РАГО́ВІН (Захар Аляксандравіч) (28.8.1905, г. Магілёў — 11.8.1981),

расійскі хімік. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928) і працаваў у ім з 1931. З 1939 праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, у 1941—45 — упаўнаважаны па хіміі Дзярж. к-та абароны. З 1946 у Маскоўскім тэкст. ін-це. Навук. працы па хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Даследаваў умовы і кінетыку полімерызацыі капралактаму (разам з І.Л.Кнунянцам). Распрацаваў метады сінтэзу вытворных цэлюлозы, якія дазваляюць уводзіць у макрамалекулу функцыян. групы любых тыпаў (1930—50), а таксама метады хім. мадыфікацыі цэлюлозных і сінт. валокнаў для атрымання матэрыялаў з вогнеахоўнымі, бактэрыцыднымі, масла- і воданепрымальнымі і інш. ўласцівасцямі. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1950, 1974.

З.А.Раговін.

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА,

навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).

Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст. італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.​Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.

У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.​Штэйніца, Э.​Арціна, Э.​Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.​Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.​І.​Мальцаў і А.​Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл. Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.

Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш. Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.

Літ.:

Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;

Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр. М., 1963.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),

1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.

Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.

2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.

3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л. спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.

4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл. Сухапутныя войскі.

5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).

6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.

Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).

У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.​Чачот, А.​Рыпінскі, П.​В.​Шэйн, Е.​Р.​Раманаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​Федароўскі, А.​А.​Грыневіч, Р.​Р.​Шырма, Г.​І.​Цітовіч і інш.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;

Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́РАВА ПРАСПЕ́КТ у Мінску.

Знаходзіцца ў цэнтр. частцы горада. Былая Паркавая магістраль, з 1980 сучасная назва. З 12 ст. на гэтым месцы было стараж. гарадзішча з Мінскім замкам, з 16 ст. побач размяшчалася Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова М.п. пачалася ў 1960-я г. Фарміруецца як састаўная ч. 2-га гар. дыяметра. Працягласць каля 9 км ад пуцеправода цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. З паўн.-ўсх. боку праспекта цячэ р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку М.п. будынак Дома мадэлей (1967, арх. С.​Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных 2-павярховым стылабатам, гасцініцы «Юбілейная» (1968, арх. Г.​Бенядзіктаў), «Планета», кінатэатр «Масква» (абодва 1980). У ансамблі забудовы гэтага ўчастка — скульпт. групы «Вясна», «Лета», «Восень» і «Зіма» (1982, скульпт. А.​Шатэрнік, Л.​Давідзенка, Ю.​Палякоў, В.​Занковіч). Вылучаюцца пабудовы: Мінскі завод халадзільнікаў (1968—75), Дом праектных арганізацый, Мінскі палац тэніса (абодва 1978), Дом прафесіянальных саюзаў (1982), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1988). На правым баку праспекта ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваны фундамент храма 12 ст., спарт. комплекс «Дынама» (1934), Мінскі палац спорту (1966), парк Перамогі (закладзены ў 1945), добраўпарадкоўваецца набярэжная (арх. С.​Баткоўскі, Ю.​Градаў, Л.​Левін). У 1983 на М.п. створаны жылы раён з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (арх. Н.​Шпігельман, В.​Крусь), у 1985 — арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», у 1987 у раёне вадасховішча Дразды пабудаваны гал. і спарт. карпусы Акадэміі фіз. выхавання і спорту (арх. У.​Афанасьеў, у сааўт.).

А.​А.​Воінаў.

Панарама Машэрава праспекта.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАСІЛЁК»,

беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.​Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.

В.​М.​Мартыненка.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.

Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.​Л.​Бочак, А.​Л.​Валагжанін, В.​П.​Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,

эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».

Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГЛЫЯ, збегі,

групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)