дзяржаўны і паліт. дзеяч Германіі, першы федэральны канцлер ФРГ. Юрыст. У 1917—33 і маі—крас. маі—кастр. 1945 обер-бургамістр г. Кёльн. У 1918—19 і 1923 выступаў за аддзяленне Рэйнскай правінцыі ад Прусіі і стварэнне Рэйнскай рэспублікі. У 1920—33 прэзідэнт прускага Дзярж. савета. Пры нацыянал-сацыялістах пазбаўлены пасады обер-бургамістра, у 1944 зняволены. З 1946 старшыня створанага ім Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) у брыт.акупац. зоне, у 1950—66 федэральны старшыня ХДС. У 1948—49 старшыня Парламенцкага савета. У 1949—63 федэральны канцлер, адначасова міністр замежных спраў (1951—55). Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся прынцыпаў прававой дзяржавы. Урад Адэнаўэра падпісаў Парыжскія пагадненні 1954, ажыццявіў уступленне ФРГ у НАТО (1955), устанавіў дыпламат. адносіны зСССР (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя затр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФ’Е́РЫ ((Alfieri) Віторыо) (16.1.1749, г. Асты, Італія — 8.10.1803),
італьянскі драматург і паэт; стваральнік нац. трагедыі класіцызму. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1766). Аўтар трагедый: «любоўных» («Антоній і Клеапатра», 1774—75; «Піліп», 1776; «Актавія», 1779, і інш.), «свабоды» («Віргінія», 1777; «Змова Пацы», 1777—81; «Брут I», «Брут II», абедзве 1786, і інш.), «пра барацьбу за трон» («Дон Гарсія», 1774—78; «Марыя Сцюарт», 1777—86, і інш.), «сямейных пачуццяў» («Антыгона», 1775—76; «Альцэста», 1797, і інш.), «унутранай барацьбы» («Саул», 1782); «Міра», 1784); камедый у вершах (1800—03): «Адзіны», «Нямногія», «Проціяддзе», «Развод» і інш.; эпіграм, сатыр, празаічных памфлетаў (зб. «Ненавіснік Галаў», 1799); трактатаў «Пра тыранію», «Пра ўладара і літаратуру» (абодва 1789); аўтабіяграфіі «Жыццё Віторыо Альф’еры з Асты, расказанае ім самім» (1806). Яму належаць каля 200 санетаў і пераклады з антычных класікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ГАЛА́НДСКІЯ ВО́ЙНЫ 17 СТАГО́ДДЗЯ,
выкліканы гандлёва-эканамічным і каланіяльным саперніцтвам Англіі і Галандыі. Вяліся ў асн. на моры. Першая англа-галандская вайна (1652—54) пачалася з-за прыняцця англ. парламентам Навігацыйнага акта 1651, накіраванага супраць галандскага пасрэдніцкага гандлю. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1654 Галандыя прызнала Навігацыйны акт. Другая англа-галандская вайна (1665—67) аб’яўлена Галандыяй у адказ на захоп (1664) англічанамі галандскай калоніі ў Паўн. Амерыцы — Новага Амстэрдама. Паводле Брэдскага міру 1667 Новы Амстэрдам перайшоў да Англіі, апошняя вярнула Галандыі захоплены ў час вайны Сурынам. У трэцяй англа-галанскай вайне (1672—74) на баку Англіі выступіла Францыя. Перамога Галандыі над англа-франц. флотам пры Тэкселе (1673) і інш. абставіны прымусілі Англію выйсці з вайны. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1674 заставаўся правамоцны Брэдскі трактат 1667.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТУА́Н ((Antoine) Андрэ) (31.1.1858, г. Лімож — 19.10.1943),
французскі рэжысёр і акцёр, тэарэтык т-ра. Арганізатар і дырэктар свабоднага т-ра (1887—95) і Т-ра Антуана (1897—1906), дырэктар т-ра «Адэон» (1906—14). З 1914 працаваў у кіно, займаўся тэатр. крытыкай. Прыхільнік і прапагандыст эстэт. прынцыпаў Э.Заля, адстойваў рэалізм у тэатр. мастацтве. Выступаў супраць рамесніцкай «касавай» драматургіі, за ўключэнне ў рэпертуар парыжскіх т-раў прагрэс.франц. і замежнай драмы. Паставіў інсцэніроўкі паводле рамана бр. Ганкур, п’есы Ж.Рэнара, Л.Талстога («Улада цемры», 1888), Г.Ібсена («Здані», 1890), Г.Гаўптмана («Ткачы», 1893) і інш. Выступаў супраць штампаў у акцёрскім і рэжысёрскім мастацтве. Характарны акцёр, майстар мізансцэны. З лепшых роляў: Освальд («Здані»), Акім («Улада цемры») і інш.
