ЛЯ́СКАВІЧЫ,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Іванава — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на Пн ад г. Іванава, 143 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1368 ж., 507 двароў (1999). Лясніцтва, станцыя па барацьбе з хваробамі жывёл. Пачатковая школа, вучэбна-вытв. камбінат, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Прачысценская царква (пабудавана да 1783), сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі (1920).
т. 9, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
вёска ў Лапаціцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., каля шашы Магілёў—Слаўгарад. Цэнтр калгаса. За 14 км на Пн ад Слаўгарада, 60 км ад Магілёва, 36 км ад чыг. ст. Чавусы. 381 ж., 147 двароў (1999). Пачатковая школа, клуб, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, расійскіх воінаў. Помнік у гонар перамогі рускіх воінаў у бітве пад Лясной 1708. Помнік архітэктуры — мемар. капліца (пач. 20 ст.), у якой створаны музей гісторыі бітвы.
т. 9, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЗАЛАВА,
вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Белая Натапа, на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Мсціслаў, 90 км ад Магілёва, 8 км ад чыг. ст. Ходасы. 686 ж., 229 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 19 ст.). Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.
т. 9, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШАВІЧЫ,
вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Убарць, на аўтадарозе Лельчыцы — в. Глушкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдЗ ад г.п. Лельчыцы, 242 км ад Гомеля, 130 км ад чыг. ст. Калінкавічы. 1230 ж., 440 двароў (1999). Лясніцтва, лясгас. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка, селішчы каменнага і жал. вякоў, эпохі Кіеўскай Русі.
т. 10, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫНА,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г.п. Іўе, 148 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 524 ж., 253 двары (1999). Цагельны з-д, сумеснае прадпрыемства «Рыалпо». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).
т. 10, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛАВА,
вёска ў Цюрлёўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр калгаса. За 3 км на З ад горада і чыг. ст. Маладзечна, 76 км ад Мінска. 1899 ж., 702 двары (2000). Меліярац. ўпраўленне арашальных сістэм, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія». Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік сав. воінам, партызанам, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры (1—8 ст. н.э.).
т. 11, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г. Маладзечна, 60 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Аляхновічы. 576 ж., 222 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Філіял Дзярж. музея гісторыі л-ры «Гарадок». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі археал. помнікі Гарадок.
т. 5, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Прагрэс». За 34 км на З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Азярніца. 442 ж., 173 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца. Царква.
Упершыню ўпамінаецца ў 1478 сярод «прысёлкаў» маёнтка Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У 15—16 ст. належала Б.Мілашэвічу, Б.Багавіцінавічу, І.Гарнастаю. У 1886 — 418 ж., 39 двароў, школа, царква, сінагога, штогод праводзіліся 2 кірмашы. З 1940 цэнтр сельсавета.
т. 1, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБКО́ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 14.1.1938, в. Ілава Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Герой Сац. Працы (1982). З 1960 працаваў аграномам-насенняводам, кіраўніком аддзялення, дырэктарам вучэбнай гаспадаркі «Станіславова» Гродзенскага с.-г. ін-та. У 1966—70 нач. упраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага райвыканкома, у 1970—72 дырэктар трэста малочна-гароднінных саўгасаў Гродзенскай вобл., у 1972—94 старшыня калгаса, старшыня савета с.-г. калект. прадпрыемства «Прагрэс» Гродзенскага р-на. Са снеж. 1994 старшыня Гродзенскага аблвыканкома. З 1990 старшыня Саюза аграрнікаў Беларусі.
т. 6, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦВІ́НАВІЧЫ,
вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Касалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г. п. Карма, 99 км ад Гомеля, 61 км ад чыг. ст. Рагачоў. 1789 ж., 723 двары (1999). Птушкафабрыка «Сож», лясніцтва. Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік і мемар. дошка П.М.Лепяшынскаму, які заснаваў Ліцвінавіцкую школу-камуну. Каля вёскі паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку.
т. 9, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)