыя — сродак авіяц. падтрымкі войск. Прызначана для паражэння войск і наземных аб’ектаў праціўніка (гал. чынам малапамерных і рухомых), пераважна на пярэднім краі, у тактычнай і бліжэйшай аператыўнай глыбіні. Яе асн. задачы: знішчэнне ракетна-ядзерных сродкаў і наземных элементаў разведвальна-ўдарных комплексаў, паражэнне жывой сілы і агнявых сродкаў, рэзерваў праціўніка, аб’ектаў сістэмы кіравання, тылу дывізій і карпусоў першага эшалона авіяцыі, на аэрадромах і пляцоўках базіравання, сродкаў ППА, паветр. дэсантаў і рэйдавых атрадаў і інш. Мае на ўзбраенні самалёты-штурмавікі Су-25.
Разведвальная авіяцыя прызначана для паветр. разведкі праціўніка, мясцовасці і надвор’я; у некат. выпадках самалёты-разведчыкі могуць адначасова з выкананнем асн. задачы знішчыць выяўленыя імі аб’екты праціўніка. Мае на ўзбраенні пілатуемыя самалёты-разведчыкі Су-24МР.
Транспартная авіяцыя прызначана для дэсантавання сіл спец. аперацый, перавозкі войск і матэрыяльных сродкаў па паветры, забеспячэння манеўра і баявых дзеянняў войск. Можа таксама вырашаць задачы па мініраванні з паветра, пастаноўцы дымавых заслон, паражэнні асобных наземных аб’ектаў і выконваць некат. інш.спец. задачы. Мае на ўзбраенні трансп. самалёты Іл-76, Ан-24, Ан-26, трансп.-баявыя і трансп.-дэсантныя верталёты Мі-8, Мі-26.
Армейская авіяцыя прызначана для авіяцыйнай падтрымкі войск шляхам паражэння наземных, гал. чынам малапамерных, браніраваных рухомых аб’ектаў праціўніка пераважна на пярэднім краі і ў тактычнай глыбіні, а таксама для вырашэння задач усебаковага забеспячэння агульнавайсковага бою. Можа таксама вырашаць задачы па дэсантаванні сіл спец. аперацый, забеспячэнні манеўра і дзеянняў войск на полі бою, эвакуацыі параненых, вядзенні паветр. разведкі праціўніка, радыяцыйнай, хім. і інж. разведцы мясцовасці, радыёэлектронным падаўленні сродкаў кіравання войскамі, карэкціроўцы агню артылерыі, мініраванні з паветра, пошуку і выратаванні экіпажаў самалётаў (верталётаў), якія церпяць бедства. Мае на ўзбраенні трансп.-баявыя і баявыя верталёты Мі-8, Мі-24.
У склад родаў авіяцыі таксама ўваходзяць асобныя падраздзяленні, экіпажы спец. авіяцыі, прызначаныя для вядзення радыёэлектроннай барацьбы, забеспячэння кіравання і сувязі, пошуку і выратавання лётных экіпажаў і пасажыраў і інш. На ўзбраенні мае адпаведна абсталяваныя спец. самалёты і верталёты.
Зенітныя ракетныя войскі (ЗРВ) — асн. агнявая сіла ў сістэме ППА. Прызначаны для абароны цэнтраў, раёнаў, важных аб’ектаў, груповак войск і інш. ад удараў авіяцыі і беспілотных сродкаў праціўніка з паветра. Могуць таксама весці барацьбу са сродкамі паветр. разведкі і радыёэлектроннай барацьбы. У выключных выпадках выкарыстоўваюцца для знішчэння наземных цэляў. У мірны час ЗРВ ВПС і войск ППА сумесна з інш. сіламі і сродкамі нясуць баявое дзяжурства па проціпаветр. абароне.
Радыётэхнічныя войскі ВПС і войскі ППА, род войск прызначаны для вядзення радыёэлектроннай разведкі паветр. праціўніка, радыёлакацыйнага забеспячэння вайск. часцей авіяцыі і ЗРВ, кантролю за выкананнем устаноўленага парадку выкарыстання паветр. прасторы Рэспублікі Беларусь. Аснашчаны тыпамі радыёлакацыйных станцый і комплексаў, якія дазваляюць у любы час года і сутак ва ўмовах радыёэлектроннага процідзеяння праціўніка выявіць сродкі нападу на вялікіх адлегласцях і ў шырокім дыяпазоне вышынь, дакладна вызначыць іх каардынаты, дзярж. прыналежнасць. У склад ВПС і войск ППА уваходзяць таксама часці і падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, тапагеадэзічнага забеспячэння і навігацыі, а таксама сувязі, радыётэхнічнага, інжынернага, метэаралагічнага, тэхнічнага і тылавога забеспячэння, якія прызначаны выконваць пэўныя функцыі і баявыя задачы ў сістэме свайго віду войск. Кіраўніцтва дзейнасцю ВПС і войск ППА ажыццяўляе камандуючы, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючы ВПС і войскамі ППА Рэспублікі Беларусь А.С.Пафераў (з 2001).
А.М.Грамовіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Стралок-зенітчык пераноснага зенітнага ракетнага комплексу «Іголка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana), Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana),
дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал.від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБЕКІСТА́Н (Ўзбекистон), Рэспубліка Узбекістан (Ўзбекистон Республикаси),
дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн і ПнЗ з Казахстанам, на ПдЗ з Туркменістанам, на ПдУ з Таджыкістанам, на ПнУ з Кыргызстанам, на Пд з Афганістанам; на ПнЗ абмываецца Аральскім м.Пл. 447,4 тыс.км². Нас. 24 755 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Ташкент. У складзе У. 12 вілаетаў (абласцей) і Рэспубліка Каракалпакстан. Дзярж. мова — узбекская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 вер.).
Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992 (са зменамі і дапаўненнямі 2002). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным, прамым і тайным галасаваннем на 7 гадоў з правам перавыбрання. Прэзідэнт адначасова з’яўляецца старшынёй Кабінета міністраў; ён назначае прэм’ер-міністра і членаў урада. Вышэйшы прадстаўнічы орган, які ажыццяўляе заканад. ўладу, — двухпалатны Олій Мажліс (складаецца з Сената і Заканад. палаты).
