БЯЛЯ́ЕЎ (Павел Іванавіч) (26.6.1925, с. Чэлішчава Тацемскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 10.1.1970),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1965), лётчык-касманаўт СССР (1965). Скончыў Ейскае авіявучылішча марскіх лётчыкаў-знішчальнікаў (1945), Ваенна-паветр. акадэмію (цяпер імя Ю.​А.​Гагарына, 1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з А.А.Лявонавым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Узыход-2». У час палёту кіраваў выхадам Лявонава ў космас (упершыню ў свеце). Пры пасадцы выкарыстаў сістэму ручнога кіравання. Працягласць палёту 2,08 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЕЎ (Гейдар Алі Рза аглы) (н. 10.5.1923, г. Нахічэвань),

дзярж. і паліт. дзеяч Азербайджана. Двойчы Герой Сац. Працы (1979, 1983). Скончыў Азерб. ун-т. З 1941 у органах дзярж. бяспекі, СМ Нахічэванскай АССР. У 1950—64 у МДБ, МУС і КДБ Азерб. ССР; з 1967 старшыня КДБ пры СМ Азерб. ССР. З 1969 1-ы сакратар ЦК КП Азербайджана. У 1982—87 1-ы нам. старшыні СМ СССР. Чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1982—87. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1970—87. З 3.10.1993 прэзідэнт Азербайджана.

А.Аліёў.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБАРЦУМЯ́Н (Віктар Амазаспавіч) (н. 18.9.1908, Тбілісі),

армянскі астраном і фізік; заснавальнік сав. тэарэт. астрафізікі. Акад. АН СССР (1953) і АН Арменіі (1943). Герой Сац. Працы (1968, 1978). Замежны чл. АН многіх краін. Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). Стваральнік і дырэктар Бюраканскай астрафіз. абсерваторыі (1946). З 1947 прэзідэнт АН Арменіі. Навук. працы па фізіцы зорак і туманнасцяў, зорнай дынаміцы, пазагалактычнай астраноміі, касмагоніі, ядз. і тэарэт. фізіцы. Адкрыў і даследаваў зорныя сістэмы новага тыпу (т.зв. зорныя асацыяцыі). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

Тв.:

Проблемы современной космогонии. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.).

В.А.Амбарцумян.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫКО́САЎ (Аляксей Іванавіч) (18.1.1875, Масква — 9.4.1955),

рус. патолагаанатам. Акад. АН СССР (1939) і АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1945). Чл.-кар. Польскай АН. Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). У 1920—53 праф. 1-га Маскоўскага мед. ін-та, адначасова ў 1944—51 дырэктар Ін-та нармальнай і паталагічнай марфалогіі АМН СССР. Працы па марфалогіі туберкулёзу, алергічных рэакцыях, сепсісе, ранавай інфекцыі, паталогіі вегетатыўнай нерв. сістэмы. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Основы общей патологической анатомии. 9 изд. М., 1949;

Основы частной патологической анатомии. 4 изд. М., 1950.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (1.5.1905, С.-Пецярбург — 12.5.1982),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1951). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры драмы (цяпер імя А.​Пушкіна, 1927). Працаваў у тэатры-студыі, з 1928 у асн. трупе т-ра. Акцёр вял. драм. сілы. Сярод роляў: Самазванец («Барыс Гадуноў» Пушкіна), Аркашка Шчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага), Сямён Катко («Ішоў салдат з фронту» В.​Катаева). З 1937 здымаўся ў кіно: Паўлаў («Акадэмік Іван Паўлаў»), Мусаргскі (у аднайм. фільме), Лапін («Верныя сябры»). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1950, 1951 (двойчы).

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЙКА (Аркадзь Аляксандравіч) (26.1.1898, в. Дубраўкі Полацкага р-на Віцебскай вобласці — 12.12.1955),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1922), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел. і 3-м Бел. франтах, камандзір дывізіі, корпуса. У вер. 1943 байцы корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро ў Брагінскім раёне Гомельскай вобл., захапілі і ўтрымлівалі плацдарм. Да 1953 у Сав. Арміі.

А.А.Барэйка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ (Аляксей Мікалаевіч) (17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АН СССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз. хім. навук АН СССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Сборник избранных трудов. Л., 1937.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́К (Сяргей Антонавіч) (15.2.1901, в. Шубічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці — 18.3.1962),

генерал-лейтэнант (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з 1944 камандзір стралк. дывізіі ў складзе 3-га Укр. фронту. Вызначыўся пры ліквідацыі нікапальскай групоўкі праціўніка (Украіна). Дывізія пад яго камандаваннем у лютым 1944 знішчыла шмат жывой сілы, баявой тэхнікі ворага. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЛЮ́БАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (29.5.1900, г. Чэбаксары, Чувашыя — 28.2.1956),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў акадэміі Ваен. імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з мая 1944 нач. штаба 2-га Бел. фронту. Прадуманы Багалюбавым план дзеянняў і ўмелае кіраванне штабамі злучэнняў войскаў фронту ў Беларускай аперацыі 1944 спрыялі поспеху ў разгроме праціўніка на магілёўскім напрамку. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (6.8.1870, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.4.1946),

рускі вучоны ў галіне металазнаўства, металургіі і хіміі. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1927), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893), працаваў у ВНУ Пецярбурга, з 1942 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па тэорыі акіслення і аднаўлення металаў і дысацыяцыі хім. злучэнняў пры высокай т-ры, асновах металургіі каляровых металаў, прамым атрыманні жалеза з руды, комплексным выкарыстанні сыравіны. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Собр. трудов. Т. 1—5. М.; Л., 1948—52.

А.А.Байкоў.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)