СВЕНТАХО́ЎСКАЯ (Валянціна Міхайлаўна) (н. 19.1.1938, Мінск),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). З 1961 выкладала ў Мінскай гар.маст. школе, у 1970—95 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Творчасці ўласцівы дакладнасць прапрацоўкі элементаў, ураўнаважанасць кампазіцыі, гармонія колеравых спалучэнняў. Сярод лепшых работ: «Снеданне» (1968), «Яблыкі» (1973), «На радзіме А.Пашкевіч (Цёткі)» (1976), «Памяці Галі Вішнеўскай» (1978), «Свята Перамогі» (1982), «Сынам Радзімы» (1984), «Вясельны нацюрморт» (1988), дыпціх «Ушанаванне паэта» і «Сум па паэце», прысвечаны М.Багдановічу (1991), «Лілеі маім бацькам» (1992), «Кветкі і яблыкі» (1996), «Беларускі пейзаж» (1997); габелены «Шляхі паэта» (1980), «Дарогамі асветніка Ф.Скарыны» (1990). Аформіла кнігі Цёткі, Л.Геніюш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАБІЁЗА (Scabiosa),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды С.: галубіная (S. columbaria), занесеная ў Чырв. кнігу, трапляецца на парослых хмызняком пераўвільготненых лугавінах у далінах рэк, на вільготных узлесках, ускрайках балот, і жоўтая (S. ochroleuca), нар. назвы каўтуннік, папы, стараснік, расце на пясчанай глебе ў хваёвых лясах, уздоўж дарог. Характэрна для Пд рэспублікі. Інтрадукаваны С. каўказская (S. caucasica) і цёмна-пурпурная (S. atropurpurea).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—80 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, апушаныя. Лісце супраціўнае, суцэльнае або рассечанае. Кветкі ў верхавінкавых суквеццях, якія ўтвараюць густыя галоўкі накшталт кошыкаў складанакветных. Плод — арэх. Фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НКІН (Андрэй Уладзіміравіч) (н. 20.12.1962, Мінск),
бел.паэт. Сын У.М.Скарынкіна. Скончыў БДУ (1994), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1997). У 1999—2001 у Ін-це парламентарызму і прадпрымальніцтва ў Мінску. Друкуецца з 1980. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Начны спявак», «Барвяныя прыцемкі» (абодва 1994), «Сухія кветкі» (1995), «Журботны госць» (1997) і інш. роздум над лёсам рус. свету, чалавецтва, сэнсам жыцця. Многія вершы С. пакладзены на музыку. Пераклаў на рус. мову вершы А.Звонака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГНО́ЎКА, вадзяніка, вараніка,
шыкша (Empetrum),
род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗАМІ́Н (Impatiens),
род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРА (Aster),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш. Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКАПЫ́ТНІК (Petasites),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на пясчаных берагах рэк, заліўных лугах трапляецца белакапытнік несапраўдны (Petasites spurius), па берагах азёраў, каля крыніц у вільготных лясах і на схілах — белакапытнік гібрыдны, або лекавы (Petasites hybridus), які занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя звычайна двухдомныя травяністыя расліны з галінастым паўзучым карэнішчам. Кветаноснае сцябло (паяўляецца ранняй вясною да ўтварэння лісця) прамое, касмата-апушанае. Прыкаранёвае лісце да 1,5 м у дыяметры, трохвугольна- або круглавата-сэрцападобнае, з лопасцямі, на чаранках, сцябловае — рэдукаванае, сядзячае, лускападобнае. Кветкі брудна-пурпуровыя, чырвоныя, фіялетавыя, жаўтаватыя або белыя, у разнаполых кошыках, сабраных у гронкі, коласападобныя суквецці, мяцёлкі або шчыткі. Плод — сямянка з чубком. Лек., меданосныя, вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫКО́С (Armeniaca),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.
Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛА́ (Viscum),
род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.