Прырода. У. размешчаны ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і. Большую ч.тэр. займаюць раўніны, пераважна Туранская нізіна, у межах якой вылучаюцца плато Усцюрт (выш. да 292 м), алювіяльная раўніна Амудар’і з астанцовымі ўзв. Кубетау, Мангыр, Тузкыр і ўзвышаная раўніна пустыні Кызылкум з ізаляванымі гарамі Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м). Горы, перадгор’і і міжгорныя ўпадзіны складаюць каля 20% тэр. На крайнім ПдУ адгор’і Зах. Цянь-Шаня (хр. Пскемскі — выш. да 4299 м, г. Бештор; Каржантау, Угамскі, Чаткальскі, Курамінскі). Ферганская даліна аддзяляе Цянь-Шань ад Гісара-Алая (хр. Алайскі, Туркестанскі, Зераўшанскі). На Пд Кашкадар’інская і Сурхандар’інская ўпадзіны, падзеленыя Гісарскім хр. (выш. да 4643 м, г. Хазрэт Султан). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: вісмутавыя, медныя, поліметал. руды, вальфрам, золата, прыродны газ, нафта, каменны і буры вугаль, плавікавы і палявы шпат, графіт, сера, кварц, вапнякі, вырабныя і паўкаштоўныя камяні. Крыніцы тэрмальных вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C на плато Усцюрт да 3 °C на ПдУ, ліп. адпаведна 26 °C і 32 °C; у Тэрмезе зарэгістравана т-ра паветра 49,6 °C. Ападкаў ад 80—250 мм на раўнінах да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі ў гарах. Гал. рэкі: Сырдар’я з прытокам Чырчык і Амудар’я з прытокамі Сурхандар’я, Шэрабад, Кашкадар’я, Зераўшан. Найб. возера — Аральскае мора, шмат поймавых і дэльтавых азёр, вадасховішчаў. Каля 171 тыс.км арашальных каналаў. Гая. каналы: Эскіянхорскі, Вялікі Ферганскі канал, Паўн. і Паўд. Ферганскі, Мірзачульскі, Ташкенцкі. Глебы на раўнінах шэра-бурыя пустынныя, пяскі, такыры і саланчакі; у перадгор’ях і міжгорных далінах — шэразёмы; у гарах — карычневыя і бурыя. На раўнінах пераважае расліннасць пустынь (палын, салянкі, чорны саксаул), па далінах рэк — тугайныя лясы. У перадгор’ях — эфемеры, сухі разнатраўны стэп, паўхмызнякі хмызнякі (міндаль, фісташкі, курчаўка, вішарнік). Сярэднягор’і заняты лугава-лясной расліннасцю, дзе сярод разнатраўя і хмызнякоў (бружмель, барбарыс, шыпшына) трапляюцца арча, грэцкі арэх, клён, вішня, алыча, яблыні і інш. Пад лесам каля 2% тэр. У высакагор’ях — ціпчаковыя стэпы. Жывёльны свет пустынь: суслікі, тушканчыкі, заяц-талай, воўк, чарапаха, агамы, вараны, гюрза; характэрны скарпіёны, фалангі, тарантулы, маскіты і інш.; з птушак — саксаульная сойка, буланы казадой, пустынны верабей, валасянкі. У тугайных лясах — дзік, чаротавы кот, шакал; з птушак — чаплі, фазаны, качкі. У гарах — вінтарогі казёл, горны баран, барс; з птушак — кеклік, улар, арлы, грыфы. 9 запаведнікаў, у т. л. Чаткальскі, Гісарскі, Бадай-Тугай; 9 заказнікаў, Заамінскі і Угам-Чаткальскі нац. паркі, 2 дзярж. помнікі прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — узбекі (80%). Жывуць таксама рускія (5,5%), таджыкі (5%), казахі (3%), каракалпакі (2,5%), татары (1,5%) і інш. Мусульмане-суніты — 88%, праваслаўныя хрысціяне — 9%. Сярэдняя шчыльн. 55,3 чал. на 1 км². Самы густанаселены раён — Ферганская даліна, асабліва Андыжанскі (522 чал. на 1 км²), Ферганскі (340) і Наманганскі (261 чал. на 1 км²) вілаеты. Гар. насельніцтва 37%. Найб. гарады (тыс.чал., 2000): Ташкент (2148), Самарканд (361), Наманган (336), Андыжан (334), Бухара (239), Фергана (185). У эканоміцы занята (1999) 8,9 млн.чал., у т. л. ў прам-сці 19,8%, сельскай і лясной гаспадарцы 35,8%, у абслуговых галінах 44,4%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. У. вядомы з эпохі палеаліту (грот Тэшык-Таш з пахаваннем хлопчыка-неандэртальца і інш.). У 4—3-мтыс. да н.э. тут існавала неалітычная кельтэмінарская культура, на позніх этапах якой пачаўся пераход да земляробства і жывёлагадоўлі. У эпоху бронзы ўзнікла штучнае арашэнне. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э.тэр. У. насялялі іранскамоўныя плямёны, якія стварылі шэраг дзярж. утварэнняў — Бактрыю, Согд Харэзм, у стэпах і пустынях жылі качэўнікі-жывёлаводы сакі. У 6 ст. да н.э. тут усталявана ўлада Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 да н.э. ў Согд і Бактрыю ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага і заваявалі іх пасля доўгага змагання з мясц. насельніцтвам на чале са Спітаменам. Каля 250 да н.э. намеснік Селеўкідаў у Бактрыі стварыў Грэка-Бактрыйскае царства, якое ў сярэдзіне 2 ст. да н.э. знішчылі тахары. У 1 ст. да н.э. — 3 ст.н.э.тэр. У. ў складзе Кушанскай дзяржавы. У 5 ст. тут усталявана ўлада эфталітаў, у 560-я г. — цюркаў з Заходне-Цюркскага каганата. У пач. 8 ст. пачаліся арабскія заваяванні. У 712 арабы заваявалі Харэзм і раён паміж рэкамі Амудар’я і Сырдар’я, які назвалі Маверанахр. Мясц. насельніцтва супраціўлялася заваёўнікам, найбуйнейшым было Муканы паўстанне ў 770—780-я г. З таго часу ва У. пашырыўся іслам, які хутка выцесніў мясц. рэлігіі (будызм, зараастрызм, маніхейства, хрысціянства). Панаванне арабаў у 9 ст. змянілася ўладай мясц. дынастый, утворана Саманідаў дзяржава са сталіцай у г. Бухара. У 999 яна заваявана аб’яднаннем цюркскіх плямён на чале з дынастыяй Караханідаў, тэр. У. апынулася пад уладай адной з цюркскіх дынастый — Газневідаў. Пачалося фарміраванне цюркскай народнасці, якая пазней атрымала назву узбекаў. У канцы 11 ст.Караханідаў дзяржава трапіла ў залежнасць ад сельджукаў, З 12 ст. — каракітаяў. З канца 12 ст. пачалося ўзвышэнне Харэзмшахаў дзяржавы, правіцелі якой у пач. 13 ст. аб’ядналі пад сваёй уладай Сярэднюю Азію і Іран. У 1219—21 у Сярэднюю Азію ўварваліся манголы (гл.Мангольскія заваяванні), якія спустошылі краіну. Большая ч.тэр. У. ўвайшла ў склад Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. які ў пач. 14 ст. распаўся на дробныя ўладанні. У канцы 14 ст. ўтварылася дзяржава Цімура (1336—1405) са сталіцай у г. Самарканд. У 15 ст. дзяржава Цімурыдаў дасягнула росквіту, асабліва Самарканд у час кіравання Улугбека [1409—49]. На мяжы 15—16 ст. уладанні Цімурыдаў заваяваны плямёнамі узбекаў на чале з Шэйбані-ханам, якія далі сваю назву цюркскай народнасці, што ўжо склалася на тэр. У. Паступова ўтварыліся 3 дзяржавы на чале з узб. дынастыямі: Бухарскае ханства (з сярэдзіны 18 ст.