(Frída) Эміль; 17.2.1853, г. Лоўні, Чэхія — 9.9.1912], чэшскі паэт, драматург, перакладчык. Скончыў Пражскі ун-т; з 1893 праф. гэтага ун-та. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Яго творчасць фарміравалася на традыцыях рамантызму і пад уплывам франц. парнасцаў. Дэбютны зб. лірыкі «З глыбінь» (1875) прасякнуты песімістычнымі матывамі. У зб-ках «Эклогі і песні» (1880),
«Паломніцтва да Эльдарада» (1882) сцвярджаў сенсуалістычнае ўспрыняцце жыцця. Цэнтр. месца ў творчасці Врхліцкага займаюць цыкл паэт. зб-каў пад агульнай назвай «Эпапея чалавецтва» («Дух і свет», 1878; «Міфы», т. 1—2, 1879—80; «Абломкі эпапеі», 1886; «Новыя абломкі эпапеі», 1894; «Багі і людзі», 1899, і інш.), а таксама паэмы «Іларыён» (1882), «Твардоўскі» (1885), «Бар Кохба» (1897), у якіх, звяртаючыся да знакамітых постацей (Дж.Бруна, Г.Галілей, Я.Гус, Я.Жыжка) і падзей мінуўшчыны (франц. рэвалюцыя 1789—99), імкнуўся асэнсаваць ход гіст. развіцця чалавецтва. Грамадзянскімі матывамі насычаны зб-кі «Сялянскія балады» (1885) і «Мая радзіма» (1903). Аўтар зб-каў «Санеты самотніка» і «Галасы ў пустыні» (абодва 1900). Узбагаціў чэш. паэзію новымі паэт. формамі і вершаванымі памерамі. Пісаў апавяданні, эсэ, п’есы («Ноч на Карлштэйне», 1884; трылогія «Іпадамія», т. 1—3, 1883—90, у 1891 нап. музыка З.Фібіхам). Перакладаў на чэш. мову Дантэ, Т.Таса, Л.Арыёста, Дж.Байрана, Ф.Шылера, І.В.Гётэ, А.Міцкевіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама«Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЯ́ЎСКІЯ (Wieniawscy),
польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).
Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап. вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз.т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.Пушылаў, В.Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар.муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).
Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз.т-ва (1875—78), арганізатар сімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),
клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.
Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.
Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст. галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц.нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш.чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксамаінш. жывапісцы, графікі.
Літ.:
Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́НЬ, журавельнік (Geranium),
род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (у тропіках — толькі ў гарах). На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 17 відаў, з іх 7 мясцовых — герань балотная (G. palustre), крывава-чырвоная (G. sanguineum), лугавая (G. pratense), лясная (G. sylvaticum), маленькая (G. pusillum), Роберта (G. robertianum) і цёмная (G. phaeum), занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, і 10 занесеных — герань багемская (G. bohemicum), бліскучая (G. lucidum), галубковая (G. columbinum), круглалістая (G. rotundifolium), мяккая (G. molle), пірэнейская (G. pyrenaicum), раскідзістая (G. divaricatum), рассечаная (G. dissectum), сібірская (G. sibiricum) і ўзгоркавая (G. collinum). Растуць у лясах, на лугах і балотах, каля рэк, азёр, дарог і інш. У Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукавана герань прамая (G. rectum).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае, з прылісткамі, амаль сядзячае або на доўгіх чаранках, лопасцевае, пальчата-раздзельнае ці, зрэдку, перыстае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі правільныя, па 1—2 на пазушных кветаносах, утвараюць парасонікі: вяночак з 5 свабодных пялёсткаў рознага колеру (ад белаватых, ружовых і бэзавых да чырвона-бурых, амаль чорных), звычайна буйны. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў (мерыкарпіяў). Лек., меданосныя, дубільныя і пахучыя дэкар. расліны. Геранню называюць таксама віды роду пеларгонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБІЦЫ́ДЫ [ад лац. herba трава + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксамаальгіцыды і арбарыцыды.
Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш. часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.
Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.
Літ.:
Химические средства защиты. М., 1987;
Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл.Генетычная інжынерыя).
У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб. пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДЫжывёл,
пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл.таксамаГнездаванне.