СЛА́НІКІ,

раслінныя згуртаванні з нізкарослых форм дрэў, хмызнякоў і кусцікаў (елка, лістоўніца, кедр, хвоя, бук, рабіна, бяроза, ядловец, верас і інш.), што сцелюцца па зямлі. Развіваюцца ў неспрыяльных умовах для прамаствольнага росту (нізкія т-ры, моцныя вятры, працяглае і глыбокае снегавое покрыва і інш.). Трапляюцца ў гарах, каля верхняй мяжы лесу (часта ўтвараюць цяжкапраходныя зараснікі), у тундры і лесатундры, на марскіх берагах. Працягласць жыцця ў С. большая, чым у прамастаячых дрэвавых раслін (напр., сланікавая форма хвоі звычайнай ў гарах жыве да 1000 гадоў). Падзяляюцца на сланцы — сцелістыя дрэвы, уласна С. — сцелістыя хмызнякі і сланічкі — сцелістыя кусцікі (верасоўнікі), што разам складаюць асобы морфагенетычны рад жыццёвых форм дрэвавых раслін.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУНЕ́Й (Brunei),

Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м. Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г. Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).

Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).

Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.

Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр. ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс. чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.

Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач. н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.

У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл. ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд. м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн. т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн. т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс. км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.

Літ.:

Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;

Бруней: Справ. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Брунея.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс. км-. Нас. 127,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мінск; г. Заслаўе, г.п. Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.

Большая ч. тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч. Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс. га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял. — Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 102,2 тыс. га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.​К.​Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.​В.​Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел. нар. мастацтва (філіял Нац. маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),

Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн. ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс. км². Нас. 272,55 тыс. чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г. Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.

Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.

Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс. ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс. чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл. Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв. царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст. эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.

1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.​Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш. еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.​Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.​Р.​Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс. дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн. т. Ловяць пераважна мойву (​1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд. кВт гадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс. кВт гадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сць буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс. т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс. км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал. трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер. ваен. база. Экспарт (1,6 млрд. дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд. дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс. дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.

Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.​Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.​Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн. літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.​Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.​Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.​Г.​Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.​Гунарсан, Т.​Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.​І.​Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.​Бергвейсан, Б.​Б’ярман, Д.​Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.​Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.​Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.​Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.​Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.​Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.​Вільх’яўльмсан, драматургі А.​Богасан, Стэфаўнсан, С.​Нордаль, публіцыст І.​Аўрнасан.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.​Гудмундсан, пейзажысты Т.​Торлаўхсан, А.​Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.​Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.​Торстэйнсан), быт. сцэны (К.​Іоўнсдаўцір, Г.​Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.​Свейнсан, С.​Оўлафсан, скульпт. Э.​Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.​Самуэльсан, С.​Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.​Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.​Арынб’ярнар, Т.​Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.

Літ.:

Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;

Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;

Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;

Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;

Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.​М.​Бутырчык (літаратура), В.​Я.​Буйвал, С.​У.​Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Ісландыі.
Да арт. Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.
Да арт. Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.

т. 7, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁР (Castor fiber),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.

У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл. Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.

Бабёр.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКА́ЧЫО, Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус. пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр. кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.​Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.​Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.​У.​Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.

Тв.:

Рус. пер. — Малые произведения. Л., 1975;

Декамерон. Мн., 1985.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;

Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;

Джованни Боккаччо: Биобиблиогр. указ. М., 1961.

Дж.Бакачыо.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБЕ́Й, Вялікі Бамбей,

горад у Індыі. Адм. ц. штата Махараштра. 12,9 млн. ж. (з прыгарадамі, 1992; самы вял. горад краіны). Порт на Аравійскім м. («вароты» Індыі; каля чвэрці марскога знешнегандл. абароту). Міжнар. аэрапорт. Адзін з асноўных прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтраў краіны. Буйнейшы цэнтр баваўнянай прам-сці (больш за чвэрць агульнаіндыйскай вытв-сці). Судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, сярэдняе, дакладнае, энергет., эл.-тэхн. і інш. машынабудаванне, хім., тэкст., нафтахім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гарбарна-абутковая, паліграф. прам-сць. Прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. цукровай прам-сці. 2 ун-ты. Цэнтр атамных даследаванняў. Кінематаграфічны цэнтр. Політэхн. ін-т. Ін-т фундаментальных даследаванняў. Паблізу горада АЭС.

Прыбярэжная зона каля Бамбея — асн. раён нафтаздабычы ў краіне.

Горад пабудаваны ў 13 ст., належаў мусульманам з Гуджарату. У 1534 захоплены партугальцамі, у 1661 перададзены англ. каралю Карлу II як частка пасагу яго жонкі. У 1668 здадзены ў арэнду Ост-Індскай кампаніі. У 1672 пабудаваны новы горад, з 1708 адм. сядзіба Ост-Індскай кампаніі. Росквіту дасягнуў у канцы 19 ст. ў выніку буд-ва чыгункі (першая лінія Бамбей — Тхана, 1853), адкрыцця Суэцкага канала (1869) і развіцця тэкст. вытв-сці (з 1860).

Асн. будынкі канца 19 ст.: ун-т (засн. ў 1857, новыя будынкі пастаўлены ў 1923), вакзал Вікторыя, муніцыпалітэт, суд, крыты рынак у псеўдакласічным і псеўдагатычным стылях; будынкі 20 ст.: «Вароты Індыі», гасцініца «Тадж-Махал», паштамт, музей прынца Уэльскага ў псеўданац. стылі. Культавыя будынкі: цэрквы, мячэці, храмы індуісцкія і парсаў. У раёне Малабар Хіл багатыя асабнякі, сады, паркі, кінастудыі, 5 «Вежаў Маўчання» для пахавальнага абраду парсаў. Мані Бхаван (Мемарыял Гандзі).

Бамбей. Гасцініца «Тадж-Махал».

т. 2, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.

У флоры 12 эндэмічных сям і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у т. л. дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).

Да арт. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — плямісты кускус; 2 — каала; 3 — яхідна; 4 — эму; 5 — караткашэрсны вамбат; 6 — шэры кенгуру; 7 — чорны лебедзь; 8 — лірахвост; 9 — сумчаты д’ябал; 10 — качканос; 11 — сумчаты крот; 12 — сумчаты воўк.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́РА»

(«Burza»),

кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс. чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс. чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.

Літ.:

Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;

Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)