Бухарскі эмірат), Хівінскае ханства і Какандскае ханства (з канца 18 ст.). Найб. моцнае з іх Какандскае ханства ў 1-й пал. 19 ст. праводзіла актыўную заваёўніцкую палітыку зямель кіргізаў і казахаў. Рух какандцаў прывёў да сутыкнення на Пн з сустрэчнай рас. экспансіяй у напрамку Сярэдняй Азіі. У 1853 рас. войскі авалодалі какандскай крэпасцю Ак-Мячэць (цяпер Кзыл-Арда), а з 1864 пачалі наступленне на гал. цэнтры Какандскага ханства. У 1864 рас. армія заваявала Ташкент, а ў 1867 прымусіла какандцаў прызнаць вярх. ўладу Расіі. Пасля кароткачасовай вайны рас. пратэктарат у 1868 прызнаў Бухарскі эмірат, а ў 1873 і Хівінскае ханства. У 1866 створана Туркестанскае ген.-губернатарства са сталіцай у Ташкенце. Пасля Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. Пад прамым рас. кіраваннем ген.-губернатар К.П.Каўфман правёў зямельную рэформу, што спрыяла развіццю рыначных адносін. Будаваліся чыгункі. Неўзабаве У. стаў гал. раёнам вытв-сці бавоўны ў Расіі (потым СССР). Пагаршэнне становішча насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны прывяло да Сярэднеазіяцкага паўстання 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на тэр. У. створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова пачалі фарміравацца нац.узб. арганізацыі «Шура-і-Іслам», «Шура-і-Улема». 14.11.1917 улада ў Ташкенце перайшла да Савета на чале з бальшавікамі. Адначасова ў Какандзе лідэры узб.нац. арг-цый стварылі ўласны ўрад — Какандскую аўтаномію (ліквідавана ў лют. 1918 Чырв. Арміяй) 30.4.1918 абвешчана Туркестанская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У лют. 1920 Чырв. Армія скінула хівінскага хана, створана Харэзмская Народная Савецкая Рэспубліка; у вер. 1920 скінуты бухарскі эмір і абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка. Да 1926 працягвалася змаганне з басмацтвам. У 1921—22 і 1926—29 тут праведзена зямельна-водная рэформа. 27.10.1924 рашэннем ЦВКСССР створана Узб. ССР. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў У. (13 17.2.1925) прыняў Дэкларацыю пра дзярж. суверэнітэт Узб. ССР. У 1929 пачалася прымусовая калектывізацыя, што прывяло да новага ўздыму басмацкага руху. За гады сав. улады ва У. створана буйная прам-сць, узнікла узб. інтэлігенцыя, якая імкнулася пашыраць культуру ў масы. У Вял.Айч. вайну ва У. эвакуіравана больш за 90 прадпрыемстваў і ўстаноў, у т. л. з Беларусі; каля 200 тыс. дзяцей. Больш як 280 воінам з У. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 18 чал. за вызваленне Беларусі. Разам з дасягненнямі да 1980-х г. нарасталі негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з монакультурай бавоўны, абмяленнем Арала. 20.6.1990 Вярх. СаветУзб. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, а 31.8.1991 абвясціў дзярж. незалежнасць У. Урад прэзідэнта І.А.Карымава праводзіць палітыку развіцця рыначных адносін і ўмацавання эканам. сувязей з інш. краінамі, курс на пабудову свецкай дзяржавы. У. — чл.ААН (з 1992), Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.2.1993.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Ва У. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.-дэмакр. партыя У., Нац.-дэмакр. партыя У. «Фідакарлар», Дэмакр. партыя нац. адраджэння, Сацыял-дэмакр. партыя У. «Адалат» («Справядлівасць»), Узбекістан «Халк бірлігі» харакаці (Рух «Народнае адзінства»).
Гаспадарка. У. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 46,3 млрд.дол. (2,3 тыс.дол. на 1 чал.). Прыярытэтныя галіны эканомікі — нафтавая і газавая, апрацоўчая, сельская гаспадарка, электраэнергетыка, металургія, машынабудаванне, хімічная. На долю прамысловасці і буд-ва прыпадае каля 30% ВУП. У краіне каля 11 тыс. прадпрыемстваў. Паліўна-энергет. комплекс уключае здабычу нафты і прыроднага газу (нафтагазаносныя раёны — Усцюрцкі, Бухара-Хівінскі, Паўд.-Зах.-Гісарскі, Ферганскі, Сурхандар’інскі; газавыя радовішчы — Шуртанская і Мубарэкская групы), бурага вугалю (Ангрэнскае, Шаргунскае і Байсунскае радовішчы, агульныя запасы 2 млрд.т). У 2000 здабыта нафты 8,1 млн.т, газу 55,6 млрд.м³, вугалю 3,8 млн.т. Перапрацоўка нафты на Алтыарыкскім, Бухарскім і Ферганскім з-дах, газу — на Шуртанскім і Мубарэкскім з-дах. Аснову энергетыкі складаюць ЦЭС, якія працуюць пераважна на газе (Ташкенцкая, Сырдар’інская, Тахіяташская ДРЭС) і ГЭС (каскад ГЭС на р. Чырчык, Фархадская на р. Сырдар’я). 37 электрастанцый, вытв-сць электраэнергіі 45,3 млрд.кВт∙гадз (1999). Каляровая металургія грунтуецца на мясц. сыравіне. Здабыча і перапрацоўка медных і поліметал. руд на Ангрэн-Алмалыкскім вузле. Вытв-сць канцэнтрату вальфраму і малібдэну ў Чырчыку, золата і рэдказямельных металаў на Наваійскім горна-металургічным камбінаце. У. займае 5-е месца ў свеце па запасах і 7-е месца па здабычы золата. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у г. Бекабад. Гал. спецыялізацыя машынабудавання — с.-г. машынабудаванне: вытв-сць машын для баваўнаводства (трактары, сеялкі, бавоўнаўборачныя машыны) і бавоўнаачышчальнага абсталявання, тэхнікі для шаўкаводства, абсталявання для тэкст., нафтахім. і газавай прам-сці, машын для ірыгацыі (Ташкент, Каканд, Андыжан). Развіта авіяц.прам-сць (вытв-сць грузавых і пасаж. самалётаў маркі «Іл» і на іх базе палівазаправачных, сан. і пажарных мадэлей самалётаў) у Ташкенце. Аўтамабілебудаванне: узб.-кар. прадпрыемства «УзДэу» (г. Асака) і узб.-тур. прадпрыемства па вытв-сці аўтобусаў (г. Самарканд). Хім.