САМО́ЙЛАЎ Яўген Валяр’янавіч (н. 16.4.1912, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Ленінградскі маст. палітэхнікум (1930), быў у «Трупе акцёрскага майстэрства». У 1934—38 у Т-ры імя У.​Меерхольда, у 1940—67 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1968 у Малым т-ры. Ролі героіка-трагедыйнага плана: Алег Кашавы («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога). З 1934 здымаецца ў кіно: «Шчорс» (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Светлы шлях» (1940), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Сэрцы чатырох» (1945), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Героі Шыпкі» (1955, СССР—Балгарыя), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Літ.:

Актер и время. Вып. 4. М., 1969.

Я.В.Самойлаў.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІБІ́НСКІ (Skibinski) Казімеж Міхал (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),

польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розных тэатр. калектываў: трупа Я.​Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.​Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.​Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.

Тв.:

Pamiętnik aktora. Warszawa, 1912.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ФІЛД (Scofield) Пол (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),

англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.​Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Пол Скофилд. Л., 1970.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЙГУ́Р (сапр. Маджыдаў) Манон

(11.10.1897—16.10.1955),

узбекскі акцёр, рэжысёр, драматург; адзін з заснавальнікаў узб. т-ра. Нар. арт. Узбекістана (1932). Скончыў драм. студыю пры Узб. доме асветы ў Маскве (1927). Сцэн. дзейнасць пачаў як аматар у 1916, у 1919—20 арганізатар і кіраўнік узб. прафес. трупы імя К.​Маркса ў Ташкенце. З 1927 рэжысёр і маст. кіраўнік Т-ра імя Хамзы. Сярод роляў: Эшымкул («Туркестанскі лекар»), Гафур («Бай і батрак» Хамзы), Рахім («Халіма» Г.​Зафары). Пастаноўкі У. вызначаліся яркім нац. каларытам, выразнасцю мізансцэн: «Бай і батрак» (1919), «Халіма» (1920), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1935), «Джалалетдзін» М.​Шэйхзадэ (1944), «Песня жыцця» Уйгуна (1947), «Алішэр Наваі» І.​Султанава і Уйгуна (1945, 1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Аўтар аднаактовых камедый, перакладаў п’ес з азерб. і тат. моў.

т. 16, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́САЎ Юрый Іванавіч (1.1.1924, г. Кохма Іванаўскай вобл., Расія — 11.9.1976),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944). З 1944 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-драм. плана. Мастацтва вызначалася арганічным спалучэннем выразнага знешняга малюнка з унутр. пераканаўчасцю. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Пінчук, Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Іваноў («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Тата («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Малахаў, Матусевіч («Апошняя інстанцыя», «Наследнік» М.​Матукоўскага), Моніч («Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка). Сярод інш. роляў: Цяцераў («Мяшчане» М.​Горкага), Алег Кашавы («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), Віктар («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Ярмоха («Характары» паводле В.​Шукшына), дзядзька Вано («Не трывожся, мама!» паводле Н.​Думбадзе), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра).

А.​А.​Лабовіч.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫДЫНЖА́ПАЎ Гамбажап Цыдынжапавіч (3.5.1905, улус Любчыкан Баргузінскага р-на, Бурація — 1980),

бурацкі акцёр, рэжысёр, драматург; адзін з заснавальнікаў бурацкага прафес. т-ра. Нар. арт. СССР (1940). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1934). З 1934 маст. кіраўнік Бурацкага муз.-драм. т-ра, з 1948 гал. рэжысёр Бурацкага т-ра драмы імя Х.​Намсараева, у 1948—60 — Бурацкага т-ра оперы і балета (усе ў г. Улан-Удэ). Сярод роляў: Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Платон Крэчат («Платон Крэчат» А.​Карнейчука) і інш. Паставіў оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1943), «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1953) і інш. Аўтар лібрэта муз. драмы «Баір» (з А.​Шадаевым; паст. 1938), п’ес «Сын народа», «Снайпер» (абедзве паст. 1943), кінасцэнарыя «Залаты дом» (1959, у сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКАЛЮ́К Віктар Раманавіч (н. 18.8.1926, г. Анжэра-Суджанск Кемераўскай вобл., Расія),

бел. артыст аперэты (лірычны тэнар). Засл. арг. Беларусі (1968). Скончыў студыю пры Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1947). Працаваў у розных т-рах краіны. З 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—90 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Камед. акцёр яскравага таленту, творчая палітра якога вызначалася разнастайнасцю вострахарактарных вобразаў. Сярод партый у бел. рэпертуары: Трынтрава, Віктор, Пустарэвіч, Даніла, Цар («Рабінавыя каралі», «Пяе «Жаваранак», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Мацей («Несцерка» Р.​Суруса). З інш. роляў: Боні і князь Валяпюк, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Амедэй і Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́Р’ЕЎ Юрый Міхайлавіч (15.1.1872, Масква — 13.3.1948),

рускі акцёр, педагог; прадстаўнік героіка-рамант. школы ў рас. сцэн. мастацтве. Нар. арт. СССР (1939). Д-р мастацтвазнаўства (1947). Скончыў драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1893). Працаваў у Александрынскім т-ры (у 1922—28 яго маст. кіраўнік; з 1937 Ленінградскі т-р драмы імя Пушкіна). Адначасова з 1898 займаўся пед. дзейнасцю. Удзельнічаў у стварэнні Вял. драм. т-ра ў Ленінградзе (1919). Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Нешчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага), Дон Жуан («Дон Жуан» Мальера), маркіз Поза («Дон Карлас» Ф.​Шылера), Рамэо («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра). Аўтар успамінаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Записки. Т. 1—2. Л.;

М., 1963.

