НІО́БІЙ (лац. Niobium),

Nb, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 41, ат. м. 92,9064. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​93Nb. У зямной кары 210​−3% па масе, трапляецца звычайна разам з танталам (гл. Ніобіевыя руды). Адкрыты ў выглядзе аксіду ў 1801 англ. вучоным Ч.​Хатчэтам (названы ім «калумбіем»), незалежна ад яго ў 1844 ням. хімікам Г.​Розе (прапанаваў назву Н.; ад імя Ніобы — дачкі міфалагічнага Тантала); пазней даказана ідэнтычнасць Н. і калумбію. Назва ўзаконена ў 1950 Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі.

Светла-шэры пластычны метал, tпл 2477 °C, tкіп каля 4760 °C, шчыльн. 8570 кг/м³, т-ра пераходу ў звышправодны стан 9,28 К. У звычайных умовах хімічна ўстойлівы. Раствараецца толькі ў плавікавай кіслаце, яе сумесях з азотнай к-той і расплавах шчолачаў. Кампактны Н. у паветры пачынае акісляцца пры t > 200 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, азотам, вугляродам і інш. Атрымліваюць аднаўленнем аксіду Nb (V) Nb2O5, гептафтораніабату (V) калію K2NbF7, асабліва чысты Н. і пакрыцці з яго на інш. металах — аднаўленнем пентахларыду NbCl5 вадародам пры t > 1000 °C. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент нержавейных і гарачаўстойлівых сталей, сплавы Н. з вальфрамам, малібдэнам і цырконіем — як гарачаўстойлівыя канстр. матэрыялы ў ядз. энергетыцы, авіяц. і касм. тэхніцы, каразійнаўстойлівыя сплавы Н. з танталам — для вырабу хім. абсталявання, што працуе ў агрэсіўным асяроддзі, сплавы Н. з тытанам і цырконіем, а таксама звышправаднікі станід Nb3Sn і германід Nb3Ge (т-ра пераходу ў звышправодны стан 23,2 К) — у радыёэлектроніды для вырабу звышправодных саленоідаў.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІМНА́ЗІЯ (ад лац. pro замест + гімназія),

няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Узнікненне П выклікана недахопам сродкаў на ўтварэнне неабходнай колькасці поўных гімназій. Ствараліся ў адпаведнасці са статутам гімназій і прагімназій (1864), у мясцовасцях, дзе не было гімназій, адкрываліся П. з класічным або рэальным курсам. Мелі 4 класы (пазней у некат. мужчынскіх П. — 6 класаў). Навуч. планы і праграмы П. адпавядалі 4 малодшым класам гімназіі Выкладаліся: закон Божы, рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, матэматыка, чарчэнне, чыстапісанне, маляванне. У жаночых П. даваліся навыкі і рукадзелля, у мужчынскіх — лац. і да 1901 грэч. мовы. Выпускнікоў П. прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. З 1866 П. рыхтавалі і настаўнікаў прыходскіх вучылішчаў. На Беларусі першыя П. адкрыты як эксперымент у 1860 у Свіслачы і Маладзечне. У сярэдзіне 1860-х г. закрыты, а замест іх створаны настаўніцкія семінарыі. Пасля рэарганізацыі павятовых вучылішчаў у 1865—66 школы ў Брэсце, Гомелі і Бабруйску пераўтвораны ў 5-класныя рэальныя П. (у 1866—71 атрымалі статус класічных з выкладаннем лац. і грэч. моў). У 1865 у бел. П. 123 выхаванцы, у 1876—600, у 1879—746, у 1881—826, у 1890—568. З пачаткам 1-й сусв. вайны і акупацыяй ням. войскамі часткі тэр. Беларусі некат. П. закрыты, частка эвакуіравана. У 1916 засталіся 22 П. У 1917—18 П. скасаваны.

Літ.:

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],

індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.

Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАЛО́ІДЫ (ад позналац. alcali шчолач + грэч. eidos від),

група прыродных азотазмяшчальных злучэнняў, пераважна расліннага паходжання. Адкрыты ў пач. 19 ст.