прам-сць: вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў (Чырчык, Самарканд, Фергана, Наваі), хім. валакна (Фергана), пластмас (Ташкент, Джызак), гумава-тэхн. вырабаў, быт. хіміі, лакаў і фарбаў (Алмалык, Наманган, Ташкент), медыкаментаў (Ташкент). Гідролізныя з-ды ў Андыжане, Фергане, Янгіюлі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, цэглы, вапны, керамікі, шыферу, жалезабетонных вырабаў) у Бекабадзе, Ангрэне, Наваі, Ташкенце. Важнае месца ў прам-сці займаюць традыц. галіны: лёгкая (каля 40% прамысл. прадукцыі), у т. л. бавоўнаачышчальная (1,3 млн.т. бавоўнавалакна; Андыжан, Бухара, Янгіюль і інш.), баваўняная (Бухара), шаўковая (Маргілан, Наманган і інш.), шарсцяная (Хіва), дывановая (Бухара), гарбарна-абутковая (Каканд, Фергана), швейная; харчасмакавая (алейная, масласыраробная, мясная, мукамольная, крупяная, плодаагароднінакансервавая, вінаробная, тытунёвая, рыбная). Нар.маст. промыслы. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі У. (31,7% ВУП), забяспечвае 70% унутр. тавараабароту і 55% валютных паступленняў. Недзярж. сектар дае калі 95% с.-г. прадукцыі. С.-г. ўгоддзі займаюць (млн.га, 2000) 23,5, у т. л. ворныя землі 4,1, сенажаці 0,1, пашы 18,9; арашаецца каля 4,2. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — арашальнае земляробства (55,2% с.-г. прадукцыі). Пасяўныя пл. (тыс.га, 2000) 3778, у т. л. пад збожжавымі 1610, тэхн. 1510 (бавоўнік 1440), кармавымі 429 (люцэрна 220), бульбай, агароднінай і бахчавымі 219. Гал. спецыялізацыя сельскай гаспадаркі — баваўнаводства на паліўных землях. Найб. пасевы ў далінах Ферганскай, Сырдар’і і Зераўшана, нізоўях Амудар’і. У паўд. раёнах (Бухарскі, Кашкадар’інскі і Сурхандар’інскі вілаеты) вырошчваюць тонкавалакністыя гатункі бавоўніку. У. займае 1-е месца ў СНД па зборы бавоўны-сырцу (3 млн.т) і 2-е месцаў свеце па экспарце бавоўны. З тэхн. культур вырошчваюць таксама кенаф, тытунь, цукр. трыснёг. У апошнія гады павялічваюцца пасяўныя плошчы і збор збожжавых культур. Рыс, кукурузу, джугару вырошчваюць на паліўных землях; пшаніцу, ячмень і інш. — на багарных. Развіты агародніцтва, бахчаводства, бульбаводства, пладаводства (абрыкосы, персікі, яблыкі, вішні, гранат, інжыр. хурма, міндаль), вінаградарства. Збор (тыс.т, 2000): збожжа 3924, агародніны 2644, бульбы 731, садавіны 204, вінаграду 120, бахчавых 5, тытуню 24. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Асн. раён каракулегадоўлі — пустыня Кызылкум, танкарунная і мяса-сальная авечкагадоўля ў перадгорных і горных раёнах. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу мяснога і мяса-малочнага кірунку, свіней, коз, коней, вярблюдаў. Птушкагадоўля. Гал. раёны вытв-сці прадукцыі жывёлагадоўлі — Бухарскі, Кашкадар’інскі, Сурхандар’інскі, Самаркандскі, Джызакскі вілаеты і Каракалпакстан. Пагалоўе (млн. галоў, 1998): авечак 8,6, буйн. раг. жывёлы 5,2, свіней 0,2, коз 0,7, птушак 12,3. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 841 тыс.т, малака 3632,5 тыс.т, шкурак каракуля 1,5 млн. штук, грубай авечай воўны 18 тыс.т Шаўкаводства пашырана ў Ферганскай даліне (каля 30 тыс.т коканаў штогод). Рыбалоўства. Зверагадоўля. Асн.від транспарту — чыгуначны (80% грузаабароту). Даўж. чыгунак 3,5 тыс.км, у т. л. электрыфікавана 500 км. Даўж. аўтадарог 43,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 42 тыс.км. Суднаходства па р. Амудар’я. 13 аэрапортаў. 9 буйных газаправодаў (даўж. больш за 4 тыс.км). Курорты: Ташкенцкія мінер. воды, Чартак, Чыміён, Шахімардан. Замежны турызм (даход 21 млн.дол.). Экспарт (3,8 млрд.дол., 1998): бавоўнавалакно, прыродны газ, электраэнергія, каляровыя металы, харч. прадукты. Імпарт (4,1 млрд.дол., 1998): машыны абсталяванне, лес, спажывецкія тавары Асн.гандл. партнёры: Расія, Паўд. Карэя, Турцыя, Германія, ЗША, Італія, Туркменістан. Рэспубліка Беларусь экспартуе ва У. трактары, шыны, імпартуе бавоўнавалакно. Грашовая адзінка — сум.
Узброеныя сілы налічваюць 58 тыс.чал. (2000). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, спец. войск і нац. гвардыі. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 12 месяцаў. У сухап. войсках больш за 35 тыс.чал., у ВПС і ППА каля 9 тыс.чал., у спец. войсках і нац. гвардыі больш за 10 тыс.чал. На ўзбраенні каля 950 танкаў і баявых браніраваных машын, больш за 100 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 500 артыл. гармат, 150 баявых самалётаў, каля 130 верталётаў і інш.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне дзярж., платнае, прыватнае. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 67 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост — 1,8%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 120 чал., урачамі — 1 на 302 чал. Дзіцячая смяротнасць — 72 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульная (школьная) адукацыя складаецца з 3 ступеней: пачатковая (1—4 кл.), абавязковая (5—9 кл.) і сярэдняя (10—11 кл.). Выкладанне вядзецца на узб., рус., каз., кірг., каракалпакскай, тадж., карэйскай і інш. мовах. Сярэднюю спец. адукацыю можна атрымаць і ў спецыялізаваных каледжах і акад. ліцэях. Сістэма вышэйшай адукацыі прадугледжвае: няпоўную вышэйшую адукацыю (выдаецца дыплом малодшага спецыяліста пэўнай кваліфікацыі); базавую вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень бакалаўра); закончаную вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень магістра). У 2002/03 навуч.г. ва У. 63 ВНУ, у т. л. 20 ун-таў. Буйнейшыя ВНУ: Нац.ун-т У., пед. і аграрны ун-ты, электратэхн. ін-т сувязі, мед. № 1 і № 2 ін-ты — усе ў Ташкенце; ун-ты ў гарадах Нукус і Самарканд. Буйнейшыя б-кі: Каракалпакстанская рэсп. (г. Нукус), абл.навук.-універсальныя ў гарадах Ташкент, Андыжан, Бухара, Наманган, Самарканд, Тэрмез, Фергана, Ургенч і інш.; Рэсп. дзіцячая і Рэсп.цэнтр. для сляпых у Ташкенце. Найб. музеі: Нац. гісторыі У., Літ. імя А.Наваі, гісторыі Цімурыдаў, алімпійскай славы, мастацтваў, прыкладнога мастацтва, прыроды, Дом-музей У.Тансыкбаева — усе ў Ташкенце; мастацтваў Рэспублікі Каракалпакстан (г. Нукус), арх.-маст. музей-запаведнік (г. Бухара), археал. (г. Тэрмез), музей-запаведнік «Ічан-Кал’а» (г. Хіва) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Нац.