ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.

Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл. Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз. лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.

Літ.:

Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

М.​У.​Паўлюкевіч.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,

спосаб функцыянавання палітычнай сістэмы грамадства і паліт. працэсаў; тып дзярж. кіравання са спецыфічнымі прынцыпамі і структурамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Асн. пытаннем П.р. з’яўляецца праблема ўлады, якая ўздзейнічае на ўсе сферы грамадства, на эканам., сац., культ. і інш. структуры, паліт. паводзіны і дзейнасць людзей. Існуе мноства крытэрыяў, паводле якіх класіфікуюцца П.р. Можа быць ліберальны, аўтарытарны, дэмакр., аўтакратычны, монакратычны (дыктатарскі), дырэкторыя (калект. кіраванне), камбінаваны; гл. Аўтарытарызм, Дыктатура, Дэмакратыя, Лібералізм, Таталітарызм. Класіфікуюцца таксама па сац. складзе кіруючых эліт, ступені адкрытасці і закрытасці, характары абароны і падтрымкі рэжыму, формах і метадах паліт. ўзаемадзеяння паміж кіруючай элітай і грамадствам. Вызначае тып арганізацыі ўлады, паліт. адносіны, сукупнасць элементаў ідэалаг., інстытуцыянальнага і сац. парадку, якія садзейнічаюць фарміраванню паліт. культуры. Тып П.р. вызначаецца ўзроўнем развіцця і інтэнсіўнасцю паліт. працэсаў, структурай кіруючай эліты, механізмам яго фарміравання, станам правоў і свабод чалавека ў грамадстве, пануючым тыпам легітымнасці, развітасцю грамадска-паліт. традыцый, дамінуючай паліт. свядомасцю і паводзінамі. Паводле марксісцкай тэорыі існуюць П.р. сацыяліст. і капіталістычныя.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК РЭА́КЦЫІ па дадзеным рэчыве,

паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).

Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBB → pC + qD роўная: v = k C​nA​A C​nB​B, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЗА (лац. pausa ад грэч. pausis спыненне),

1) у літаратуры, перапынак у гучанні мовы, абумоўлены логікай зместу або рытмам; адзін з элементаў інтанацыі, сродак паэт. выразнасці, рытмастваральны кампанент, асабліва важны ў паэзіі. Вылучаюць П. сэнсавыя (лагічныя), якія цалкам вызначаюцца сінтаксісам, і П. рытмічныя (у вершаванай мове), якія ад сінтаксісу не залежаць, абумоўлены логікай зместу і патрабаваннямі метрычнага рытму. У метрычным вершаскладанні П. можа быць структурным элементам верша і замяняць роўную па даўжыні колькасць складоў; у інш. вершаскладаннях П. з’яўляецца толькі дэкламац. элементам, які падкрэслівае вершападзел, цэзуру і да т.п.

2) У музыцы П. — перапынак у гучанні аднаго, некалькіх ці ўсіх галасоў муз. твора, а таксама знак у нотным пісьме, які абазначае гэты перапынак. У буйных інстр. творах, ансамблях, харах і оперных масавых сцэнах агульны перапынак гучання наз. генеральнай П. У сучасным нотным пісьме выкарыстоўваюцца П.: цэлая, палавінная, чацвяртная, восьмая, 16-я, 32-я, 64-я.

Т.​І.​Шамякіна (у літаратуры).

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮРАЛІ́ЗМ (ад лац. pluralis множны),

1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.

Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.​Лейбніц). Асобная форма філас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.​Дэкарт, картэзіянцы) Філас. сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.

2) Характарыстыка дэмакр. паліт. сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ. жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.