Першы выдзелены морфій (марфін) з опію (1806), потым стрыхнін і бруцын, хінін і цынханін, кафеін, нікацін, атрапін і інш. У аснове будовы малекул алкалоідаў ляжыць гетэрацыкл ядра пірыдзіну, піралідзіну, імідазолу, аўрыну і інш. У залежнасці ад будовы алкалоіды класіфікуюць на групы: пірыдзіну (лабелін, нікацін, каніін), трапану (атрапін, какаін), хіналізідзіну (лупінін, цытызін) і інш.

Вядома некалькі тысяч алкалоідаў, з іх у жывёл толькі каля 50. Найб. багатыя алкалоідамі расліны з сям. бабовых, макавых, паслёнавых, казяльцовых, астравых, лебядовых. Колькасць алкалоідаў у тканках раслін звычайна вымяраецца долямі працэнта, рэдка дасягае 10—15% (кара хіннага дрэва). Асобныя алкалоіды спецыфічныя для пэўных родаў і сямействаў раслін, што з’яўляецца іх дадатковай сістэматычнай прыкметай. Лакалізуюцца алкалоіды ў органах раслін, напр., у хіннага дрэва ў кары, у аканіта ў клубнях, у какаінавага дрэва ў лісці. Многія з алкалоідаў у вял. дозах — моцныя яды, у малых — лек. рэчывы (шырока выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, напр., атрапін, новакаін, кадэін, папаверын, хінін і інш.). Арганізм чалавека і жывёл яны ўзбуджаюць (кафеін, стрыхнін) або паралізуюць (марфін, рэзерпін). Некаторыя алкалоіды выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць шкоднікаў раслін (напр., анабазін, нікацін і іх сернакіслыя солі) і ў эксперым. біялогіі для вывядзення новых формаў с.-г. раслін (напр., калхіцын).

Літ.:

Орехов А.П. Химия алкалоидов растений СССР. М., 1965;

Мироненко А.В. Метады определения алкалоидов. Мн., 1966;

Лукнер М. Вторичный метаболизм у микроорганизмов, растений и животных: Пер. с англ. М., 1979.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІЙ (лац. Helium),

He, хімічны элемент VII групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 2, ат. м. 4,0026. Прыродны гелій складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​4He (99,999862%) і ​3He. Належыць да інертных газаў. Адзін з найб. пашыраных элементаў космасу (2-і пасля вадароду). Адкрыты ў 1868 астраномамі Ж.​Жансэнам і Н.​Лок’ерам у спектры сонечнай кароны (назва ад грэч. helios — Сонца). У атмасферы 5,27∙10​−4% па аб’ёме (​4He утвараецца пры α-распадзе радыенуклідаў торыю, урану і інш. элементаў). Ядры ​4He — альфа-часціцы. Гелій маюць некат. прыродныя газы (да 2% па аб’ёме) і мінералы. Вылучаны ў 1895 У.Рамзаем з мінералу клевеіту.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -268,39 °C (самая нізкая сярод вадкасцей), шчыльн. 0,17847 кг/м³ (0 °C). Адзіны элемент, які не цвярдзее пры нармальным ціску нават пры т-ры, блізкай да 0 К, tпл -271,25 °C (ціск 3,76 МПа). Горш за інш. газы раствараецца ў вадзе, характарызуецца выключнай хім. інертнасцю. У прам-сці атрымліваюць з газаў прыродных гаручых метадам глыбокага ахаладжэння. Выкарыстоўваюць пры зварцы, рэзцы металаў, перапампоўванні ракетнага паліва, у вытв-сці цеплавыдзяляльных элементаў, паўправадніковых матэрыялаў (у якасці ахоўнага асяроддзя), у аэранаўтыцы, для кансервацыі харч. прадуктаў і інш. Гелій вадкі — квантавая вадкасць. Пры т-ры 2,17 К (-270,98 °C) і ціску пары 0,005 МПа (т.зв. λ-пункт) у вадкім ​4He (бозэ-вадкасць) адбываецца фазавы пераход другога роду (ад He I да He II). He I бурна кіпіць ва ўсім аб’ёме, He II — спакойная вадкасць, якой уласціва звышцякучасць. Выкарыстоўваюць у крыягеннай тэхніцы як холадагент, вадкі ​3He — адзінае рэчыва для вымярэння т-ры ніжэй за 1 К.