АН (засн. ў 1943), галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і інш.ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ва У. выдавалася каля 460 газет і часопісаў, з іх больш за 200 на узб. мове. Найб. тыраж маюць «Правда Востока» (з 1917, на рус.), «Халк сузи» («Народнае слова», з 1991, на узб. і рус. мовах). Інфарм. агенцтва — Нац.інфарм. агенцтва У. (УзА, з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Дзярж.к-т па справах радыё і тэлебачання. Радыёвяшчанне з 1927. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., тадж., каз., тат., каракалп., уйгурскай мовах, з 1947 і на замежжа. Тэлебачанне з 1956. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., каз. мовах, рэтрансліруюцца перадачы з Масквы, Бішкека, Душанбе. Дзейнічае сетка абл. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Развіваецца на узбекскай мове. Вытокі яе ў багатым узб. фальклоры (дастаны, казкі, песні, нар. драма і інш.). Найб. пашыраны эпічны жанр — дастан, звязаны з гісторыяй народа. Вядомы літ. апрацоўкі казачных сюжэтаў (запісана каля 300 тэкстаў), складзеных нар. сказіцелямі: гераічныя эпасы «Алпамыш», «Айслу»; героіка-рамант. «Гораглы», «Рустамхан»; раманічныя «Арзігуль», «Тахір і Зухра»; воінскія «Юсуф і Ахмед», «Алібек і Балібек»; гіст. «Талганай», «Тулумбек»; літ. паходжання «Фархад і Шырын», «Лейлі і Меджнун» і інш. Першыя помнікі узб. пісьменнасці (на цюрк. мове) дайшлі з 11 ст.: дыдактычная паэма Ю.Баласагуні «Веды, што даюць шчасце» (1069), праца М.Кашгары «Слоўнік цюркскіх гаворак» (1072—74), насычаная фалькл. матэрыялам, кн. А.Югнакі «Дар ісцін» (канец 12 — пач. 13 ст.). У 14—15 ст. паявіліся творы на стараузб. мове: рамант. паэмы «Юзуф і Зулейха» Дурбека, «Гуль і Наўруз» Лутфі (1411), творы Атаі, Сакакі і інш. Росквіту узб.л-ра дасягнула ў творчасці паэта-гуманіста Наваі. У 16—19 ст.фалькл. і літ. сюжэты апрацоўвалі паэты Меджлісі, Саадзі, Нішаці Харэзмі, Салахі, Сайкалі, Надзіра і інш. Узнікла маст. проза: апавяданні Хаджы (16 ст.), мемуарныя творы Б.Абу-ль-Газі (17 ст.), алегарычная аповесць «Апавяданні пра Саву, або Прыказкі» М.Гульхані (канец 18 — пач. 19 ст.); развіваліся лірыка Муніса Харэзмі (канец 18 — пач. 19 ст.), сатыр. паэзія ў творах З.Бабура, Б.Машраба, Турдзі, М.Махмура, М.Агахі. З далучэннем Сярэдняй Азіі да Расіі (2-я пал. 19 ст.) перадавая рус. грамадска-эстэт. думка паўплывала на паэтаў М.Мукімі, Фурката, У.Заўкі, А.Аваза, у творчасці якіх паглыбіліся рэалізм і народнасць. Пачынальнікі узб.сав. л-ры — Х.Хамза і Айні. У 1920-я г. выступілі маладыя паэты Гафур Гулям, Айбек, Уйгун, А.Кахар, Алімджан Хамід, К.Яшэн. Развіваліся маст. проза (раманы А.Кадыры, аповесці і апавяданні Айдын, Гайраці, Уйгуна), драматургія (п’есы Хамзы, Яшэна). У 1930-я г. з прыходам у паэзію М.Шэйхзадэ, С.Джуры, У.Насыра, Зульфіі, Міртэміра, Абдулы Сабіра пашырылася яе тэматыка, узбагацілася жанрава-стылявая палітра. У прозе выступалі Кадыры, Кахар, Х.Шамс, Айбек, Айдын, у драматургіі — Яшэн, Н.Сафараў. У Вял.Айч. вайну пераважала публіцыст. паэзія (Гафур Гулям, Алімджан Хамід, Уйгун, Шэйхзадэ і інш.). Пасляваен. л-ра стала больш разнастайнай па тэматыцы, жанрах і формах. Навелістыка і публіцыстыка ваен. гадоў у пэўнай ступені падрыхтавалі асэнсаванне воінскага подзвігу народа ў эпічных жанрах — аповесці і рамане («Сапраўднае каханне» І.Рахіма, «Сонца не згасне» Айбека, «Гады ў шынялях» Шухрата, «Гарызонт» Саіда Ахмада). У 1950—60-я г. ў л-ры пераважалі тэмы вёскі (раманы Айбека, Кахара, Рахіма), гіст.-рэв. (творы Х.Гуляма, М.Ісмаілі), пераемнасці рэв.-гіст. і культ. традыцый (А.Мухтар), духоўнага аблічча сучасніка (раманы П.Кадырава, А.Якубава, Мірмухсіна і інш.). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі аповесць (Саід Ахмад, Мухтар, У.Умарбекаў, Кадыраў, Якубаў, С.Зунунава, Х.Назір), мемуарная л-ра (Айбек, Кахар, Сафараў), зарадзіўся жанр паэмы (Т.Тула, Мірмухсін, Х.Гулям, М.Бабаеў і інш.). Традыцыі узб. драматургіі прадоўжылі І.Султан, Сафараў, Кахар, С.Азімаў і інш. У 1990-я — пач. 2000-х г. у л-ры плённа працавалі празаікі Кадыраў, Якубаў, Мірмухсін, Умарбекаў; паэты Э.Вахідаў, А.Арыпаў, Шукруло і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў У.
На бел. мове выдадзены кнігі узб. казак «Узбекскія народныя казкі» (1959), «Дзве сястры» (1966), «Кемлівыя браты» (1981, пер. І.Сакалоўскі); анталогіі паэзіі «Спявае Узбекістан» (1962) і «Сонца ў арыках» (1966); зб-кі «Узбекскія апавяданні» (1966), «Вясёлка над арыкам» (1986), «Другі перавал» (1990, пер. В.Іпатава, М.Філіповіч, У.Яцко); кнігі паэзіі «Лірыка» (1967) і «Такое сэрца ў мяне» Зульфіі (1985, пер. Э.Агняцвет), «Яблык на ўсіх» П.Муміна (1986, пер. Іпатава); раманы і аповесці «Мацней за буру» Ш.Рашыдава (1963, пер. П.Кавалёў і А.Кулакоўскі), «Зялёная горка» Умарбекава (1976, пер.М.Татур), «Чарадзейная шапка» (1976) і «Канец Жоўтага Дзіва» Х.Тухтабаева (1983, абедзве пер. З.Петрушэня і Л.Цяляк), «Кроў на камені» Я.Шукурава (пер. У.Шахавец) і «Вогненная рака ў пясках» Назіра (пер. Цяляк, абедзве 1977), «Яго вялікасць Чалавек» Р.Файзі (1978, пер. Кулакоўскі), «Дні праклёну і дні надзеі» Сафарава (1982, пер. А.Жук), «Пагорак з цюльпанамі» Л.Махмудава (1985, пер. Петрушэня і Цяляк). У бел. перыёдыцы друкаваліся пераклады твораў М.Абдукарымава, М.Алі, Арыпава, Э.Ахунавай, Гафура Гуляма, Х.Даўрона, Дж.Джабарава, Г.Джураевай, Зульфіі, Т.Ільхамава, М.Карыева, А.Матчана, А.Мухтарава, Наваі, Назіра, А.Раджабава, А.Умары, Р.Фархадзі, Х.Шарыпава, Шукруло, Якубава і інш. Сярод перакладчыкаў узб. пісьменнікаў на бел. мову: Р.Барадулін, С.Блатун, В.Вітка, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Жуковіч, П.Кавалёў, М.Калачынскі, І.Калеснік, С.Ліхадзіеўскі, В.Лукша, М.Маляўка, Я.Міклашэўскі, С.Міхальчук, А.Разанаў, Ю.Свірка, У.Скарынкін, П.Стэфановіч, М.Танк, К.Цвірка, М.Чарняўскі і інш.
