ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць).

Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл. Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.

Літ.:

Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;

Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.

Х.​М.​Александровіч.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.

Літ.:

Акимушкин И.И. Первопоселенцы суши. М., 1972;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Павукападобныя: 1 — павук-кругапрад нефіла плямістая; 2 — павук-скакун геліяфанус; 3 — сенакосец абідосус; 4 — павук-бакаход; 5 — вадзяны клешч піёна; 6 — ілжэскарпіён пячорны.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн. г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.

Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10​−3 мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.​Г.​Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.

Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах. ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХАВІ́К УНУ́ТРАНАГА ЗГАРА́ННЯ,

від цеплавога рухавіка, у якім хім. энергія, выдзеленая пры згаранні паліва, пераўтвараецца ў мех. энергію або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. Падзяляюцца на поршневыя, газатурбінныя рухавікі і рэактыўныя рухавікі.

Поршневыя Р.ў.з. маюць крывашыпна-шатунны (ці ротарны; гл. Ротарная машына) і газаразмеркавальны механізмы, сістэмы сілкавання, запальвання, ахаладжэння, змазкі і рэгулявання. Бываюць 2- і 4-тактавыя (найб. пашыраны). Акрамя таго, адрозніваюць газавыя рухавікі і рухавікі вадкага паліва (лёгкага, напр., бензіну і цяжкага, напр., дызельнага), а таксама рухавікі з унутр. і знешнім сумесеўтварэннем. Да Р.у.з. адносяць карбюратарныя (гаручая сумесь утвараецца ў карбюратары), помпава-карбюратарныя (сумесь утвараецца ва ўсмоктвальным трубаправодзе, куды паліва ўпырскваецца помпай) і газазмяшальныя (сумесь газавага паліва і паветра ўтвараецца ў газазмяшальніку). Запальванне ў такіх рухавіках прымусовае ад іскры ці факела. У рухавіках з унутр. сумесеўтварэннем запальванне гаручай сумесі ажыццяўляецца ад напаленай дэталі камеры згарання (каларызатара) ці ад нагрэтага сціснутага паветра (гл. Дызель). Р.ў.з. выкарыстоўваюцца на аўтамаб., чыг. і марскім транспарце, у ваеннай справе, энергетыцы і інш.

Літ.:

Двигатели внутреннего сгорания: Теория поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1983.

Я.​А.​Старадзетка, Ч.​Б.​Драбышэўскі.

Схема работы двухтактнага рухавіка ўнутранага згарання: а — сцісканне гаручай сумесі ў цыліндры і запаўненне крывашыпнай камеры; б — прадуўка прадзіманне* і выпуск; 1 — цыліндр; 2 — карбюратар; 3 — упускное акно; 4 — выпускное акно; 5 — крывашыпная камера.
Схема работы чатырохтактнага карбюратарнага рухавіка ўнутранага згарання: 1 — упусканне; 2 — сцісканне; 3 — рабочы ход; 4 — выпусканне.

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,

сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч. Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.

У флоры яе зах. ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх. ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш. Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Санорская біягеаграфічная вобласць: 1 — цецярук лугавы; 2 — суслік калумбійскі; 3 — бізон; 4 — насуха; 5 — кондар каліфарнійскі; 6 — трус амерыканскі заходні; 7 — зязюля бегаючая; 8 — каршун слізняед; 9 — саракапут амерыканскі; 10 — рысь чырвоная.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГАЎ БІБЛІЯТЭ́КІ Існавалі ў 16 — пач. 19 ст. у Слоніме, Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Кодані (цяпер Польшча). Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі (пасля б-к Радзівілаў). Пачатак кнігазбору дала ружанская б-ка канцлера вял. літоўскага Л.​Сапегі, якую павялічыў яго сын Казімір Леў. У 18 ст. ружанскі збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам, Міхалам, Францыскам Сапегамі. Б-ка ў Кодані вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вял. літоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найб. поўна прадстаўлена л-ра па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі. Акрамя кнігазбору ў ёй былі архіў стараж. актаў, калекцыя гравюр. У 1644—45 вял. колькасць кніг К.​Л.​Сапега ахвяраваў б-цы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1810 А.​Сапега перадаў коданскую б-ку варшаўскаму Т-ву аматараў навук. Дзярэчынская б-ка і архіў у 1834 вывезены ў С.-Пецярбург. Захаваліся вопісы на асобныя часткі С.б., экслібрысы некат. уладальнікаў кнігазбору. Большая частка С.б. зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы (С.-Пецярбург), б-цы Вільнюскага ун-та, рэшта — у б-цы Расійскай АН (С.-Пецярбург), б-цы Варшаўскага ун-та і інш. кнігасховішчах.

Літ.:

Иконников В.С. Опыт русской историографии. Киев, 1891. Т. 1, кн. 1. С. 784;

Кн. 2. 1892. С. 1237—1238;

Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 14, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў Італіі ў 1720—1861. Утварылася ў выніку далучэння в-ва Сардзінія да Савойскага герцагства, герцагі якога прынялі тытул сардзінскіх каралёў (гл. Савойская дынастыя). Сталіца — г. Турын, тэр. ядро — вобласць П’емонт, назва якой стала неафіц. назвай усяго каралеўства. З 1792 С.к. ўдзельнічала ў антыфранц. кааліцыі. У 1792 Францыя акупіравала і анексіравала прыналежныя С.к. вобласць Савоя і г. Ніца з наваколлем, у 1798 — П’емонт. Улада Савойскай дынастыі захавалася толькі на Сардзініі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 С.к. адноўлена ў ранейшых межах і да яго далучана вобласць Лігурыя з г. Генуя. У 1821 аўстр. войскі задушылі ў П’емонце ўзначаленую карбанарыямі антыабсалютысцкую рэвалюцыю. У 1840-я г. ў выніку прамысл. перавароту С.к. ператварылася ў эканам. развітую дзяржаву, якая праводзіла незалежную знешнюю палітыку, была адным з цэнтраў барацьбы за вызваленне і аб’яднанне Італіі (рысарджымента). У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі ў С.к. ў сак. 1848 абвешчана ліберальная канстытуцыя. Італьян. войскі пацярпелі паражэнне ў аўстра-італьянскай вайне 1848—49, у час якой спрабавалі вызваліць ад аўстр. панавання Ламбардыю і Венецыю. С.к. ўдзельнічала на баку антырас. кааліцыі ў Крымскай вайне 1853—56. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 і рэвалюцыі 1859—60 у Італіі да С.к. далучана амаль уся тэр. Італіі, акрамя Рымскай і Венецыянскай абласцей. 17.3.1861 замест С.к. абвешчана Італьян. каралеўства на чале з апошнім сардзінскім каралём Віктарам Эмануілам II.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.

1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)