Літ.:
Антуан А. Дневники директора театра, 1887—1906: Пер. с фр.М.; Л., 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАПУ́ТРА, Брамапутра,
рака ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. Даўж. 2900 км, пл. басейна 935 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах Гімалаяў, цячэ на У па паўд.ч. Тыбецкага нагор’я (назвы Мацанг, Цангпо), прабіваецца па цясніне Дыханг праз Усх. Гімалаі (наз. Дыханг), потым цячэ на З і ПдЗ па Бенгальскай раўніне, паварочвае на Пд і ўпадае ў Бенгальскі заліў, дзе ўтварае з Гангам і Мегхнай агульную дэльту (больш за 80 тыс.км²). Найб. Значныя прытокі: злева — Нау, Чорта-Цангпо, Рага-Цангпо, Джычу, Джамда, Лухіт, Капілі, справа — Ньянгчу, Субансіры, Каменг, Манас, Ціста. Пад’ёмы ўзроўню дасягаюць 10—12 м. Сярэдні расход вады 12 тыс.м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ад цясніны Дыханг (1290 км), на Тыбецкім нагор’і — на асобных участках. На Брахмапутры гарады Шыгадзе (Кітай), Дыбругарх, Тэзпур, Дхубуры, Гувахаты (Індыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЙ (Bryum),
род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (B. capillare), дзірваністы (B. caespiticium), няправільнатрохгранны (B. pseudotriquertrum) і серабрысты (B. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (B. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.
Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫЯ ТЛІ,
насякомыя атрада раўнакрылых падатрада сысучых; шкоднікі буракоў і інш.с.-г. раслін. Найб. пашыраны ва ўсіх раёнах буракасеяння 2 віды: бураковая, або бабовая, тля (Afis fabae) і бураковая каранёвая тля (Pemphigus fuscicornus). Псуюць таксама пасевы бобу, бульбы, шпінату, гарбузоў і інш. раслін, асабліва моцна насеннікі буракоў.
Бураковая тля бывае бяскрылая і крылатая, даўж. 2 мм, чорная з шызым адценнем. Да 17 пакаленняў за год. Высмоктвае сокі з раслін, у выніку лісце скручваецца і завядае, расліна адстае ў росце, зніжаецца ўраджай. Зімуе ў стадыі яец. Бураковая каранёвая тля жаўтавата-белая, даўж. да 2,5 мм. Калоніі тлей жывуць на дробных карэньчыках раслін, якія вянуць, а пры недахопе ў глебе вільгаці гінуць. Цукрыстасць цукр. буракоў зніжаецца на 3—5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́ВА (дзявочае Новікава) Алена Дзмітрыеўна
(н. 28.7.1947, г. Савецкая Гавань Хабараўскага краю, Расія),
бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах), дзеяч фіз. культуры і спорту. Засл. майстар спорту (1968), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1979), засл. трэнер Беларусі (1994). Канд.пед.н. (1979), праф. (1993). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1971). Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у асабістым (1968) і камандным (1968, 1972, 1976) пяршынствах, прызёр Алімпійскіх гульняў: бронзавы ў асабістым (1976) і сярэбраны ў камандным (1980) заліках. Чэмпіёнка свету ў асабістым (1969) і камандным (1970, 1971, 1974, 1975, 1977—79) пяршынствах, 11-разовая чэмпіёнка Еўропы ў асабістых і камандных спаборніцтвах. Член выканкома Нац. алімпійскага к-та Беларусі (з 1991). Узнагароджана ганаровым прызам Міжнар. алімпійскага к-та «За ідэалы алімпізму ў спорце» (1966) у сувязі з 100-годдзем алімпійскага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙНЯРО́ВІЧ (Іосіф Навумавіч) (н. 28.11.1909, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял.Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.