МІЖНАРО́ДНЫ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ АЛЬЯ́НС (МКА; International Cooperative Alliance),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў. Засн. ў 1895. Асн. мэты: развіццё каап. руху, супрацоўніцтва паміж каап. арг-цыямі розных краін. Аб’ядноўвае арг-цыі каля 80 краін, больш за 540 млн. чл. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВЫЯ САЦЫЯЛІ́СТЫ,

агульная назва сацыял-дэмакр. і сацыяліст. плыней, партый і груп, кіраўніцтва якіх адмаўляе рэв. прынцыпы марксізму і марксізму-ленінізму (рэв. захоп улады, дыктатуру пралетарыяту, скасаванне прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і інш.) і праводзіць палітыку сац. партнёрства паміж наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі. Гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм, Рэфармізм, Сацыял-дэмакратыя, Сацыялістычны Інтэрнацыянал.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗЕНХІ́МА (ад грэч. pros звыш, побач + enchyma налітае, тут тканка),

раслінная тканка, што мае выцягнутыя (даўж. ў некалькі разоў перавышае шыр.), завостраныя на канцах (у адрозненне ад парэнхімы), розныя па паходжанні і функцыях клеткі. Паміж П. і парэнхімай ёсць пераходы (напр., каленхіма і лопасцевыя галінастыя клеткі мезафілу ў лісці каны і інш. раслін).

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,

вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).

Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст. сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.​Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.​Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.​Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛО́Г (ад грэч. dialogos размова, гутарка),

размова паміж дзвюма або некалькімі асобамі; функцыянальная разнавіднасць вуснай мовы. Структура Д. не нарматыўная: памеры яго могуць быць самыя розныя, рэплікі ў ім — таксама (ад маналагічна разгорнутых да ўсечаных). Ужываецца ва ўсіх відах літ. творчасці. У прозе побач з аўтарскай мовай Д. выступае адным са сродкаў слоўнага жывапісу, выконвае характаралагічную ролю. У драме Д. — найважнейшы выяўл. сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары. Драматургічны Д. удасканальваўся на працягу многіх стагоддзяў, набыў выключнае багацце «інструментоўкі»: разарванасць, дэфармаванасць знешнелагічных сувязей паміж рэплікамі, іх амбівалентнасць, шматгалоссе (перапляценне рэплік многіх персанажаў), падтэкст і інш. Д. вядомы і як самаст. публіцыст. і філас. жанр («Федр» Платона, «Размова гетэр» Лукіяна, «Размова вольных муляраў» Г.​Э.​Лесінга, «Пляменнік Рамо» Д.​Дзідро, «Сын і маці» Я.​Купалы і інш.). У пераносным сэнсе Д. — перагаворы, свабодны абмен думкамі, напр., паліт. Д.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнні («Настала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).

У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.

Л.​І.​Бурак.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.

Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАК, волакі,

старажытнаруская назва месца найб. збліжэння 2 суседніх суднаходных рэк, дзе карацейшым шляхам перацягвалі (валаклі) па сушы судны і грузы з аднаго воднага басейна ў другі. Па пісьмовых крыніцах («Аповесць мінулых гадоў», Дагавор 1229 і інш.) вядомы волак паміж верхнім Дняпром і левымі прытокамі Зах. Дзвіны, яе правымі прытокамі і Ловаццю, што злучалі адрэзкі шляху з «варагаў у грэкі». Адлегласць паміж канцавымі пунктамі волака звычайна не перавышала 20—30 км. На тэр. Беларусі адзначана каля 20 сярэдневяковых волакаў, якія злучалі таксама левыя прытокі Прыпяці і правыя Дняпра з прытокамі Зах. Буга і Нёмана. Дадатковыя звесткі пра існаванне волакаў даюць археал. і нумізматычныя матэрыялы (рэшткі стараж. паселішчаў і курганныя могільнікі, грашова-рэчавыя скарбы). На месцах волакаў узнікалі вёскі (напр., Волак, Завалочча, Пярэвалачня на Беларусі), гарады (Валакаламск, Вышні Валачок у Расіі) і інш. Волакі выкарыстоўваліся таксама княжацкімі дружынамі ў час паходаў.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

галіна экалогіі, якая вывучае ўзаемаадносіны прыродных з’яў і ўзаемадзеянне паміж з’явамі ў межах пэўнай экасістэмы. Тэрмін уведзены ням. географам К.​Тролем (1939). Асновы Л.э. распрацаваны рас. вучонымі В.В.Дакучаевым, Г.Ф.Марозавым, Р.​І.​Аболіным у пач. 20 ст. Заканамерныя спалучэнні экасістэм у межах пэўнай тэр. ці акваторыі, характэрных у розных адносінах (напр., геамарфалагічных на сушы або гідралагічных у водным асяроддзі), утвараюць сістэму больш высокага ўзроўню — ландшафт. Экасістэмы, што ўтвараюць ландшафт, звязаны паміж сабой паверхневым і грунтавым сцёкамі, з якімі адбываецца асн. перанос рэчываў ад аўтаномных (водападзельных) да акумулятыўных (падначаленых) экасістэм праз пераходныя (транзітныя); пераносам рэчываў паветраным шляхам (ветрам), а таксама актыўнай міграцыяй жывёл. Кожная з экасістэм злучана з інш. экасістэмамі сувязямі, якія вызначаюцца яе ўнутр. ўласцівасцямі і становішчам у ландшафце. Экасістэмы кожнага ландшафту адчуваюць уздзеянне вонкавых па адносінах да іх фактараў: атм., літалагічных, гідрагеал. і антрапагенных. Задачы Л.э. вырашаюць таксама біягеацэналогія і ландшафтазнаўства.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)