паслядоўнікі адной з плыней кальвінізму, якая ўзнікла ў 2-й пал. 16 ст. ў Англіі. К. абвясцілі поўную незалежнасць мясц. цэркваў або суполак (кангрэгацый); кожная з іх сама вызначала сімвал веры і культавую сістэму, выбірала служыцеляў культа і кіраўніцтва, прымала і выключала членаў. Заснавальнік першай кангрэгацыі — Р.Браўн (1581). К. актыўна ўдзельнічалі ў англ.бурж.рэвалюцыі 17 ст., стварылі паліт. партыю індэпендэнтаў, аснову арміі О.Кромвеля. Пасля рэстаўрацыі ў 1660 дынастыі Сцюартаў мноства К. перасялілася ў Новы Свет, дзе яны адыгралі значную ролю ў сац.-эканам. развіцці гэтага рэгіёна. К. перагледзелі вучэнне аб жорсткім наканаванні чалавечага лёсу, ідэю непагрэшнасці Бібліі, прыйшлі да высновы, што атрымальнікам божага дару з’яўляецца не індывід, а суполка як цэлае; высока ставілі навуку і адукацыю, прадпрымальніцтва і дзелавы поспех, вызначаліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. К. адыгралі вырашальную ролю ў заснаванні Гарвардскага, Іельскага і інш. каледжаў (пазней ун-ты), заявілі пра сябе як палітыкі і адміністратары. У 1960—70-я г. разам з прэсвітэрыянамі і метадыстамі К. стварылі ў Канадзе буйнейшую пратэстанцкую Аб’яднаную царкву, з евангелістамі і рэфарматарамі ў ЗША — Аб’яднаную царкву Хрыста (больш за 2 млн. вернікаў). Тэндэнцыя К. да аб’яднання праяўляецца ў стварэнні асацыяцый, саюзаў, саветаў, сінодаў і інш. З’яўляюцца ўдзельнікамі экуменісцкага руху (гл.Экуменізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),
асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л.рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЕР (Янкель Мордухавіч) (Якаў Маркавіч; 14.5.1869, Мінск — 19.3.1940),
бел. жывапісец і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1939). Вучыўся ў Кіеўскай школе малявання М.І.Мурашкі (1882—86), у Варшаве ў Л.Горавіца (1887), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1888—95), у Вышэйшым маст. вучылішчы пры АМ у Пецярбургу ў У.Макоўскага (1897—1900). З 1900 у Мінску. У 1904 арганізаваў «Курсы малявання і жывапісу», у 1906 — прыватную школу малявання (дзейнічала да 1914). З 1914 выкладаў малюнак у Казані, з 1921 — на рабфаку пры БДУ. У 1921—23 збіраў матэрыялы ў краязнаўчых экспедыцыях Бел.дзярж. музея, удзельнічаў у афармленні Музея рэвалюцыіБССР. Працаваў пераважна ў быт. і партрэтных жанрах. У творах быт. жанру адлюстроўваў гіст. і сучасныя яму падзеі, сцэны з яўр. жыцця і побыту: «На суд прафесара», «Пагром», «Пісец Торы», «Пісьманосец», «Духоўны суд», «Хедэр» (усе 1900—10-я г.), «Дзіцячая калонія» (1930), «Прызыўная камісія» (1932), «Кавальскі цэх» (1937), «Гульня ў гарадкі» (1930-я г.). Партрэты вызначаюцца дакладнасцю псіхал. характарыстыкі і глыбінёй вобразаў: «Аўтапартрэт у малінавым берэце» (1889), партрэт брата (1896), партрэты скрыпача Жухавіцкага (1897), Я.Коласа і Я.Купалы (1923), М.Горкага, З.Бядулі (1920—30-я г.), аўтапартрэт (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —27.8.1937),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССРнавук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр. Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл.Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;
Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;
Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЧЖУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч.аўт. раёна Унутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр.Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр.паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт.ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (Восіп) (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),
дзеяч рэв. руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.Ф.Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют.рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.Ф.Керанскім, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.