3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЫ́ТАК,

перавышэнне даходаў ад продажу тавараў (паслуг) над затратамі на іх вытв-сць і продаж; адзін з найб. важных паказчыкаў фін. вынікаў гасп. дзейнасці прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Вылічаецца як розніца паміж выручкай ад рэалізацыі прадукту гасп. дзейнасці і сумай выдаткаў фактараў вытв-сці на гэту дзейнасць у грашовым выражэнні. Адрозніваюць П.: поўны, ці агульны, які называецца валавым (балансавым); чысты, што застаецца пасля выплаты падаткаў і адлічэнняў; бухгалтарскі, які разлічваецца па бухгалтарскіх дакументах без уліку дакументальна не зафіксаваных выдаткаў самога прадпрымальніка, у т. л. ўпушчанай выгады; эканамічны, які ўлічвае часовыя, альтэрнатыўныя выдаткі. Звычайна эканам. П. меншы за бухгалтарскі на велічыню некампенсаваных уласных выдаткаў прадпрымальніка, не ўлічаных у сабекошт, у якія часам уключаюць упушчаныя магчымасці. Апрача таго, магчымы выдаткі, якія не пазначаны ў балансе. Чысты П. паступае ў распараджэнне прадпрыемства і выкарыстоўваецца для фарміравання фін. рэзерву, фондаў накаплення і спажывання, дывідэнднага і інш., а таксама можа быць перададзены ва ўласнасць членаў прац. калектыву, калі гэта прадугледжана статутам прадпрыемства.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прыродных, сацыяльных, духоўных магчымасцей, сродкаў і даходаў, якія могуць быць выкарыстаны ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт і каштоўнасцей (тавараў, паслуг і інш.). Адрозніваюць Р. прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. Прыродныя Р. — частка прыродных багаццяў, прыдатная для выкарыстання ў вытв-сці або для задавальнення патрэб людзей. Да іх адносяцца: зямля, вада, атмасфера, карысныя выкапні, раслінны і жывёльны свет, натуральныя крыніцы энергіі (сонца, вецер, прылівы і адлівы, унутрызямное цяпло і інш.). Падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя; вычарпальныя бываюць узнаўляльныя ці неўзнаўляльныя. Матэрыяльныя Р. — сукупнасць сродкаў і прадметаў працы, якія прызначаны для выкарыстання ў працэсе вытв-сці (машыны, абсталяванне, сыравіна, матэрыялы, паліва, энергія і інш.). Працоўныя Р. — частка насельніцтва, здольная да мэтазгоднай прац. дзейнасці. Фінансавыя Р. — грашовыя сродкі, якія грамадства мае магчымасць выкарыстоўваць. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт або інш. каштоўнасцей, наз. фактарамі вытв-сці (зямля, праца, капітал, прадпрымальніцтва). У якасці спецыфічных фактараў вытв-сці вылучаюць навуку і інфармацыю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНАТО́РЫЙ (новалац. sanatorium ад лац. sano лячу),

стацыянарная лячэбна-прафілактычная ўстанова для лячэння з пераважным выкарыстаннем прыродных лек. фактараў (клімат, мінер. воды, лек. гразі і інш.) у спалучэнні з дыетычным харчаваннем, лячэбнай фізкультурай, фізіятэрапеўт. працэдурамі. Падзяляюцца на адна- і шматпрофільныя; для дарослых, дзяцей, падлеткаў, бацькоў з дзецьмі. Профіль С. вызначаецца ў залежнасці ад прыродных фактараў і мед. паказчыкаў. Існуюць С. для хворых на туберкулёз, захворванні органаў дыхання нетуберкулёзнага характару, органаў кровазвароту, стрававання, апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, нырак і мачавых шляхоў і інш. У С. могуць быць аддзяленні для асоб, што перанеслі інфаркт міякарда, кровазліцці ў мозг, траўмы касцей і інш. Асн. кірункі дзейнасці С.: лячэбны, рэабілітацыйны (замацаванне вынікаў лячэння), рэкрэацыйны (аздараўленне асоб з сіндромам хранічнай стомленасці, зніжэннем разумовай і фіз. працаздольнасці). На Беларусі 71 С. (2001), дзе ў першую чаргу атрымліваюць мед. дапамогу ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды, пенсіянеры, хворыя на туберкулёз, хворыя, што перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі і г.д.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА СЛО́ВА,

