РЭЗА́ АБАСІ́, Рызае Абасі (каля 1575, г. Кашан, Іран — 1635),

іранскі мініяцюрыст, вядучы прадстаўнік ісфаханскай школы мініяцюры пры Абасе 1. Працягваў традыцыі Мухамедзі, аднаго з буйнейшых мініяцюрыстаў Тэбрыза. Узначальваў прыдворную школу мастацтваў у Ісфахане. Рабіў жанравыя сцэнкі і партрэты, часам ілюстрацыі. Эвалюцыяніраваў ад паэт.-спакойных кампазіцый, у якіх сілуэты фігур акрэслены плаўнай замкнёнай лініяй, што ізалюе вобраз, да напоўненых глыбокім ўнутр. напружаннем работ, у якіх зменлівая, перарывістая лінія выяўляе пластыку фігур і іх сувязь з навакольным асяроддзем. Сярод твораў: «Дзяўчына ў футравай шапцы» (1602—03), «Партрэт старога» (1614), «Ландшафт з трыма паляўнічымі», «Пара закаханых», «Юнак з баранам» і інш. Іл. гл. да арт. Ісфаханская школа мініяцюры.

т. 13, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс. га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВАНА́Р,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,75 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 49,2 км². Катлавіна падпруднага тыпу, падзяляецца на зах. і ўсх. катлавіны. Схілы выш. 5—10 м, стромкія, параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, моцна парэзаныя, утвараюць 5 заліваў. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей — сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчаная водмель. З астравы агульнай пл. 0,8 га. Паўд.-зах. ч. возера і залівы зарастаюць. Упадаюць 2 ручаі, выток у воз. Бужа.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАМА́ГУ ((Saramago) Жазэ) (н. 16.11.1922, Азіньяга, каля г. Сантарэн, Партугалія),

партугальскі пісьменнік. Дэбютаваў зб. паэзіі «Паэмы магчымага» (1966). Вядомасць яму прынеслі раманы, прысвечаныя рэліг. або гіст. праблематыцы: «Надзея ў Алентэжу» (1980), «Напамін пра кляштар» (1982), «Год смерці Рыкарду Рэйша» (1984), «Паток камянёў» (1986), «Гісторыя аблогі Лісабона» (1989), «Евангелле паводле Ісуса Хрыста» (1991), «Горад сляпых» (1997) і інш., у якіх элементы традыц. рэалізму спалучаюцца са шматлікімі эксперыментамі ў мове і форме. Аўтар п’ес, у т. л. «Другое жыццё Францыска Асізскага» (1987). Нобелеўская прэмія 1998.

Тв.:

Рус. пер. — Поднявшиеся с земли. М., 1982;

Воспоминания о монастыре. М., 1985;

Евангелие от Иисуса. М., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ДБЕРГ ((Svedberg) Тэадор) (30.8.1884, Вальба, каля г. Гаўле, Швецыя — 26.2.1971),

шведскі фізікахімік. Чл. Каралеўскай швед. АН (1912), замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Упсальскі ун-т (1907), дзе і працаваў (з 1921 праф.). З 1949 дырэктар Ін-та ядз. хіміі (г. Упсала). Навук. працы пераважна па калоіднай хіміі, электрафарэзе, фізікахіміі бялкоў. Эксперыментальна пацвердзіў распрацаваную А.​Эйнштэйнам і М.​Смалухоўскім тэорыю броўнаўскага руху, даказаў рэальнасць існавання малекул. Прапанаваў метад ультрацэнтрыфугавання для выдалення калоідных часцінак з раствораў (1919), у т. л. для седыментацыі бялкоў. Стварыў першую аналіт. ультрацэнтрыфугу, якая забяспечвала паскарэнне 5∙10​3g (1923). Вызначыў малекулярную масу і форму малекул бялкоў (1926). Нобелеўская прэмія 1926.

Т.Сведберг.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ДАВА,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 30 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,74 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 6,3 км. Пл. вадазбору 5,25 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на З 10—16 м), пераважна разараныя. На ПдЗ і З пойма шыр. да 200 м. Берагі нізкія, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. 2 астравы агульнай пл. 0,4 га. Дно выслана гліністым ілам, мелкаводдзе пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай у воз. Доўгае.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛАГІНЕ́ЛА (Selaginella),

род споравых раслін сям. селагінелавых. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды. Большасць С. трапляецца ў вільготных трапічных лясах, здольныя доўгі час знаходзіцца ў цемнаце і вадзе. У пустынных С. у час засухі лісце і парасткі скручваюцца і расліна ўпадае ў крыптабіёз (пры ўвільгатненні — ажывае). На Беларусі культывуюць у аранжарэях і пакоях.

Шматгадовыя дзераза- або мохападобныя травяністыя расліны ад далікатных дзярнінных форм выш. 5—10 см да лазячых і павойных з даўж. сцябла да некалькіх метраў. На парастках 2 рады дробнага спіннога лісця і 2 рады больш буйнога бакавога. Размнажаюцца спорамі і вегетатыўна.

А.​М.​Скуратовіч.

Селагінела: 1 — сібірская; 2 — Мартэнса; 3 — кручкаватая; 4 — тамарыскалістая.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́ЎК І НІКА́ТАР (грэч. Seleukos Nikatōr «Пераможца», каля 358—281 або 280 да н.э.),

заснавальнік дынастыі Селеўкідаў і Селеўкідаў дзяржавы. Палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога атрымаў (у 321) пад уладу сатрапію Вавілонія, дзе замацаваўся ў 312 (312 да н.э. — пачатак т. зв. селеўкідскай эры). У выніку барацьбы з інш. дыядохамі, далучыў да сваіх уладанняў Мідыю, Сузіяну, Персіду, пазней Бактрыю; у 305 абвясціў сябе царом. Выйграў бітву пры Іпсе (301) і захапіў Месапатамію і Сірыю; пасля перамогі над Лісімахам пры Курупедыі (Карупедыён) заняў амаль усю М. Азію. Для заваявання Фракіі і Македоніі С. з войскамі пераправіўся цераз Гелеспонт (Дарданелы), але быў забіты.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)