АМФІБРА́ХІЙ (грэч. amphibrachys літар, кароткі з абодвух бакоў),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 1 доўгага і 2 кароткіх (◡-◡). Наз. таксама брахіхарэй — стапа, якая складаецца з кароткага складу і харэя.

2) У сілабатанічным вершаскладанні амфібрахій — 3-складовая стапа з рытмічным націскам на сярэднім складзе (- -́ -): «З леге́ндаў і ка́зак былы́х пакале́нняў, // З кало́сся цяжко́га жыто́ў і пшані́ц...» (М.​Танк. «Родная мова»), У бел. Паэзіі амфібрахій з’явіўся ў канцы 19 ст. У зб. Ф.​Багушэвіча «Смык беларускі» (1894) з 9 вершаў (акрамя цыкла «Песні») 32 радкі вытрыманы ў памерах 3-складовага амфібрахія. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай паэзіі.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,

мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ГІН (Яўген Яўгенавіч) (н. 17.7.1932, г. Кастрама),

бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, з 1963 у навукова-вытв. аб’яднанні «ПЛАНАР», з 1973 яго ген. дырэктар. Навук. працы па дакладным машынабудаванні для мікраэлектронікі, асновах праектавання прэцызійнага тэхнал. абсталявання для вытв-сці інтэгральных схем. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Точное машиностроение для микроэлектроники. М., 1986;

Автоматическая сборка ИС: Технол. процесс. Оборудование. Управление. Техн. зрение. Привод: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з В.​А.​Зяньковічам, Л.​Р.​Бітно).

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́КІН (Віктар Іванавіч) (н. 14.1.1918, г. Алатыр, Чувашыя),

бел. архітэктар, вучоны. Засл. арх. Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1970), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). У 1946—58 працаваў у Вільні (рэсп. стадыён, мост цераз р. Нярыс, будынак Дзярж. б-кі). З 1958 у Мінску. Асн. работы на Беларусі: генпланы Светлагорска, Пінска, цэнтра Брэста, у Мінску — жылыя раёны і мікрараёны Усход, Серабранка, вул. Чкалава (усе ў аўтарскім калектыве), гал. навуч.-лабараторны корпус арх. і буд. ф-таў БПА (у сааўт.) і інш.

Тв.:

Архитектурное проектирование жилых районов. Мн., 1987;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),

дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ВІЧ (Анатоль Барысавіч) (н. 9.1.1942, в. Мелаватка Валгаградскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Скончыў БДУ (1963), дзе працуе з 1967. Навук. працы па функцыян. аналізе і дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў новы падыход у даследаванні функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў і нелакальных краявых задач, заснаваных на вывучэнні адпаведных аператарных алгебраў. Адзін з аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993).

Тв.:

Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984 (разам з Я.​В.​Радынам);

Линейные функциональные уравнения: Оператор. подход. Мн., 1988;

Functional differential equations: I.C.-theory. New York, 1994 (разам з А.​У.​Лебедзевым).

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́ШЫН (Мікалай Васілевіч) (н. 29.5.1931, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1975), праф. (1983). Скончыў БПІ (1956). З 1958 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, у 1968—71 нам. дырэктара гэтага ін-та. Навук. даследаванні па працэсах цеплаабмену ў дысперсных асяроддзях. Распрацаваў тэорыю цепла- і масапераносу на мяжы з дысперсным слоем, прапанаваў метады вымярэння цеплааддачы ад паверхні да псеўдазвадкаванага слоя.

Тв.:

Heat transfer in dispersed media (разам з У.​В.​Лушчыкавым) // Transport in fluidized particle systems. Amsterdam etc., 1989.

Літ.:

Профессор Н.​В.​Антонишин: (к 60-летию со дня рождения) // Энергетика. 1991. № 10.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК.

Існаваў у 1623—1830. Засн. ў паўн. прадмесці Брэста Пяскі. Напачатку быў драўляны. Мураваны касцёл Дабравешчання Марыі асвячоны ў 1751; адначасова пабудаваны 2-павярховы кляштарны корпус, які застаўся незакончаным. Увенчаны 8-граннай вежай храм меў незвычайны для бел. архітэктуры авальны план з асобнай капліцай для манашак. Інтэр’ер быў аздоблены стукавай лепкай і 11 разьбянымі алтарамі. Існавалі гасп. будынкі: стайні, хлявы, свірны, карэтнік і інш. Да іх прымыкалі сад і агарод. Уся тэр. была абнесена мурам. Пры пабудове Брэсцкай крэпасці кляштар быў зачынены, у ім размяшчалася арыштанцкая рота.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДЭКАНО́МІКА», Навукова-даследчы ін-т «Будэканоміка» Рэспублікі Беларусь; арэндная ўстанова (з 1990). Засн. ў 1976 у Мінску як комплексны аддзел (з 1977 Бел. філіял) Усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та працы ў буд-ве Дзяржбуда СССР. З 1991 «Будэканоміка». Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка заканадаўчых і нарматыўных актаў, інструктыўных і метадычных дакументаў, якія рэгулююць адносіны ўдзельнікаў капітальнага буд-ва ва ўмовах рынку, у т. л. раздзяржаўленне і прыватызацыя з улікам спецыфікі буд. комплексу; распрацоўка нарматыўнай базы па працы ў буд-ве; ацэнка фін. становішча, выкананне працэдур, звязаных з санацыяй, кансервацыяй і банкруцтвам прадпрыемстваў.

С.​Б.​Дробышава.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗА́ (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 15.6.1940, в. Залюбічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1988). Скончыў БДУ (1965), дзе працуе з 1967. Навук. працы па тэорыі і практыцы праектавання матэм. забеспячэння ЭВМ. Распрацаваў нетрадыц. метад кадавання інфармацыі; тэхналогію праектавання паралельных праграм, прапанаваў іерархічную структуру шматпрацэсарнай выліч. сістэмы.

Тв.:

Лабораторный практикум по математическому обеспечению ЭВМ. Ч. 1—3. Мн., 1982—84 (у сааўт.);

Толковый русско-англо-белорусский словарь по информатике. Мн., 1994 (у сааўт.);

Ваш персональный компьютер. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)