адно з асн. асабістых правоў чалавека і паліт. правоў грамадзян, састаўная частка больш агульнага права, якое атрымала назву «свабода інфармацыі». Уяўляе сабой магчымасць публічна (вусна, у пісьмовай форме, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі) выказваць сваё меркаванне (думкі). Заканадаўства і суд. практыка ў дэмакр. краінах выпрацавалі сістэму абмежаванняў С.с. і карыстання інфармацыяй з мэтай не дапускаць злоўжывання імі і абароны гонару і годнасці грамадзян. Забараняецца выкарыстанне С.с. для заклікаў да гвалтоўнага звяржэння законнай дзярж. улады, выдавання дзярж. і інш. тайнаў, якія ахоўваюцца законам, для падбухторвання да ўчынення злачынстваў, для распальвання нац., расавай, рэліг. і інш. варожасці, абраз і паклёпаў на інш. асоб, пасяганне на грамадскую мараль. Пералік абмежаванняў на С.с. можа быць пашыраны ў перыяд дзеяння рэжымаў надзвычайнага і ваен. становішча. У Рэспубліцы Беларусь С.с. і права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі замацаваны ў арт. 34 Канстытуцыі. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гл. таксама Галоснасць, Інфармацыя.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ТЧА,

павучальна-алегарычны жанр сімвалічнага зместу, які не мае адасобленага бытавання і ўзнікае ў пэўным кантэксце. У адрозненне ад байкі ці навелы ў П. можа быць толькі фабула ці разгорнутае параўнанне, а развіты сюжэт адсутнічаць. У сучаснай маст. творчасці П. — жанравая мадыфікацыя, дыдактычны архетып (напр., апавяданне-П., аповесць-П., раман-П., фільм-П. і інш.). П. ўзнімае спосабы існавання сваіх герояў, што выступаюць суб’ектамі этычнага выбару, да універсалій чалавечага быцця; стварае ўнутрана адзіную, замкнутую, пазачасавую, тэлеалагічную карціну свету, у якой пануе заканамернасць лёсу. Аўтары маст. твораў звяртаюцца да П. ў пошуках этычных першаасноў чалавечага існавання.

П. — універсальная з’ява маст. творчасці. Шырока прадстаўлена ў сусв. л-ры і фальклоры самастойна і ў тлумачэнні з інш. жанрамі стараж., сярэдневяковай і новай л-ры. Найстараж. П. сабраны ў кнігах Старога запавету. У раннехрысц. л-ры (кананічныя евангеллі. творы царк. дзеячаў) П. выкарыстоўвалася ў павучаннях. пропаведзях і разглядалася як агульназразумелая форма папулярызацыі ведаў і хрысц. догмаў. З 12 ст. вядомы П. Кірылы Тураўскага. П. ўвайшлі ў перакладны зб. «Пчала» (13 ст.), «Ізмарагд» (14 ст.). Шмат П. змешчана ў перакладных зб-ках «Вялікае зярцала», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Рымскія дзяянні». Ф.​Скарына адзін з першых звярнуў увагу на глыбокі сімвалічны сэнс П. і яе ролю ў папулярызацыі маральна-філас. ведаў. Сімяон Полацкі на сюжэт папулярнай П. напісаў «Камедыю прытчы пра блуднага сына». З канца 19 ст. эканомнасць, змястоўнасць, этычны дыдактызм П. з’яўляецца ўзорам для творчасці шэрагу пісьменнікаў (Ж.​П.​Сартра, А.​Камю, Б.​Брэхта, У.​Фолкнера і інш.). У 20 ст. П. паўплывала на творчасць пісьменнікаў (Ф.​Кафка, М.​Булгакаў, Ч.​Айтматаў і інш.), кінарэжысёраў (М.​Антаніёні, А.​Д.​Іаселіяні, А.​Таркоўскі, Ф.​Феліні і інш.).

Сімволіка і маст. структура П. зрабілі ўплыў на многія жанры бел. фальклору (чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл, балады), л-ры («нашаніўская» паэзія і проза, навелы Я.​Коласа, апавяданні М.​Багдановіча, аповесці В.​Быкава і інш.). У маст. творы П. можа арганічна ўплятацца ў тканіну ўсяго аповеду (познія творы Л.​Талстога, «Казкі жыцця» Я.​Коласа), можа быць «апавяданнем у апавяданні» («Легенда пра Вялікага інквізітара» Ф.​Дастаеўскага, «Апавяданне пра гусара-схімніка» І.​Ільфа і Я.​Пятрова).

У.​М.​Конан, С.​Ю.​Лебедзеў.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)