ЛАГУ́Н (Уладзімір Андрэевіч) (н. 10.4. 1922, в. Азломль Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы «Магіла невядомага салдата» (1957), «Вярнуўся» (1966), «Маці» (1969), «Да сына» (1973), «Парад Перамогі ў Маскве» (1984), «Маці ў блакаду» (1987) і інш. прысвечаны Вял. Айч. вайне. Вобраз чалавека-працаўніка ўвасоблены ў партрэтах «Даярка» (1951), «Стары з Лепельшчыны» (1963), «Настаўніца» (1973), карцінах «Будаўнікі» (1960), «Раніца ў калгасе» (1965), «Нафтаправод «Дружба» (1980), «Дарога да храма» (1999). Лірызмам і цеплынёй прасякнуты пейзажы «Беларускі пейзаж» (1949), «Далеч» (1955), «Стагі» (1965), «Вілія» (1969), «Мой горад» (1972), «Вясна на Палессі» (1979), «Месяцовая ноч» (1985), «Бярэзіна. Вёска Галынька» (1997), «Прыпяць» (1998).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Мікалай Андрэевіч) (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),

бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі да час. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.​Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.​Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.​Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.​Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).

Літ.:

Ціхановіч В. М.​А.​Малевіч. Мн., 1959.

М.​А.​Гугнін.

М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.​Яршова, 1938.

т. 10, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.​Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі цырк.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУГІ́Р (ад тур. ваўняная тканіна),

у ісламе твор дэкар. мастацтва, тканіна з рэліг. надпісам або выявай рэліг. сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэліг. ведаў, у нар. свядомасці мае таксама функцыі абярога. Першапачаткова вырабляўся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапіў да крымскіх татар. У бел. татар вядомы з 16 ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома. Спачатку М. выраблялі з казінай воўны, потым таксама з інш. тканін і матэрыялаў. На Беларусі былі вядомы М. як апраўленыя ў рамы пергаменты з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамеда. У 19—20 ст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, атрыбутамі ісламскай сімволікі. У М. бел. татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і бел. культ. традыцыі.

Г.​Л.​Дубар.

Мугір з Клецка. 1912. Беларускі музей гісторыі рэлігіі.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Канстанцін Іосіфавіч) (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк. нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел. нар. песень.

А.​Я.​Ракава.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),

бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).

Р.​М.​Жук-Грышкевіч.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАНЧЫ́НСКІ Мацей, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Нарадзіўся ў г. Беласток (Польшча). Вучань А.Пуціні. У 1765—72 танцоўшчык прыдворнага т-ра гетмана Браніцкага ў Беластоку, у 1774—76 у Варшаўскім т-ры балета. Як балетмайстар пераклаў для Варшаўскай сцэны балеты «Дыяна і Эндыміён», «Сідней і Сілы», «Паляванне Генрыха IV». У 1777 выступаў у Слонімскім тэатры Агінскага. У 1780—85 танцоўшчык і балетмайстар прыдворных т-раў Сапегаў у Ружанах (у 1784 паставіў балет «Літасцівасць Ціта») і Дзярэчыне. У 1794—95 дырэктар трупы ў Вільні. У 1795—98 выступаў у прыдворным Шклоўскім тэатры Зорыча.

Літ.:

Барышаў Г.І. Маёнткавыя прыгонныя тэатры // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г. Мн., 1983.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЧ (Сяргей Астапавіч) (12.4.1931, г. Капыль Мінскай вобл. —6.10.1981),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1962). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). У 1955—57 акцёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. У 1960—73 і 1977—81 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1973—77 нам. міністра культуры Беларусі. Даследаваў дзейнасць Е.​Міровіча, тэатр. спадчыну Я.​Коласа, развіццё тэатр. маст. самадзейнасці Беларусі. Адзін з. аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—2, 1983—85).

Тв.:

Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;

Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Капыль. Мн., 1974 (разам з Б.​К.​Багдановіч);

Якуб Колас і беларускі тэатр. Мн., 1975;

Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978;

Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Мн., 1983.

А.​А.​Лабовіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ЎСКІ ((Rogowski) Людамір Міхал) (3.10.1881, г. Люблін, Польшча — 14.3.1954),

польскі кампазітар і дырыжор. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1906). У 1909—12 працаваў дырыжорам у Вільні. Творчасць цесна звязана з бел. муз. культурай: кіраваў хорам у Бел. муз.-драм. гуртку, ствараў муз. афармленне да спектакляў трупы І.​Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (выд. ў 1911), куды ўключыў і ўласныя апрацоўкі бел. нар. песень. Аўтар 7 сімфоній, 6 опер, 2 балетаў, у т. л. «Купала» (паст. 1926, Варшава), сімф. паэм і сюіт, у т. л. Бел. сюіты для сімф. аркестра (1910), камерных, харавых, у т. л. на верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (1910) і.інш. твораў. З 1925 жыў у Дуброўніку (Харватыя).

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАХО́ЎСКАЯ (Валянціна Міхайлаўна) (н. 19.1.1938, Мінск),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). З 1961 выкладала ў Мінскай гар. маст. школе, у 1970—95 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Творчасці ўласцівы дакладнасць прапрацоўкі элементаў, ураўнаважанасць кампазіцыі, гармонія колеравых спалучэнняў. Сярод лепшых работ: «Снеданне» (1968), «Яблыкі» (1973), «На радзіме А.​Пашкевіч (Цёткі)» (1976), «Памяці Галі Вішнеўскай» (1978), «Свята Перамогі» (1982), «Сынам Радзімы» (1984), «Вясельны нацюрморт» (1988), дыпціх «Ушанаванне паэта» і «Сум па паэце», прысвечаны М.​Багдановічу (1991), «Лілеі маім бацькам» (1992), «Кветкі і яблыкі» (1996), «Беларускі пейзаж» (1997); габелены «Шляхі паэта» (1980), «Дарогамі асветніка Ф.​Скарыны» (1990). Аформіла кнігі Цёткі, Л.​Геніюш.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Свентахоўская. Свята Перамогі. 1982.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)