НАЗАРЧУ́К Мікалай Аляксандравіч (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.​Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.​Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.​Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.​Каліноўскага, М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.​З.​Царука, Героя Сац. Працы Я.​І.​Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.​Летуном, У.​Гоманавым, В.​Цюрыным; 1984).

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІН Леў Веньямінавіч (сапр. Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.​Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.​Вітка.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1956;

Избр. произв. Т 1—2. М., 1979;

Мертвая зыбь: Роман. М., 1991.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІНЕ́ВІЯ,

старажытны горад у Асірыі, на левым беразе р. Тыгр (цяпер гарадзішча Куюнджык каля г. Масул у Іраку). Засн. ў 5-м тыс. да н.э., з 3-га тыс.вядома паводле клінапісных дакументаў. У 15—14 ст. да н.э. пад уладай дзяржавы Мітані. З 9 ст. да н.э. рэзідэнцыя асірыйскіх цароў. Узвышэнне, росквіт і ператварэнне Н. ў сталіцу Асірыі прыпадае на 8—7 ст. да н.э. пры царах Сінахерыбу і Ашурбаніпале. У 612 да н.э. разбурана новававілонскім царом Набапаласарам і мідыйскім царом Кіяксарам. Рымляне засн. на месцы Н. ваен. калонію Claudia Ninus. Археал. раскопкі на руінах Н. вяліся ў 1840—1930-я г.

Асірыйскі горад меў строгую планіроўку з гал. вуліцай — т.зв. дарогай працэсій. У час раскопак знойдзены паліхромная кераміка 5—4-га тыс. да н.э., скульпт. бронзавая галава цара Саргана Старажытнага Акадскага (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), у палацах асірыйскіх цароў (8—7 ст. да н.э.) — каменныя рэльефы. статуі крылатых быкоў і львоў — ахоўнікаў варот.

Да арт. Ніневія. Рэльеф са сцэнай палявання на львоў у палацы Ашурбакі. 7 ст. да н.э.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА»,

бел. культ.-асв. т-ва ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1917—20. Створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі па ініцыятыве С.​Бусла і Я.​Ракуцькі (першы старшыня т-ва). Налічвала больш за 300 чал. Мела літ., краязнаўчую і драм.-хар. секцыі, гурткі-філіялы на Случчыне і Капыльшчыне. Паводле свайго статута прапагандавала бел. мову, культуру і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў. У час герм. і польскай акупацыі праводзіла падп. работу. Намаганнямі яе членаў у Мінску выдадзены 2 нумары газ. «Наша каляіна». У кастр. 1917 у Слуцку адбылася першая тэатр. вечарына т-ва, на якой паказана п’еса Я.​Купалы «Паўлінка». Ставіла таксама п’есы Ф.​Аляхновіча, У.​Галубка (у чэрв.—ліп. 1920 узначальваў драм. гурток т-ва), К.​Каганца і інш.; наладжвала канцэрты бел. нар. песні, дэкламацыі вершаў бел. паэтаў. У ліп. 1920 дзейнасць т-ва была прыпынена польскімі акупац. ўладамі, у ліст. 1920 адноўлена. Члены т-ва прынялі ўдзел у арг-цыі і рабоце бел. з’езда Случчыны. Актывісты «П.-к.» ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ЗІНА Ніна Васілеўна (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.​Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.​Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.​Сцяпанаў). Іл. гл. таксама да арт. Габелен.

Л.​Ф.​Салавей.

Н.Пілюзіна. Навука пра зоркі. 1975.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets), Анжуйская дынастыя,

каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́МБА (ням. Plombe ад лац. plumbum свінец),

кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл. Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр. Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.

Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп (каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.​Я.​Арцем’еў, П.​Ф.​Самародкаў, Я.​Х.​Сташкевіч, С.​В.​Сухавей), у вёсках Домнікі (А.​М.​Філіпаў), Дрэтунь (М.​Д.​Свірыдзенка), Залессе (К.​М.​Макараў), Казімірова (Ф.​Дз.​Максімаў), Палата (П.​Ф.​Сташкевіч), Пруды (А.​Я.​Марчанка), Узніцы (П.​Я.​Кірыленка), Юравічы (Дз.​А.​Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел. партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.

В.​А.​Касцюкова.

т. 12, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЕ́НА (Priēnē),

старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.

П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.

Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э. Арх. Піфей.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ Янка (Іван Юльянавіч; 24.8.1928, Мінск —25.6.1974),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр-маст. ін-т (1959). Пляменнік Я.Купалы. У 1960—74 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Творы вызначаюцца яснасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнай перадачай унутр. свету персанажа. Стварыў іл. паводле паэм Я.​Купалы «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958—59); партрэтныя серыі «Перадавыя людзі калгаса «Рассвет» (1961), «Галасы Палесся» (1967), «Палескія камунары» (1969); партрэты бел. пісьменнікаў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А.​Пашкевіч), К.​Крапівы, Я.​Коласа, М.​Лынькова, К.​Чорнага, П.​Броўкі (усе 1960—70-я г.) і інш. Асобнае месца ў яго творчасці займае вобраз Я.​Купалы: серыі лістоў «А хто там ідзе?», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 год» (усе 1959), серыі партрэтаў паэта (1961—71), карціны «Партрэт Янкі Купалы» (1958), «Янка Купала з моладдзю» (1962). Сярод работ у жывапісе партрэты А.​Міцкевіча (1954), бацькі Я.​Купалы — Д.​А.​Луцэвіча, Я.​Коласа (абодва 1960).

І.​М.​Шалянкова.

Я.Раманоўскі. Я.​Купала. 1961—71.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)