КРУ́ГЛІЦА,

стаянка эпохі неаліту каля в. Кругліца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Лысая Гара, на надпоймавай тэрасе р. Нёман. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвы і керамічны матэрыял ад ранняга неаліту да сярэднябронзавага часу (4-е — сярэдзіна 2-га тыс. да н. э.). Знаходкі са стаянкі К. паслужылі падставай для вылучэння сярэдняга (лысагорскага) этапа нёманскай культуры. Выяўлена пахаванне сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. з рысамі сосніцкай культуры.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦА (Леанід Давыдавіч) (н. 7.11.1937, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне неадкладнай тэрапіі. Д-р мед. н., праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1965 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1980—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі, гепаталогіі, кардыялогіі, лячэбным галаданні, лазератэрапіі, хуткай мед. дапамозе. Адзін з аўтараў энцыкл. даведніка «Здароўе без лякарстваў» (1994).

Тв.:

Скорая помощь без врача. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЬКО́ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 13.1.1940, в. Мяжніца Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962), з 1968 працуе ў ім (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні траўматычных пашкоджанняў, касцявых і гнойных інфекцый, апёкаў, вострых захворванняў жывата ў дзяцей, прыроджаных заган развіцця.

Тв.:

Лечение хронического остеомиелита у детей методом закрытого промывания костной полости // Вестн. хирургии. 1980. № 2.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 1.1.1940, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БПІ (1966). З 1969 у БПА. Навук. працы па праблемах удасканалення эксплуатацыі эл. сетак. Распрацаваў тэарэт. асновы ацэнкі эфектыўнасці сістэм тэхн. абслугоўвання і капітальнага рамонту электрасеткавага абсталявання і ліній электраперадач, прынцыпы пабудовы аўтаматызаванай сістэмы кіравання прадпрыемствам эл. сетак.

Тв.:

Оптимизация эксплуатационного обслуживания электрических сетей. Мн., 1984.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЕ́ЕЎ (Захар Рыгоравіч) (1747—9.3.1828),

дзяржаўны дзеяч Расіі. У 1768—82 служыў у казацкім войску, потым дырэктар эканоміі Курскай губ., віцэ-губернатар Арлоўскай губ. З 8.1.1797 да 1806 мінскі губернатар. Курыраваў стварэнне Атласа і Тапаграфічнага апісання Мінскай губ., выказваўся супраць прымусовага пераводу уніятаў у праваслаўе. З 1808 сенатар, з 1810 чл. Дзяржсавета, з 1814 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскага біблейскага т-ва. У 1817—22 папячыцель Харкаўскага ун-та. Аўтар шэрагу багаслоўскіх павучанняў.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧ (Фёдар Трафімавіч) (1.3.1902, в. Боркі Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лясной і сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г, н. (1966), праф. (1967). Скончыў БСГА (1928). У 1967—81 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па пытаннях эканомікі лясной і сельскай гаспадаркі, размяшчэння дрэвавых парод, пра ролю лесу і асаблівасці шматгадовых насаджэнняў у сістэме земляробства, ахоўныя лесанасаджэнні.

Тв.:

Вопросы экономики и планирования сельскохозяйственного производства. Мн., 1960.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВІ́ЦА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Клява (бас. р. Дняпро). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 136 км². Пачынаецца за 3 км на Пд ад в. Стайчанка. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна трапецападобная, шыр. 0,9—1,5 км. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 50—200 м (месцамі да 700 м), у сярэднім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу 9 км. Шыр. ракі ў межань у ніжнім цячэнні да 8 м.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯГІ́НІН, Княгініна,

вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 100 км ад Мінска. 1056 ж., 456 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла рас. салдат, што загінулі ў час Нарачанскай аперацыі 1916. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.).

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЕЛ, Казела,

Козел-Паклеўскі Вікенцій (Вінцэнты) Іванавіч (1838, маёнтак Сэрвач, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 28.5.1863), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат І.І.Козела. У час вучобы ў школе гв. падпрапаршчыкаў і інж. акадэміі належаў да пецярбургскай афіцэрскай рэв. арг-цыі. Служыў ваен. інжынерам у Вільні і Свеаборгу. У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Вілейскага пав. Загінуў у баі каля в. Уладыкі Вілейскага р-на. Пахаваны тайна ў Сэрвачы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗІЧ (Іван Сямёнавіч) (н. 3.3.1920, в. Старыя Маргі Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскі аэраклуб (1938), Адэскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), Чугуеўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1941). У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 у ППА г. Масква, на Бранскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік К. зрабіў 423 баявыя вылеты, правёў 31 паветр. бой, збіў 20 самалётаў праціўніка. У 1950—77 на гасп. рабоце.

І.С.Козіч.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)