Тв.:
Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯПольшчы
(НДП; Stronnictwo Narodowa-Demokratyczne),
эндэкі,
польская паліт. партыя ў 1897—1945. Створана ў Каралеўстве Польскім на базе Нац. лігі, пазней пашырыла дзейнасць на польскія землі ў складзе Германіі (1904) і Аўстра-Венгрыі (1905). Прадстаўляла інтарэсы нац. буржуазіі, сярэдніх землеўладальнікаў і часткі інтэлігенцыі. Праграма (рэдакцыі 1897 і 1903) — нацыяналізм, ліберал-дэмакратызм, міжкласавае супрацоўніцтва, аўтаномія Польшчы ў складзе Расіі. У пач.рэвалюцыі 1905—07 НДП выступіла ў абарону нац. незалежнасці, супраць русіфікацыі; пазней, спадзеючыся на ўступкі ў нац. пытанні, падтрымала царызм у барацьбе з рэвалюцыяй. У 1-ю сусв. вайну арыентавалася на Расію і краіны Антанты, з дапамогай якіх разлічвала далучыць да Каралеўства Польскага польскія землі Германіі і Аўстра-Венгрыі. З гэтай мэтай быў створаны Польскі нац.к-т на чале з Р.С.Дмоўскім. З восені 1917 дамагалася прызнання незалежнасці Польшчы зах. краінамі, удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. З 1919 НДП (перайменаваная ў Нац.-дэмакр. саюз) уваходзіла ва ўрадавую кааліцыю, выступала супраць рэв. руху, падтрымлівала інтэрвенцыю супраць Сав. Расіі, паланізацыю бел., укр. і літ. зямель. У 1928 перайменавана ў Нац. партыю. У 1926—33 у складзе праванацыяналіст. Лагера Вял. Польшчы. У 2-ю сусв. вайну падтрымлівала польскі эмігранцкі ўрад. У 1945 забаронена новымі ўладамі Польшчы, у 1947 разгромлены яе падп. арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДА (ад грэч. ōdē песня),
жанр лірычнай паэзіі і музыкі. Верш у гонар якой-небудзь асобы ці гіст. падзеі, напісаны ў паэтычным, урачыстым стылі. Узнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе О. называлі лірычныя песні, што выконваліся хорам у час танцаў. Выдатнымі одапісцамі былі паэты стараж.-грэч. Піндар, стараж.-рымскі Гарацый, у зах.-еўрап. паэзіі П.Рансар, Ф.Малерб, Ж.Б.Русо, Э.Лебрэн. У рус. паэзіі пачынальнік О. — В.Традзьякоўскі («Урачыстая ода пра здачу горада Гданьска», 1734), ён распрацаваў і тэорыю жанру («Развагі пра оду»), О. пісалі М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, А.Радзішчаў, А.Пушкін, К.Рылееў і інш. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. О. не развівалася. На пачатку 20 ст. яна адрадзілася: «Хвала чалавеку» і «Шчаслівым» В.Брусава, «Ода рэвалюцыі» У.Маякоўскага. Эвалюцыя О. ішла ў кірунку набліжэння да грамадз. лірыкі, прасякнутай пафасам услаўлення. У гэты час О. ўвайшла і ў бел. паэзію; вершы «Украіна» Я.Купалы, «Краіне Саветаў», «Да дня 20-й гадавіны Кастрычніка» Я.Коласа. Нярэдка паэты выносяць слова «О.» ў назвы твораў: «Ода балгарскай кухні» Н.Гілевіча, «Ода трактарнаму заводу» Х.Жычкі, «Ода Еве» П.Макаля, «Ода пешаходу» П.Панчанкі, «Ода прозе» М.Стральцова. У сучаснай паэзіі развіваецца сатыр. О. («Ода квітанцыі» А.Вярцінскага, «Ода футбольнаму мячу» Гілевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.