Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),
штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал.эканам. цэнтр — г.Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 ммза год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля 2/3 разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,
наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс.чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.
У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 мпл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб.шыр. 7,8 км, найб.глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),
атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.
Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая звял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).
Літ.:
Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І УНІВЕРСА́ЛЬНАЕў мастацкай культуры,
дыялектычнае адзінства нацыянальнай самабытнасці і агульналюдскіх духоўных каштоўнасцей у маст. культуры розных народаў і рэгіёнаў. Склалася ў працэсе гіст. развіцця нацый ва ўмовах міжнар. кантактаў, эканам., паліт. і духоўна-творчага ўзаемадзеяння. Нац. самабытнасць глыбока выявілася ў фальклоры, традыц. культуры, мове, выяўл. сродках, каларыце, тыпажы, інтанацыі. Універсалізм дамінуе на ўзроўнях маст. архетыпаў, сюжэтных схем, матываў і эпахальных стыляў.
Праблема гарманічнага спалучэння Н. і у. ўзнікла ля вытокаў хрысц. цывілізацыі. у рэчышчы якой адбывалася паступовае пераадольванне палярызацыі «сваіх» і «чужых», «выбранага народу» і «варвараў». Арганізаваная ў дзяржаву нацыя стварае сваю сістэму культуры і праз яе далучаецца да культ. здабыткаў інш. народаў. Пазітыўная плённасць іншанац. уплываў абмяжоўваецца крайнімі пунктамі: па-за межамі аднаго з іх — недастатковасць іншанац. уздзеянняў, што вядзе да ізаляцыі і застою, па-за межамі другога пункта — празмернасць іншанац. уплываў, якая вядзе да разбурэння нац. культуры, яе выпадзення з кантэксту універсальнай культуры. Аптымальная палітыка ў сферы міжнац. сувязей заключаецца ў гарманізацыі нац. асновы і універсальных кампанентах культуры.
На Беларусі суадносіны Н. і у. ў культуры мяняліся на розных этапах яе развіцця. У 10—13 ст. культура развівалася пад уплывам візант. тыпу хрысц. цывілізацыі, выявіла спецыфічныя для ўсходнеслав. рэгіёна асаблівасці. У 14—18 ст. адбываўся сінтэз нац. традыцыі і еўрап.маст. уплываў, сфарміраваліся рэгіянальныя разнавіднасці стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. У 19—20 ст. адраджэнне бел.маст. культуры адбывалася на аснове нац. традыцый і выкарыстання вопыту сусв. класічнай культуры (гл.Адраджэнне нацыянальнае).
Літ.:
Конан У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў быцьці і культуры // Мастацтва. 1995. № 6—7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),
антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі згуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фон Зутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш.Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.
Літ.:
Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам зПаўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл.з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць зПн на Пд 7150 км, зУ на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана зПаўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 ммза год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 ммза год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы зпаўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў змясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі змясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГз 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;