Архітэктура. Гарады на тэр. У. ўзніклі ў 1-мтыс. да н.э. Многія з іх у 4 ст. да н.э. былі рэгулярна спланаваныя, абкружаныя магутнымі сценамі з вежамі і брамамі (Тэрмез, Тапрак-Кала). Будавалі з сырцу і пахсы, з бэлечнымі перакрыццямі, часам ужывалі скляпенні, на Пд — каменныя абліцовачныя блокі і пліты. У часы Кушанскага царства ўзводзілі будыйскія манастыры (Айртам, Кара-Тэпе), храмы мясц. культаў (Кой-Крылган-Кала). Для 6—8 ст. характэрны масіўныя 2-павярховыя замкі-кёшкі са скошаным цокалем, гладкімі ці «гафрыраванымі» сценамі, палацы з параднымі заламі, дамы і храмы, аздобленыя сценапісамі і скульптурай. Сярэдневяковыя гарады мелі планы няправільных абрысаў і стыхійную забудову, уключалі цытадэль, кёшк, гар. ядро — шахрыстан, часам прадмесце — рабат (Самарканд, Бухара, Варахша). Ва ўжытак уведзены абпаленая, часам і глазураваная цэгла, скляпеніста-купальныя канструкцыі; у дэкоры выкарыстоўвалі традыц. разьбу па стука і дрэве, фігурную цагляную муроўку, абліцовачныя пліткі, у інтэр’еры — арнаментальныя размалёўкі. У 9—12 ст. выпрацавалася тыпалогія мусульм. культавага і грамадз. дойлідства (мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, караван-сараі, крытыя рынкі). Вар’іраваліся тыпы калоннай купальнай (Чар-Сутун у Тэрмезе) і партальнай (Магакі-Атары ў Бухары) мячэці, загараднай мячэці («намазга»), кругластваловых мінарэтаў з цаглянай узорыстай муроўкай (Джаркурган, Бухара), цэнтральна-купальных маўзалеяў (Араб-ата ў с. Тым), парных купальных пахавальняў (ансамбль Султан-Саадат у Тэрмезе). Пашырана сістэма планіроўкі з вял.унутр. дваром (палац уладароў у Тэрмезе; караван-сарай Рабаці-Малік каля г. Наваі). Архітэктура 14—15 ст. вылучалася маштабнасцю (свецкія, культавыя; мемар. ансамблі Рэгістан у Самаркандзе, Шахі-Зінда, у Шахрысабзе), новымі інж. вырашэннямі, багаццем паліхромнага дэкар. ўбрання (Тур-Эмір, Бібі-Ханым у Самаркандзе). У манум. архітэктуры пашырыўся тып будынка з 2—4-айванным дваром і багата дэкарыраваным парадным уваходам-пештаком (мячэці і медрэсэ ў Бухары, Самаркандзе, палац у Шахрысабзе), комплексы маўзалеяў (Ішрат-хана і Аксарай у Самаркандзе). Фасады будынкаў аздаблялі шматколернай наборнай керамічнай мазаікай, інтэр’еры — размалёўкамі арнаментальнай з пазалотай і рэльефнай («кундаль»). У 16—17 ст. завершаны парадныя арх. ансамблі ў Бухары і Самаркандзе. З канца 18 ст. ўзводзілі традыц. культавыя будынкі і палацы (у Хіве, Бухары, Какандзе) з выкарыстаннем кампазіцыйных прыёмаў нар. жылля і з пышным дэкорам. Паводле рэгулярных планаў будаваліся новыя гарады (Фергана) і развіваліся старыя. Для нар. архітэктуры 18 — пач. 20 ст. характэрны дамы з рассоўнымі сценамі і аканіцамі, дэкар. сценавымі нішамі і разьбой па ганчы, замкнёны дворык з айванамі на драўляных калонах, айваны з фігурнымі калонамі, насценнымі размалёўкамі і разьбой. Вясковыя сядзібы часта імітавалі формы крапасной архітэктуры. У канцы 19 — пач. 20 ст. будавалі ў духу эклектычнай еўрап. архітэктуры. Грамадскія будынкі 1-й пал. 20 ст. ў стылях канструктывізму і неакласіцызму (Дом урада ў Ташкенце, арх. С.Палупанаў), з элементамі манум. сярэдневяковага дойлідства і нар. жытла. Узорным стаў будынак Вял.т-ра оперы і балета ў Ташкенце (арх. А.Шчусеў), у якім класічныя формы спалучаны з традыц. сярэднеазіяцкім дэкорам. У 1960—70-я г. асвоена буйнаблочнае шматпавярховае домабудаўніцтва з улікам клімату і сейсмічнасці. Пасля землетрасення 1966 Ташкент адноўлены з улікам прынцыпаў сучаснай планіроўкі, з 1977 дзейнічае метрапалітэн. Архітэктура 1980—90-х г. адметная функцыянальнасцю прасторавых кампазіцый і аб’ёмаў, выкарыстаннем манум. жывапісу, скульптуры, традыц.нар.арх. дэкору: у Ташкенце — Палац мастацтваў (1962—64, арх. У.Бярэзін і інш.), гасцініцы «Узбекістан» (1974, арх. І.Мерпарт і інш.), «Масква» (1982, арх. У.Співак); гасцініца «Самарканд» (1971, арх. А.Айдынава і інш.), мемар. комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе. у 1934—35 засн. Саюз архітэктараў У.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найстараж. помнікі мастацтва на тэр. У. адносяцца да эпохі мезаліту (наскальныя размалёўкі вохрай у цясніне Зараут-Сай). З часоў неаліту вядомы ляпная кераміка з грубаватым пазногцевым або прамаляваным арнаментам, петрогліфы з выявамі жывёл. У эпоху бронзы развівалася маст. ліццё, у кераміцы земляробчых паселішчаў і стэпавых плямён пашырыўся геам. арнамент. Ахеменідскаму мастацтву блізкія вырабы канца 1-га тыс. да н.э. (мармуровая скульпт. капітэль з Султануіздага, гемы з Афрасіяба); асобныя ўзоры дробнай пластыкі маюць рысы «звярынага стылю». У 4 ст. да н.э. ў выяўл. мастацтве складваліся лакальныя стылі (манум. скульптура і размалёўкі Дальверзін-Тэпе, Айртама, Халчаяна, Тапрак-Калы, Ер-Кургана; карапластыка Бактрыі, Согда, Харэзма). У 6 — пач. 8 ст. ў разьбе па стука і дрэве (Афрасіяб, Джумаляк-Тэпе, Варахша) плоскасны рэльеф змяніўся на аб’ёмныя пластычныя формы. Традыцыі будыйскай пластыкі ўвасобіліся ў скульптуры храма Кувы (Фергана). Манум. размалёўкі вылучаюцца плоскаснасцю і дэкаратыўнасцю, складаным лінеарным малюнкам, багаццем колеравых спалучэнняў (Балалык-Тэпе, Афрасіяб, Варахша). З паяўленнем ісламу змяніўся арнамент. Пашырылася дэкар.-прыкладное мастацтва (шкларобства, кераміка, ткацтва і інш.). У канцы 14—15 ст. інтэр’еры размалёўваліся арнаментальнымі ўзорамі, у т. л. з пазалотай, з 2-й пал. 15 ст. пашырылася рэльефная на глінянай аснове шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль». У 16—17 ст. дасягнулі росквіту сярэднеазіяцкая школа мініяцюры, традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 18 — сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ткацтва, набіванка, вышыўка, залатое шыццё, дыванаткацтва, выраб насценных пано — сюзанэ, апрацоўка скуры, маст. вырабы з металу. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіўся станковы жывапіс з рысамі этнаграфізму і пасіўнага бытаапісальніцтва (І.Казакоў, С.Юдзін). Станаўленню выяўл. мастацтва У. садзейнічала развіццё ў 1910-я г. агітацыйна-масавых відаў мастацтва, плаката, сатыр. малюнка, кніжнай графікі (У.Раждзественскі, І.Ікрамаў, М.Курзін, А.Нікалаеў, С.Мальт, М.Хакімджанаў і інш.). Сярод жывапісцаў 1920-х г. вылучаліся Л.Бурэ, П.Бянькоў, А.Волкаў, М.Карахан, Нікалаеў, У.Тансыкбаеў, А.Татэвасян, у творчасці якіх па-рознаму выявіліся пошукі нац. самабытнасці, разнастайнасць стылістычных вырашэнняў, святлоценявых і каларыстычных прыёмаў. У 1930-я г. метад сацыяліст. рэалізму распрацоўвалі Н.Кашына, З.Кавалеўская, мастакі А.Абдулаеў, Р.Цімураў, Б.Хамдамі. У гады Вял.Айч. вайны працавалі «Окна УзТАГа», ствараліся плакаты, жывапісныя карціны, прысвечаныя гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу. У 1950-я г. пераважалі творы на сучасныя тэмы і пейзажы (Р.Ахмедаў, Карахан, В.Уфімцаў, З.Інагамаў), развіваліся манум. жывапіс (Ч.Ахмараў), скульптура (П.Грышчанка, Н.Крымская, А.Іваноў), кніжная і станковая графіка. Сучаснае мастацтва У. характарызуецца багаццем выразных сродкаў, вобразным абагульненнем натуры, узбагачэннем пластычнай мовы (жывапісцы Дж.Умарбекаў, Р.Чарыеў, С.Абдулаеў, Ш.Абдурашыдаў, графікі К.Башараў, У.Кайдалаў, М.Кагараў, А.Цыглінцаў), імкненнем да глыбокага разумення нац. характараў (скульптары А.Ахмедаў, М.Мусабаеў, А.Байматаў, Х.Хуснутдзінхаджаеў, графік Т.Мухамедаў). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (М.Мадаліеў і інш.).
