ФІЗІЧНАЯ ОПТЫКА
Найбольшае развіццё на Беларусі атрымалі такія раздзелы фізічнай оптыкі, як крышталяоптыка, распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях, галаграфія.
Крышталяоптыка развіваецца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі і БДУ. На аснове каварыянтнага бескаардынатнага метаду Ф.І.Фёдаравым створана тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль у празрыстых і паглынальных крышталях, прадказаны бакавы зрух светлавога пучка пры поўным адбіцці (зрух Фёдарава). Ф.І.Фёдаравым разам з супрацоўнікамі пабудавана паслядоўная тэорыя аптычна актыўных асяроддзяў (Б.В.Бокуць, А.М.Сердзюкоў); дадзена класіфікацыя паглынальных крышталёў, даследаваны паверхні рэфракцыі і абсорбцыі, пабудавана тэорыя аптычных хваляводаў (А.М.Ганчарэнка); абагульнены закон адбіцця і пераламлення незвычайных прамянёў у крышталях (В.В.Філіпаў); распрацаваны аператарны метад апісання аптычных палёў у складаных асяроддзях (Л.М.Баркоўскі), тэорыя хваль у магнітных крышталях (Л.М.Тамільчык), малекулярная тэорыя поўнага адбіцця святла і выяўлена сувязь кагерэнтнасці з энтрапіяй выпрамянення (Б.А.Соцкі); выяўлены новы тып неаднародных хваль у крышталях (М.С.Пятроў). Распрацаваны палярызацыйна-аптычны метад даследавання цячэння вязкіх асяроддзяў пры дэфармацыі (Б.Б.Бойка), асновы электрааптычнага кіравання светлавымі пучкамі (М.А.Гусак і інш.). Даследавана структура лазернага выпрамянення ў розных асяроддзях (А.П.Хапалюк). Тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль абагульнена на пругкія хвалі ў крышталях (Ф.І.Фёдараў); вызначаны асаблівыя напрамкі распаўсюджвання папярочных хваль у крышталях і акустычныя восі, асаблівасці канічнай рэфракцыі, на аснове чаго дадзена класіфікацыя крышталёў паводле акустычных уласцівасцей (Ф.І.Фёдараў, А.Р.Хаткевіч). Адкрыты адзін з тыпаў сінхранізму, эфектыўны для пераўтварэння частаты светлавых хваль у нелінейных крышталях (Б.В.Бокуць, А.Р.Хаткевіч). Прапанаваны вектарны сінхранізм аптымальнага пераўтварэння пучкоў святла, распрацаваны і рэалізаваны высокаэфектыўныя метады і ўстройствы нелінейнага аптычнага і акустааптычнага пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення (М.С.Казак і інш.). Адкрыта магчымасць бездыфракцыйнага распаўсюджвання і факусіроўкі святла ў гіратропных крышталях (А.М.Ганчарэнка і інш.). Даследаваны асаблівасці распаўсюджвання і пераўтварэння частаты беселевых пучкоў (У.М.Белы, М.С.Казак і інш.).
Распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях. Даследаванні ў гэтым кірунку пачаты ў 1950-я г. працамі Б.І.Сцяпанава разам з А.П.Прышывалкам і Ю.І.Чакалінскай па спектраскапіі дысперсных асяроддзяў і распрацоўкамі М.А.Барысевіча разам з вучнямі па стварэнні дысперсійных святлафільтраў. З 1959 пад кіраўніцтвам А.П.Іванова вядуцца даследаванні распаўсюджвання святла ў розных рассейвальных аб’ектах: атмасферы, водных асяроддзях, фатаграфічных матэрыялах, люмінесцыруючых экранах, біялагічных тканках і інш. Развіта тэорыя і распрацаваны метады лабараторнага мадэліравання прыродных працэсаў, павышэння далёкасці і якасці бачання ў замутненай атмасферы і акіянскіх водах, апрацоўкі спадарожнікавых спектральных відарысаў наземных аб’ектаў, вызначэння мікраструктурных характарыстык асяроддзяў і аб’ектаў, лазернага зандзіравання атмасферы і гідрасферы. У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі створана серыя празрыстамераў, пры дапамозе якіх выкананы даследаванні забруджанасці вод шэрагу акваторый мораў і акіянаў, а таксама азёр Беларусі; у рамках праграм Дзяржкамгідрамета СССР была арганізавана сетка лідарных лазерных станцый кантролю за забруджанасцю паветра ў розных рэгіёнах СССР; у наш час у каардынацыі з Еўрапейскай лідарнай сеткай вядзецца лазерны маніторынг аэразолю ў атмасферы. Створаныя ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ спектрометры выкарыстоўваліся на сав. касмічных апаратах. Рэспубліканскі навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя праводзіць рэгіянальны маніторынг і картаграфаванне для вырашэння праблем экалогіі і рэсурснага аналізу. Вырашаны шэраг важных задач па тэорыі ўзнікнення і распаўсюджвання інфрачырвонага выпрамянення ў ракетных струменях (Ін-т фізікі Нац. АН Беларусі) і радыяцыйнага цеплаабмену (Ін-т цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі). Навук. вынікі бел. вучоных у галіне рассеяння і пераносу выпрамянення прыведзены ў больш як 20 манаграфіях і адзначаны 2 Дзярж. прэміямі СССР (М.А.Барысевіч, В.Р.Верашчагін; Б.І.Бяляеў, Л.І.Кісялеўскі, А.А.Каляда, В.В.Равінскі, А.Ф.Чарняўскі) і Дзярж. прэміяй Беларусі (А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, У.Я.Плюта, А.П.Чайкоўскі).
Галаграфія. Даследаванні на Беларусі вядуцца з канца 1960-х г. У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі закладзены асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту лазернага выпрамянення пры чатыроххвалевых узаемадзеяннях (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў); вывучаны ўласцівасці дынамічных галаграм у рэзанансных асяроддзях і на іх аснове распрацаваны метады пераўтварэння прасторава-часавай структуры лазерных пучкоў; развіты метады выкарыстання дынамічнай галаграфіі ў адаптыўнай оптыцы, сістэмах апрацоўкі інфармацыі, лазернай тэхніцы, спектраскапіі (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, У.В.Кабанаў, А.М.Лазарук, І.П.Пятровіч, А.С.Рубанаў, А.Л.Тоўсцік, А.В.Чалей). За цыкл работ у гэтым кірунку П.А.Апанасевічу, Я.В.Івакіну, А.С.Рубанаву, Б.І.Сцяпанаву прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1982. Распрацаваныя метады святлоіндуцыраваных дынамічных рашотак (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў) выкарыстоўваюцца для вымярэння фіз. уласцівасцей матэрыялаў. У галіне статыстычнай галаграфіі распрацаваны метады даследавання дэфармацый і вібрацый розных аб’ектаў і рэльефу паверхняў, створаны сістэмы аптычнай памяці і кадзіравання інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, Л.В.Танін, Б.М.Цюшкевіч; Ін-т электронікі Нац. АН Беларусі), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (М.А.Вількоцкі, А.С.Ключнікаў, П.Дз.Кухарчык; НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ). Наладжана серыйная вытворчасць мастацкіх і ідэнтыфікавальных адбівальных галаграм (Л.В.Танін). У наш час даследаванні і распрацоўкі вядуцца ў ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, БДУ, навукова-вытворчай фірме «Галаграфічная індустрыя».
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;
Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003;
Бельский А.М., Корнейчук Т.М., Хапалюк А.П. Пространственная структура лазерного излучения. Мн., 1982;
Белый В.Н., Казак Н.С., Хило Н.А. Преобразование частоты бесселевых световых пучков нелинейными кристаллами // Квантовая электроника. 2000. Т. 30, №9;
Борисевич Н.А., Верещагин В.Г., Валидов Н.А. Инфракрасные фильтры. Мн., 1971;
Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Яго ж. Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;
Иванов А.П., Предко К.Г. Оптика люминесцентного экрана. Мн., 1984;
Пришивалко А.П., Бабенко В.А., Кузьмин В.Н. Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными частицами. Мн., 1984;
Степанов Б.И., Ивакин Е.В., Рубанов А.С. О регистрации плоских и объемных динамических голограмм в просветляющих веществах // Докл. АН СССР. 1971. Т. 196, №3;
Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
Толстик А.Л. Многоволновые взаимодействия в растворах сложных органических соединений. Мн., 2002.
П.А.Апанасевіч, А.П.Іваноў, А.Р.Хаткевіч.
т. 18, кн. 2, с. 517