ЛІХАЦО́ВІЧ (Анатоль Паўлавіч) (н. 21.3. 1947, в.Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996), д-ртэхн.н. (1994). Скончыў БСГА (1975). З 1975 у НДІ меліярацыі і лугаводства (з 1997 дырэктар). Навук. працы ў галіне арашэння с.-г. культур, воднага рэжыму меліяраваных глеб. Распрацаваў тэорыю рэжыму ўвільгатнення глебанеаднародных с.-г. палёў, тэорыю аптымізацыі эксплуатацыйнага рэжыму дажджавання раслін пры няўстойлівых умовах надвор’я.
Тв.:
Расчет наименьшей влагоемкости по физическим свойствам почв // Мелиорация переувлажненных земель: Сб. науч. работ. Мн., 1985. Вып. 33;
Рациональная технология дождевания сельскохозяйственных культур // Управление водным режимом мелиорированных земель: Сб. науч. работ. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,
разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, ў сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.
Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́.
Адкрыты ў 1985 у г.п. Лоеў Гомельскай вобл. на базе матэрыялаў школьнага музея. Да 1990 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 170 м², 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сабраныя матэрыялы прысвечаны бітве армій Цэнтр. фронту за Дняпро на тэр. Гомельскай вобл. ў кастр. 1943. Сярод экспанатаў падп. і франтавыя газеты, лістоўкі, матэрыялы пра дзейнасць партыз. і падп. руху ў раёне, асабістыя рэчы сакратара Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ А.Дз.Рудака, камандзіра злучэння партыз. атрадаў С.А.Каўпака. Адлюстраваны ўдзел у Вял.Айч. вайне ўраджэнцаў раёна Герояў Сав. Саюза К.П.Грыба, А.П.Карпенкі, А.В.Казлова, Дз.К.Марозава, Р.С.Пінчука і Герояў Сав. Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННІК (Lunaria),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПА (франц. loupe),
сістэма з адной або некалькіх лінзаў з невял. фокуснай адлегласцю (f=0,01÷0,1 м) для разглядвання дробных аб’ектаў, размешчаных на канечнай адлегласці.
Аб’ект размяшчаюць паблізу пярэдняга фокуса Л. (паміж фокусам і Л.) так, каб яго прамы ўяўны відарыс знаходзіўся на адлегласці найлепшага бачання d (для нармальнага вока d = 0,25 м). Пры гэтым павелічэнне Л. вызначаецца формулай Γ = d/x і прымае значэнні ад 2,5 да 25. Вымяральная Л. з размешчанай перад факальнай плоскасцю шкалой выкарыстоўваецца для вызначэння лінейных памераў (адлегласцей паміж блізкімі пунктамі, шырыні і вышыні літар, таўшчыні асобных ліній і інш.). Гл. таксама Відарыс аптычны.
Утварэнне аптычнага відарыса ў лупе: F і F′ — фокусы лупы; A — аб’ект; B — уяўны відарыс аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.
Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп.пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНАФО́РЫ (ад лац. lumen святло + грэч. phoros які нясе),
рэчывы, здольныя свяціцца (люмінесцыраваць) пры паглынанні энергіі ўзбуджэння. Выкарыстоўваюць для пераўтварэння розных відаў энергіі ў светлавую (гл.Люмінесцэнцыя).
Паводле хім. прыроды падзяляюць на Л. неарган. (фасфоры) і арган. (арганафасфоры, люміноры). Большасць неарган. Л. мае крышт. структуру і адносіцца да крышталефасфораў. Свячэнне арган. Л. абумоўлена хім. будовай іх малекул. Л. з’яўляюцца поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды (напр., антрацэн), многія гетэрацыклічныя злучэнні і іх вытворныя, а таксама комплексы металаў з арган. лігандамі. Арган. Л. выкарыстоўваюць у якасці актыўнага асяроддзя вадкасных лазераў, для аптычнага адбельвання і атрымання флуарэсцэнтных фарбаў, у люмінесцэнтнай дэфектаскапіі і аналіт. хіміі (гл.Люмінесцэнтны аналіз), а таксама ў малекулярнай біялогіі і медыцыне ў якасці метак ці зондаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц.т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАФО́Н (ад магніт + ...фон),
апарат для магн.гуказапісу на магнітную стужку ці інш. носьбіт і наступнага ўзнаўлення гуку. Бывае адна- і шматдарожкавы, мона- і стэрэафанічны. Існуюць таксама спалучэнні М. з інш. апаратамі (напр.магнітола).
Адрозніваюць прафесійны (напр., для сінхроннага гуказапісу пры кіназдымцы), студыйны для высакаякаснага гуказапісу, паўпрафесійны (напр., для запісу дыспетчарскіх перагавораў), бытавы для аматарскага гуказапісу і спецыяльны (напр., геамагнітафон, дыктафон); стацыянарны і партатыўны; шпульны і касетны і інш. Мае блок сілкавання, стужкапрацяжны механізм, узмацняльнікі запісу і ўзнаўлення сігналаў, магн. галоўкі, з дапамогай якіх гэтыя сігналы перадаюцца на гуканосьбіт і наадварот, і акустычную сістэму. М. без узмацняльніка магутнасці і акустычнай сістэмы наз. магнітафоннай прыстаўкай і прызначаецца для спалучэння з інш. апаратамі. Гл. таксама Відэамагнітафон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́РА,
у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.