ГА́МБІЯ

(Gambia),

Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс. км². Нас. 1042 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).

Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-ра ліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.

Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс. чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс. ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.

Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.

18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.К.Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл. ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.

Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам 2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс. т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс. т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс. т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт·гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.

У.М.Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)