тып прасцейшых шматклетачных беспазваночных жывёл. 3 класы: губкі вапнавыя (Calcispongiae, або Spongia); губкі шкляныя, або шасціпрамянёвыя (Hyalospongiae, або Hexactinellida); губкі звычайныя (Demospongiae). Каля 5 тыс.відаў. Жывуць пераважна ў акіянах і морах ад прыбярэжнай зоны да глыб. 8500 м, найб. разнастайныя і шматлікія на шэльфе, каля 20 відаў — у прэсных вадаёмах. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Узніклі ў дакембрыі, найб. размножыліся ў мезазоі. На Беларусі з губак водзяцца бадзягі. Выкапнёвыя выяўлены ў адкладах дэвону, карбону, юры і мелу.
Выш. 2—150 см, цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцом прымацоўваюцца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, праз якія праходзіць вада з прадуктамі жыўлення. Шкілет з вапністых і крэменязёмных іголак (спікул) або з валокнаў арган. рэчыва (спангіну). Большасць губак — гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі, бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і тэхніцы, як туалетныя (напр., грэчаская губка), шкляныя губкі ідуць на ўпрыгажэнні і сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАЎКА (Melampyrum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.
Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаўнайб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКА́ЗНІК,
участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаўасабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ, бескілявыя (Ratitae або Gradientes),
група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.
Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРЫ́НЫ (Atherina),
род марскіх рыб атр. атэрынападобных. 5 відаў і 1 падвід. Жывуць у Чорным, Азоўскім, Каспійскім, Міжземным м. Вядомы з эацэну. Лайб. пашыраны атэрына паўднёваеўрапейская (Atherina boyeri) і яе падвід — атэрына каспійская (Atherina var caspia).
Даўж. да 15 см. Трымаюцца ў пелагіялі. Заходзяць у прэсныя і салёныя (да 45‰) воды. Палавой спеласці дасягаюць на 2-м годзе жыцця. Нерастуюць з сак. да верасня. Кормяцца зоапланктонам. Маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад ала... + поліплаідыя),
спадчынная змена ў клетках раслін, радзей жывёл, звязаная з кратным павелічэннем набораў храмасом, якія належаць розным відам або родам. Абумоўлена спантаннай або выкліканай у эксперыменце геномнай мутацыяй. Адбываецца найчасцей пры міжвідавой гібрыдызацыі. Мае асаблівае значэнне ў працэсах відаўтварэння ў раслін. Алапаліплоіды, якія ўтвараюцца праз цотнае павелічэнне храмасомных набораў пры скрыжаванні двух відаў або родаў, наз. амфідыплоідамі (напр., капусна-рэдзькавыя, аржана-пшанічныя, трыцікале і інш. выкарыстоўваюцца ў селекцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюцца для атрымання алею. Назапашваюць алей пераважна ў насенні і пладах, некаторыя ў клубеньчыках (чуфа); у вадкім (травяністыя алейныя культуры, масліна, тунг) і цвёрдым (пальма, какава, васковае дрэва) стане. Культывуецца каля 50 відаў. У сусв. земляробстве найб. пашыраны соя, арахіс, сланечнік, масліна, рапс, кунжут, клешчавіна. На Беларусі вырошчваюць лён, сланечнік, каноплі (у іх насенні да 40% алею), але пераважна як тэхнічныя культуры. Гл. таксама Эфіраалейныя культуры.
Засн. ў 1936 як з-д «Ізапліт», выпускаў драўнянавалакністыя пліты. З 1937 у складзе Навабеліцкага каніфольна-мыльнага з-да, выпускаў дадаткова каніфольнае мыла, шкіпінар. У 1941 эвакуіраваны на ўсход. У 1946 адноўлены у Гомелі. З 1953 Навабеліцкі лесахімкамбінат, з 1972 Гомельскі папярова-лесахім. камбінат, з 1976 Гомельскі палярова-лесахім. з-д. З 1993 адкрытае акц.т-ва «Гомельшпалеры». Асн. прадукцыя: шпалеры ўсіх відаў; тэкстурная і святлоадчувальная папера.