АСО́ЎСКІ ((Ossowski) Лешак) (1.4.1905, Варшава — 10.2.1996),

польскі мовазнавец, славіст, даследчык бел. мовы. Д-р усходнеслав. філалогіі (1945), праф. (1964). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнанскім і Ягелонскім ун-тах. Заг. кафедры рус. мовы Вроцлаўскага (з 1946) і рус. філалогіі Пазнанскага (1964—75) ун-таў. Аўтар навук. прац па слав. дыялекталогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовы, у т. л. «Моўныя праблемы Палесся» (1936), «З беларускай фанетыкі...» (1938), «Пераход «ы» ў «у» пасля губных у некаторых паўднёва-беларускіх гаворках» (1934) і інш. Даследаваў храналогію дзекання і цекання, гісторыю асобных марфал. формаў слоў, прасочваў сувязі Палесся з Валынню, спрабаваў вызначыць укр.-бел. моўную мяжу, бел.-польскія моўныя кантакты.

Тв.:

Studia slawistyczne. Wrocław etc., 1992.

Літ.:

Колесаў У.В., Пазухін Р.В. Беларусістыка і славістыка ў працах прафесара Лешка Асоўскага // Бел. лінгвістыка. Мн., 1977. Вып. 11.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІКО́ЎСКІ (Фёдар Мікалаевіч) (24.1.1905, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 8.4.1949),

бел. гісторык, вучоны ў галіне с.-г. навук. Канд. с.-г. н. (1935). Скончыў Варонежскі ун-т (1927). З 1929 у Цэнтр. хім. лабараторыі Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна (з 1933 у складзе Глебавага ін-та АН БССР). У 1934 ва Усесаюзным ін-це збожжавай гаспадаркі ў Саратаве. З 1935 у Маскве ў Ін-це паўн. збожжавай гаспадаркі. Удзельнік абароны Масквы ў Вял. Айч. вайну. З жн. 1943 заг. кафедры БДУ, адначасова (з 1944) вучоны сакратар савета ун-та. Даследаваў гісторыю навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліягр. слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945—47, рукапіс у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа АН Беларусі).

В.​У.​Скалабан.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЕПРЫСЛО́ЎЕ,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыслоўя. Мае значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння або акалічнасці спосабу дзеяння (у ролі выказніка ўжываецца толькі ў асобных гаворках: «Ён быў паехаўшы»). У бел. літ. мове захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («чытаючы» — «прачытаўшы»), зваротную і незваротную формы («бялеючыся» — «бялеючы»). Форма незакончанага трывання ўтвараецца ад асноў цяперашняга часу суфіксамі «-учы (-ючы)», «-ачы (-ячы)» («несучы», «баючыся», «чытаючы», «лежачы», «гледзячы»); форма закончанага трывання — ад асноў прошлага часу суфіксамі «-ўшы», «-шы» («зрабіўшы», «прагуляўшы», «высахшы»). У сказе Дз. павінна адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў-выказнік. Разам з паясняльнымі словамі ўтварае дзеепрыслоўнае словазлучэнне, якое ў сказе ўжываецца як акалічнасць і звычайна адасабляецца.

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 61—65;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ДРЭС),

цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 Мвт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.​Э.​Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл. Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс. кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс. кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл. Светлагорская ЦЭЦ).

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮЗЬКО́Ў (Андрэй Ігнатавіч) (26.9.1904, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 28.6.1938),

бел. гісторык. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1927). З 1927 заг. аддзела Жыткавіцкага райкома КП(б)Б. З 1930 навук. супрацоўнік, у 1934—37 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1932—37 чл. сакратарыята рэдакцыі гісторыі грамадз. вайны на Беларусі. Аўтар прац па гісторыі КП(б)Б, рэв. руху ў пач. 20 ст., Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны на Беларусі. Навук. і паліт. рэдактар «КП(б)Б у рэзалюцыях» (ч. 1, 1934). У 1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, у 1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1959.

Тв.:

Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Бальшавікі — арганізатары Кастрычніка на Беларусі. Мн., 1934.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЧЫЦ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 11.1.1925, Масква),

генерал-палкоўнік (1978). Праф. (1988). Беларус. Скончыў 1-е Кіеўскае артыл. вучылішча (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1950), акадэмію Ген. штаба (1964). У Вял. Айч. вайну ў складзе дывізіёна аэрастатаў артыл. назірання ваяваў на Ленінградскім, Волхаўскім і 3-м Прыбалт. франтах. У 1944 удзельнік вызвалення Беларусі. Пасля вайны на камандных і штабных пасадах. У 1974—77 нач. штаба Беларускай ваеннай акругі, у 1978—81 камандуючы войскамі Прыволжскай ваен. акругі, у 1981—85 гал. ваен. саветнік у Рэспубліцы Куба, у 1985—92 нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80. Вярх. Савета СССР у 1979—84.

Літ.:

Джилкишев С. Вижу цель. Алма-Ата, 1970;

Яго ж. Сообщаю цель. Алма-Ата, 1982;

Василевский А.А. 21-я гвардейская. 2 изд. Уфа, 1988.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧЭ́ЎСКІ (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч

(7.8.1879, Кобрынскі пав. Гродзенскай губ. — 8.3.1928),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1902). Настаўнічаў. У 1909—14 працаваў у Віленскім дзярж. банку. З 1914 на вайск. службе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 старшыня Барысаўскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзярж. кантралёр, нар. сакратар фінансаў, нар. сакратар гандлю і прам-сці; узначальваў Цэнтр. бел. гандл. палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. З 13.12.1919 старшыня Рады БНР. З 1920 у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. З пазіцыі абароны інтарэсаў Беларусі асуджаў Рыжскі мірны дагавор 1921, рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925). Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з чэш. і ўкр. моў. Пахаваны ў Празе.

В.​Г.​Мазец.

П.А.Крачэўскі.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАС (Афанасій) (свецкае імя Антон Вікенцьевіч; 21.9.1904, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.11.1983),

бел. рэліг. дзеяч, гісторык праваслаўнай царквы. Магістр багаслоўя (1933). Скончыў тэалагічны ф-т Варшаўскага ун-та (1930). У 1942—44 епіскап віцебскі і полацкі. Удзельнік Усебеларускага царк. сабора 30.8—2.9.1942, на якім была абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ). З 1944 у эміграцыі ў Германіі, кіраваў бел. прыходамі ў брыт. зоне акупацыі. 6.5.1946 разам з епіскапатам БАПЦ далучыўся да Рус. зарубежнай правасл. царквы (РЗПЦ). З пач. 1950-х г. архіепіскап РЗПЦ у Аргенціне, з 1970 у Аўстраліі — архіепіскап сіднейскі і новазеландскі. З 1971 жыў у Аргенціне. Даследаваў гісторыю праваслаўя Беларусі, у 1947 выдаў у Германіі «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».

Тв.:

Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЕ́ШКА (Васіль Іванавіч) (н. 15.3.1921, г. Томск, Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1990). Скончыў БДУ (1952). У 1956—91 у Ін-це гісторыі АН БССР (у 1980—91 заг. аддзела гісторыі Беларусі эпохі феадалізму). Даследуе сац.-эканам. праблемы феад. горада, агр. адносін і класавай барацьбы ў Беларусі 16—18 ст. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994) і інш.

Тв.:

Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975;

Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в Мн., 1982;

Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

I ўзняўся люд просты... Мн., 1992 (разам з П.​А.​Лойкам).

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)