сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,
высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Яўген Парфір’евіч) (9.3.1909, г. Херсон, Украіна — 3.8.1994),
укр. акцёр. Нар.арт.СССР (1960). Скончыў драм. студыю пры Адэскай дзярж. драме (1928), дзе працаваў з 1926. З 1936 ва Укр. т-ры ім. І.Франко. Творчасць П. вылучалася маст. прастатой, тонкім лірызмам, арганічным спалучэннем паэтычнасці і драматызму. Сярод лепшых роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Іван («Марнасць» І.К.Карпенкі-Карага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Швандзя («Любоў Яравая» К.Транёва), Іскра і Антоніо («Старонка дзённіка» і «Памяць сэрца» А.Карнейчука), Т.Р.Шаўчэнка («Пецярбургская восень» А.Ільчанкі) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАСЮ́К (Аляксандр Іванавіч) (н. 1.11.1950, г. Екацярынбург, Расія),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1989), праф. (1991). Брат В.І.Панасюка. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., аптымальным кіраванні. Увёў і даследаваў новы клас эвалюцыйных ураўн. — квазідыферэнцыяльныя ўраўн., якія апісваюць дынаміку сістэм у метрычных прасторах без лінейнай структуры. Распрацаваў тэорыю магістральнай аптымізацыі кіравальных сістэм (з В.І.Панасюком), глабальную мадэль дынамікі сац. сістэм.
Тв.:
О квазидифференциальных уравнениях в метрическом пространстве // Дифференц. уравнения. 1985. Т. 21, № 8; Асимптотическая магистральная оптимизация управляемых систем. Мн., 1986 (разам з В.І.Панасюком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПКО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 25.3.1935, в. Дварэц Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1958), выкладаў у ім. З 1966 у Віцебску; настаўнічаў, з 1982 у Віцебскім ун-це. Друкуецца з 1962. У зб-ках вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі дзень» (1988) паэтызацыя роднага краю, успаміны пра вайну, адказнасць перад часам і чалавекам. Аўтар апавяданняў і гумарэсак. Пераклаў на бел. мову зб-кі вершаў Ё.Бехера «Вяртанне да сябе», Р.Крафта «Востраў без маяка», кн. паэзіі ням. рамантызму «Закаханы вандроўнік», паасобныя творы Б.Брэхта, Г.Лесінга, Г.Веерта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЭСІ́ЙНАЕ ПРА́ВА (ад лац. possessio уладанне),
права, паводле якога ўладальнікам фабрык і заводаў недваранскага саслоўя дазвалялася набываць сялян для работы на прадпрыемствах. Устаноўлена ў Расіі указам Пятра I 18.1.1721, у адпаведнасці з якім створаны асобы разрад прыгонных фабрычных сялян, прыпісаных назаўсёды да прамысл. устаноў без права адчужэння. Пасэсійныя рабочыя не атрымлівалі ўзнагароджання за працу на пасэсійных прадпрыемствах, але атрымлівалі зямельныя надзелы, якія яны апрацоўвалі для сябе. Да разраду пасэсійных адносіліся і «прыпісныя» сяляне, якіх урад замацоўваў за прыватнымі заводамі і фабрыкамі. Пры Пятру III у 1762 П.п. адменена, у 1798 адноўлена і праіснавала да 1863. Пасэсійнае валоданне землямі месцамі захавалася да 1917.
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1961). Фільмам уласцівы дакладнасць і цэласнасць рэжысёрскай задумы, жанравая разнастайнасць, арганічнае спалучэнне розных, часам кантрастных стылістычных элементаў: «Без страху і папроку» (1963), «Звоняць, адчыніце дзверы» (1966, гал. прэмія Міжнар. фестывалю ў Венецыі), «Кропка, кропка, коска...» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), «Ззяй, ззяй, мая зорка» (1970), «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа ажаніў» (1976), «Экіпаж» (1980), «Казка вандраванняў» (1983, сумесна з Чэхіяй і Румыніяй), «Запас трываласці», «Крок» (абодва 1988; сумесна з Японіяй), «Згублены ў Сібіры» (1991, сумесна з Вялікабрытаніяй) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».