Музыка. Традыц.узб. музыка аднагалосая, элементы двухгалосся сустракаюцца толькі ў інстр. п’есах. У аснове ладавай будовы натуральныя лады. Тонка распрацавана рытміка. Гал. сродак выразнасці — мелодыя. Узб. музыка развівалася як мастацтва вуснай традыцыі ў 3 кірунках: нар. (фалькл.), нар.-прафес. (дастаны — эпічныя паэмы і інш.) і прафес. (макамы і інш.). Фалькл. жанры — ашуля (лірычная песня), яла (песня з запевам саліста і хар. прыпевам), ляпар (муз. дыялог) і інш. Разнастайны інструментарый: струнныя танбур, дутар, домбра, рубаб, гіджак, чанг; духавыя най, буламан, кашнай; ударныя дайра, нагара. Для узб.нар. і прафес. музыкі характэрны 4 асн. лакальныя стылі: фергана-ташкенцкі, харэзмскі, бухарска-самаркандскі, сурхандар’інска-кашкадар’інскі. У 2-й пал. 19 ст. створана т-ва аматараў музыкі, зроблены першыя запісы ўзораў узб.муз. творчасці. З канца 1910-х г. развіваецца прафес. музыка на аснове засваення вопыту сусв.муз. культуры. Уклад у развіццё нац.муз. культуры зрабілі Х.Хамза, А.Абдуганіеў, Л.Бабаханаў, Т.Джалілаў, Д.Ібадаў, А.Насыраў, Ю.Раджабаў, Х.Расулеў, М.Ташмухамедаў, а таксама Р.Гліэр, А.Казлоўскі, Г.Мушэлб, В.Успенскі і інш. Сярод першых нац. опер «Буран» М.Ашрафі і С.Васіленкі (1939), «Лейлі і Меджнуи» Гліэра і Т.Садыкава (1940). Для 2-й пал. 20 ст. характэрна інтэнсіўнае развіццё і засваенне новых муз. жанраў: оперы Ашрафі, С.Бабаева, балеты У.Мусаева, Д.Закірава, хары а капэла М.Бурханава, сімф. творы І.Акбарава, Т.Курбанава, М.Махмудава, М.Таджыева, фп. канцэрты Г.Мушэля, песні А.Мухамедава, Х.Ізамава, Х.Рахімава, Ш.Рамазанава і інш. У 20 ст. ўклад у нац.муз. мастацтва зрабілі: кампазітары Ашрафі, Бурханаў, М.Левіеў, Садыкаў, С.Юдакоў; дырыжоры Д.Абдурахманава, Ашрафі, З.Хакназараў; спевакі А.Азімаў, С.Беньямінаў, К.Закіраў, В.Грынчанка, С.Кабулава, Ф.Лаўт, Х.Насырава, Ф.Янаў-Яноўскі, С.Ярашаў; прапагандыстка нар. песень і танцаў Тамара Ханум; балерыны Г.Ізмайлава, Б.Карыева, М.Тургунбаева. Дзейнічаюць (2002): Узбекскі т-р оперы і балета імя А.Наваі (Ташкент, з 1939); т-р оперы і балета (Самарканд, з 1964); Узб.муз.т-р (Ташкент, з 1971); т-ры муз. драмы і камедыі (Андыжан, з 1927; Бухара, з 1930; Наманган, з 1931); Дзярж.сімф. аркестр У. і аркестр нар. інструментаў (абодва з 1938); хар. капэла (1952); Ін-т мастацтвазнаўства імя Хамзы (з 1928); кансерваторыя (з 1936); ін-т культуры (з 1973); філармонія (з 1936 — усе ў Ташкенце); муз. вучылішчы і школы. У 1938 створаны Саюз кампазітараў У.
