ЯЧЫНО́ЎСКАЯ (Кімант-Ячыноўская, Ячыноўская-Кімонт, Кімант-Яцына) Марыя (1858?, г. Шаўляй, Літва — 1922), піяністка, кампазітар і грамадскі дзеяч. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю. У 1914 арганізавала (з В.Ратасэпам) у Вільні канцэрт-баль чатырох народаў (беларусаў, палякаў, літоўцаў і рускіх), скампанавала музыку аперэты «Залёты» на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (паст. з А.Бурбісам у 1915). Кіравала бел. хорам (пасля І.Шыдлы) і рыхтавала муз. аддзелы ў Беларускім музычна-драматычным гуртку. Да 1986 дзейнасць Я. памылкова прыпісвалася яе дачцэ Марцаліне Кімант-Яцыне.
Літ.:
Купала Я. «Залёты»: Аперэтка В.Дуніна-Марцінкевіча // Наша ніва. 1915. 6 лют.;
Навіна А. Марыя Кімонтовая // Беларускі звон. 1922. № 18;
Янушкевіч Я. Марыя Ячыноўская-Кімант // ЛіМ. 1986. 29 чэрв.
Я.Я.Янушкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)