В.​Р.​Собаль.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназія засн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед. (з вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.​А.​Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.​Е.​Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.​С.​Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.​А.​Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.​А.​Эльяшава і А.​Я.​Сыркінай.

Г.​Сянькевіч.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ТА (Quito),

горад, сталіца Эквадора. Знаходзіцца на паўд. схіле вулкана Пічынча, на выш. каля 2,8 тыс. м. Адм. ц. прав. Пічынча. 1,3 млн. ж. (1997). Панамерыканскай шашой злучаны з Багатой (Калумбія) і Лімай (Перу), чыгункай і аўтадарогай з портам Гуаякіль. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, хім.-фармацэўтычная. Саматужныя промыслы (вытв-сць ювелірных вырабаў, капелюшоў). 2 ун-ты. Абсерваторыя. Нац. тэатр.

З 10 ст. сталіца самаст. княства, з 1487 у складзе дзяржавы інкаў. У 1533 захоплена іспанцамі. З 1541 горад, з 1563 цэнтр каланіяльнай правінцыі Кіта. У 17—18 ст. важны гасп. і культ. цэнтр, у 1769 адкрыты ун-т. У 1809 ў К. ўспыхнула антыісп. паўстанне, якое дало пачатак барацьбе за незалежнасць; 28.5.1822 горад вызвалены паўстанцамі. З 1830 сталіца Рэспублікі Эквадор. Горад неаднаразова быў разбураны землетрасеннямі (1797, 1844, 1859, 1887).

Планіроўка К. падначалена рэльефу мясцовасці, але пераважае прамавугольная сетка вуліц. У цэнтры — плошчы Пласа Індэпэндэнсія (Незалежнасці, з Палацам урада, 1747), Пласа Балівар і Пласа Сукрэ. Захаваліся вузкія вуліцы, 1—2-павярховыя дамы калан. перыяду, культавыя будынкі ў стылях платэрэска і барока. Сярод помнікаў царква Сан-Франсіска (1534—1650, арх. Х.​Рыке, А.​Радрыгес), сабор (1557—17 ст.) і інш. пабудовы 16—18 ст. з багатай разьбой, жывапісам, паліхромнай драўлянай скульптурай. У паўн. ч. — сучасны горад са шматпавярховымі адм. будынкамі. У К. помнікі А.​Х.​Сукрэ (1892), невядомым героям (1922), нац. арміі (1935), музеі калан. мастацтва, мастацтва і гісторыі горада, археалогіі і этнаграфіі і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІУ́Э (Niue),

уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс. чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб. выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс. га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр. пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст. вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.7.1916, г. Атэртан, Аўстралія),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1960). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1972) і АН інш. краін. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1986). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). У 1939-41 і 1944—82 у Фіз. ін-це АН СССР (з 1968 нам. дырэктара). Адначасова з 1954 праф. Маскоўскага ун-та, з 1973 заг. кафедры Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та, у 1973—92 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі Рас. АН, у 1982—98 дырэктар Ін-та агульнай фізікі Рас. АН (з 1998 ганаровы дырэктар). З 1969 старшыня Навукова-рэд. савета выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя»; у 1969—78 гал. рэдактар 3-га выд. Вял. Сав. Энцыклапедыі. Навук. працы па тэорыі нелінейных ваганняў, фізіцы сінхратроннага выпрамянення, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела і магн. з’яў, радыёфізіцы, нелінейнай і валаконнай оптыцы, лазернай фізіцы і тэхніцы, дастасаваннях лазераў у прам-сці, медыцыне, сувязі і інш. Разам з М.Г.Басавым стварыў першы квантавы генератар — мазер (1954), прапанаваў метад стварэння асяроддзяў з адмоўным паглынаннем (1955), які выкарыстаны ў першым лазеры. Прапанаваў адкрыты рэзанатар для субміліметровых хваль (1958). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Ч.Таўнсам). Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1980. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1988).

Тв.:

Методы изготовления астрономической оптики. М., 1980 (разам з Э.​А.​Вітрычэнкам, Я.​В.​Трушыным);

Научные основы прогрессивной технологии. М., 1982 (у сааўт.);

Квантовая электроника. М., 1996.

Літ.:

А.​М.​Прохоров. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

Аляксандр Міхайлавіч Прохараў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)