Тэатр. Вытокі узб.т-ра ў вусных паказах традыц.прафес. і нар. т-раў — масхарабозаў і кызыкчы, а таксама т-ра лялек. Для развіцця узб.т-равял. значэнне мела дзейнасць рус.прафес. і аматарскіх труп, якія гастралявалі ў Туркестане з 1870-х г.Літ.узб. драма развіваецца з 1910-х г. Пачынальнік прафес.узб.т-ра — драматург, рэжысёр, акцёр Хамза Хакімзадэ Ніязі, арганізатар першай тэатр. трупы ў Фергане (1918, з 1925 Дзярж. краявая перасоўная ўзорная узб.драм. трупа). Па яго ініцыятыве ўзніклі т-ры ў Ташкенце, Самаркандзе (1918—19), Какандзе (1919), Хіве (1922) і інш. У 1919 у Ташкенце рэж., акцёр і драматург М.Уйгур сфарміраваў узб.прафес. трупу імя К.Маркса, на аснове якой у 1927 створаны Дзярж.узб.т-р (з 1929 імя Хамзы, з 1933 акадэмічны). У канцы 1920-х—30-я г. арганізаваны т-ры ў Фергане, Какандзе, Намангане, Каршы і інш., створана сетка калгасна-саўгасных т-раў. У 1961 шэраг муз.-драм. т-раў рэарганізаваны ў драматычныя. Аснова рэпертуару — пастаноўкі нац. драматургіі: п’есы Хамзы, К.Яшэна, А.Кахара, Ш.Хуршыда, Уйгуна, М.Шэйхзадэ, Х.Алімджана, І.Султанава і інш., класічныя творы. Ставіліся п’есы бел. аўтараў К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона. Уклад у развіццё т-ра У. зрабілі Я.Абдулаева, Г.Агзамаў, Т.Азізаў, І.Аліева, С.Ахмедаў, Я.Бабаджанаў, А.Бакіраў, Ш.Бурханаў, А.Гінзбург, А.Джалілаў, Г.Загурская, С.Ішантураева, М.Карыева, Ш.Каюмаў, М.Кузняцова, М.Любанскі, З.Мадаліеў, Э.Малікбаева, Я.Маматханаў, М.Мансураў, М.Міракілаў, С.Рахманаў, З.Садрыева, Т.Султанава, А.Турдыеў, А.Хаджаеў, Р.Хамраеў, А.Файзіеў, М.Юсупаў і інш. У 1945 у Ташкенце створаны Ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. У 1924 арганізавана рус.-бухарскае т-ва «Бухкіно», якое выпускала дакумент. фільмы, у 1925 — трэст «Узбекдзяржкіно» і адкрыта кінафабрыка «Шарк Юлдузі» (з 1958 кінастудыя «Узбекфільм»). Зняты фільмы, прысвечаныя актуальным праблемам У.: «Мусульманка» (1925), «Другая жонка» і «Чадра» (1927), «Крыты фургон» (1928), «Рамазан» (1938), «Джыгіт» («Егіт», 1936) і інш. З 1930-х г. ва узб. кіно працавалі рэжысёры Ю.Агзамаў, Н.Ганіеў, М.Каюмаў, А.Саідаў, С.Хаджаеў, З.Хамраеў, К.Ярматаў. У 1937 створаны першы гукавы фільм «Клятва». У Вял.Айч. вайну папулярнасцю карысталіся узб. фільмы-канцэрты «Сябрам на фронце» (1942), «Падарунак Радзімы» (1943) і інш. Ва У. эвакуіраваны кінастудыі інш. рэспублік. У пасляваен. гады значным дасягненнем сталі фільмы «Тахір і Зухра» (1945), «Дачка Ферганы» (1948, рэж. абодвух Ганіеў), «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Калі квітнеюць ружы» (1959, рэж. усіх Ярматаў), «У імя шчасця» (1957), «Зачараваны табой» (1959, рэж. абодвух Агзамаў). У 1960-я г. творчую дзейнасць пачалі рэжысёры Ш.Абасаў, Х.Ахмар, Р.Батыраў, Э.Ішмухамедаў, К.Камалава, У.Назараў, Д.Салімаў, А.Хамраеў, А.Хачатураў. Для узб. кіно 1960—70-х г. характэрна тэматычная і жанравая разнастайнасць: «Птушка-невялічка» (1961, рэж. Х.Файзіеў), «Ты не сірата» (1963), «Ташкент — горад хлебны» (1968, рэж. абодвух Абасаў), «Белыя, белыя буслы» (1967, рэж. Хамраеў), «Пяшчота» (1967), «Закаханыя» (1969, рэж. абодвух Ішмухамедаў); гіст. «Зорка Улугбека» (1958, 1961, 1965, рэж. Файзіеў), «Мінулыя дні» (1970, рэж. Агзамаў), «Адна сярод людзей» (1974, рэж. Ярматаў), «Горкая ягада» (1975, рэж. Камалава), «Чалавек сыходзіць за птушкамі» (1976, рэж. Хамраеў), «Чужое шчасце» (1979, рэж. Камалава), «Юнацтва генія» (1983, рэж. Ішмухамедаў); дзіцячыя «Ластаўкі прылятаюць вясной» (1975, рэж. Ахмар), «Гарэза» (1977, рэж. Салімаў), «Ясныя Ключы» (1979, рэж. А.Акбархаджаеў) і інш. З 1980-х г. ва узб. кіно працуюць рэжысёры М.Абзалаў, З.Ройзман, аператары А.Ісмаілаў, Д.Абдулаеў, Т.Каюмаў, рэжысёры-дакументалісты Н.Атаўлаева, А.Карымаў, Каюмаў, Т.Надыраў, Т.Рузіеў і інш. Сярод фільмаў 1980—90-х г. «Тайнае падарожжа Эміра» (1986), «Апошняе падарожжа Каіпа» (1989, рэж. абодвух Ф.Даўлетшын), «Кілер» (1998, рэж. Д.Амірбаеў), «Мама» (2001, рэж. Б.Адылаў, З.Мусакаў). Творчым пошукам вызначаюцца фільмы Ю.Разыкава «Аратар» (1998), «Жаночае царства» (2000), «Танец мужчын» (2002). У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў У.
Беларусы ва Узбекістане. Выхадцы з Беларусі з’явіліся ва У. ў часы Рас. імперыі і СССР. Летам 1941 сюды эвакуіравана ч. насельніцтва БССР, у т. л. ў Ташкент — акадэмікі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя, сярод іх і Я.Колас, якія знаходзіліся тут да 1943—44. Паводле перапісу 1989 ва У. жыло 29 427 беларусаў. У 1993 у Ташкенце засн. беларускі культ. цэнтр «Світанак».
Літ.:
Вопросы социально-экономической жизни Узбекистана в XVI — начале XX вв.: Сб. науч. тр. Самарканд, 1988;
Узбекистан: страницы истории. Ташкент, 1991;
Березиков Е.Е. Легенды и тайны Узбекистана. Ташкент, 1991;
Республика Узбекистан: рождение независимого государства. Ташкент, 1992;
Гафарлы М.С., Касаев А.Ч. Узбекская модель развития: Мир и стабильность — основа прогресса. М., 2000;
Левитин Л.И. Узбекистан на историческом повороте. М., 2001;
Узбекистан: Десять лет по пути формирования рыночной экономики. Ташкент, 2001;
История узбекской советской литературы М., 1967;
Кор-Оглы Х. Узбекская литература. 2 изд. М., 1976;
Пугаченкова Г.А., Ремпель Л.И. История искусства Узбекистана. М., 1965;
Искусство Советского Узбекистана, 1917—1972. М., 1976;
Терлина М.Д. Узбекское золотое шитье. Л., 1982;
Махмудов Т. Эстетика живописи Узбекистана. Ташкент, 1983;
История и современность: Пробл. муз. культуры народов Узбекистана, Туркмении и Таджикистана. М., 1972;
История узбекской музыки. М., 1979;
Иосько М.И. Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970.
В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), І.І.Герус (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Узбекістана.Краявід у гарах Узбекістана.Да арт.Узбекістан. Ландшафт Ферганскай даліны.Да арт.Узбекістан. Прадукцыя завода грузавых аўтамабіляў.Да арт.Узбекістан. Збор бавоўны.Да арт.Узбекістан. Пустыня Кызылкум.Да арт.Узбекістан. Будынак парламента ў Ташкенце.Да арт.Узбекістан. Горад Бухара.Да арт.Узбекістан. Медрэсэ Чар Мінар у Бухары.Да арт.Узбекістан. Мемарыяльны комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе.Да арт.Узбекістан. Мінарэт і медрэсэ Іслам-Хаджы ў Хіве.Да арт.Узбекістан. М.Карахан. Сейбітка. 1946.Да арт.Узбекістан. А.Волкаў. Дзяўчаты з бавоўнай. 1932.Да арт.Узбекістан. А.Татэвасян. Дарога ў сады. 1928.Да арт.Узбекістан. А.Байматаў. Партрэт Авіцэны. 1967.Да арт.Узбекістан. Кадр з кінафільма «Чужое шчасце». 1979.Да арт.Узбекістан. Кадр з кінафільма «Алішэр Наваі». 1948.Да арт.Узбекістан. М.Мадаліеў. Гарлачык, блюда. піялы 1976—77.