Літ.:

Малютин Я.О. Актеры моего поколения. Л.;

М., 1959.

т. 18, кн. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ХАНТАЎ Уладзімір Мікалаевіч (28.11.1899, г. Седльцы Мазавецкага ваяв., Польшча — 16.7.1945),

расійскі артыст эстрады; стваральнік жанру літ. кампазіцыі. Вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага маст. т-ра, студыі Я.​Вахтангава. На эстрадзе з 1922. У 1924—26 акцёр Т-ра імя У.​Меерхольда. У 1927 удзельнічаў у стварэнні эстр. т-ра аднаго акцёра «Сучаснік» (існаваў да 1935). Аўтар і выканаўца літ. кампазіцый «Пушкін» (1926), «Так, вадэвіль ёсць рэч!» (1929), «Вечары Маякоўскага» (1931), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1932), «Настасся Піліпаўна» паводле Ф.​Дастаеўскага (1933), «Расія грозная» (1942) і інш., якія адметныя спалучэннем слова з пантамімай, арганічным зліццём драматург. і муз. матэрыялу, інтэлектуальнасцю і творчай культурай. 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу майстроў маст. слова (1937).

Тв.:

Театр одного актера. М., 1958.

Літ.:

Крымова Н. Владимир Яхонтов. М., 1978.

т. 18, кн. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДАМІ́РСКІ (сапр. Малейка) Уладзімір Іосіфавіч

(18.10.1893, г. Каўнас, Літва — 24.1.1971),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938). Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920 у Другім паказальным т-ры (г. Бабруйск). У 1924—59. у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1944 узначальваў франтавую тэатр. брыгаду). Прафес. майстэрства сфарміравалася пад уплывам рэжысёра Е.Міровіча. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, віртуознай тэхнікі, майстар пераўвасаблення. Псіхал. дакладнасць нюансіроўкі ўнутр. стану персанажа, кантрастнасць фарбаў, яркасць вонкавага малюнка, імправізацыйнасць з элементамі эксцэнтрыкі — адзнакі творчай індывідуальнасці У. Даў арыгінальнае сцэн. прачытанне шэрагу вобразаў бел. драматургіі. Бязлітаснасць сатыр. выкрыцця, з’едлівая іронія і гратэск уласцівы яго Брызгаліну («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Абабурку («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Канягіну («Мілы чалавек» К.​Крапівы). Сілу пратэсту чалавека супраць сац. несправядлівасці, яго духоўную веліч раскрываў у вобразах Леапольда Гушкі («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Данілы Дрыля і Гудовіча («Партызаны» і «З народам» К.​Крапівы), Язэпа («Салавей» З.​Бядулі), Блазна («Машэка» Міровіча). Вядомы як самабытны інтэрпрэтатар класічных вобразаў, пры стварэнні якіх карыстаўся героіка-рамант. фарбамі (Іонас — «Фландрыя» В.​Сарду), сатыр. (Апалон Мурзавецкі, Юсаў — «Ваўкі і авечкі», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), лірыка-камед. (Шмага, Гразноў — «Без віны вінаватыя» і «Праўда добра, а шчасце лепш» Астроўскага, Трыстан — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Найб. ярка яго талент выявіўся ў ролі Івана Каламійцава («Апошнія» М.​Горкага). Сац.-гіст. змест з філіграннасцю апрацоўкі знешняга аблічча раскрыўся ў ролях Івана Горлава, Часнака («Фронт», «У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Дыбава («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Сінь Бін-у («Браняносец 14—69» У.​Іванава). Інш. ролі: Цыганок («Гута» Р.​Кобеца), Мухін («Мост» Я.​Рамановіча), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), Пугачоў («Капітанская дачка» паводле А.​Пушкіна), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Зняўся ў бел. кінафільмах «Хто смяецца апошнім» (1954) і «Палеская легенда» (1957).

Літ.:

Няфёд У.І. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Есакоў А. Любімы артыст (У.​І.​Уладамірскі) // Майстры беларускай сцэны Мн., 1960;

Бур’ян Б. Водгулле гучнай славы // Полымя. 1971. № 6;

Кузняцова К. Прызванне і лёс // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

У.І.Уладамірскі.
У.Уладамірскі ў ролі Леапольда Гушкі.

т. 16, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)