ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,

спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл. Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падзвіння. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах. Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашуля мела тунікападобны або з прамымі плечавымі ўстаўкамі крой, сціплае аздабленне вузкімі паскамі чырвона-чорнага геам. арнаменту на рукавах і плечавых устаўках. Спадніцу (саян, дрыліх, андарак, шарак) шылі з 3—4, у заможных сялян з 7 полак пярэстых або аднаколерных даматканых тканін у блакітна-белым, сіне-фіялетавым, вохрыста-чырвоным каларыце, фартух з 1—3 полак кужэльнага палатна аздаблялі ўзорыстым ткацтвам (пераборы), вышыўкай (мярэжка), карункамі. Галаўныя ўборы — намітка, чапец, хустка, вянок, карона (галаўны ўбор дзяўчыны-мяшчанкі накшталт падвічкі з парчы, расшытай бліскаўкамі) і інш. Мужчынскае адзенне складалі кашуля (насілі навыпуск, падпяразвалі поясам ці дзягай), нагавіцы, камізэлька з чорнай або цёмна-сіняй крамнай тканіны. Галаўныя ўборы — саламяны або лямцавы капялюш, белая магерка, картуз. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — армяк, сярмяга, світка, кажух.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Лепельскі строй. Цясляр з Лепеля. Канец 19 ст.

т. 9, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЭ́ЖНЫ (Васіль Трафімавіч) (1780, с. Усцівіца Вялікабагачанскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна —3.7.1825),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1799—1801). Служыў чыноўнікам у Грузіі, у 1803—21 у Пецярбургу. Раннія творы (гіст.-гераічныя паэмы, трагедыі) арыентаваны на паэтыку класіцызму. Цыкл аповесцей «Славянскія вечары» (ч. 1, 1809; поўнае выд. 1826) звязаны з рус. перадрамантызмам; у ім спалучэнне гіст. фактаў і вымыслу, паэтызацыя легендарных герояў Кіеўскай Русі. Найб. значны твор — раман «Расійскі Жылблаз, або Прыгоды князя Гаўрылы Сіманавіча Чысцякова» (ч. 1—3, 1814, арыштаваны; цалкам выд. 1938) — сатыр. карціна жыцця сталіцы і правінцыі Расіі 18 ст. Аўтар раманаў «Чорны год, або Горскія князі» (выд. 1829), «Арыстыён, або Перавыхаванне» (1822), на ўкр. тэматыку «Бурсак» (1824), «Два Іваны, або Схільнасць да цяжбаў» (1825), «Гаркуша, маларасійскі разбойнік» (незавершаны), аповесцей «Любаслаў» (1818), «Аляксандр» (1819), зб. «Новыя аповесці» (1824). Як бытаапісальнік Н. быў папярэднікам «натуральнай школы» і М.​Гогаля.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1983.

Літ.:

Переверзев В.Ф. У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965.

Л.​В.​Календа.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),

род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.

У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.

П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.

А.​М.​Петрыкаў.

Паўлін.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ДЧАРЫЦА.

падчарка, няродная дачка мужу або жонцы; даводзіцца роднай аднаму з іх.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛЫ́ВІНА,

ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАТЫ́ЗМ (франц. argotisma),

умоўнае або штучнае слова, якое выкарыстоўваецца ў мове замест агульнавядомага. Аргатызмы маюць вузкаспец. характар і знаходзяцца па-за межамі літ. мовы: напр., «філон» — гультай, «стукач» — даносчык, «хіляць» — ісці, «хвост» — акадэмічная запазычанасць і інш. Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка, выразнае адценне зніжанасці або грубаватасці, уласцівае аргатызму, дазваляе карыстацца імі ў маст. творах для стварэння каларыту адпаведнага сац. асяроддзя, вобраза ці своеасаблівага камічнага эфекту.

І.​Л.​Бурак.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭЛЬЯ́НА ((Orellana) Франсіска дэ) (1505 або 1511, горад Трухільё, Іспанія — 1546 або 1550),

іспанскі канкістадор; першы еўрапеец, які перасек Паўднёвую Амерыку ў самай шырокай частцы мацерыка і прасачыў сярэдняе і ніжняе цячэнне Амазонкі. Прымаў удзел у заваяванні Перу (1532—34) пад кіраўніцтвам Ф.Пісара. 26.12.1541 выйшаў з форта Гуаякіль, перабраўся цераз Анды, спусціўся да вусця ракі Напа і выплыў у Амазонку. 26.8.1542 дасягнуў Атлантычнага акіяна.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРМІ́Я (ад а... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у семі сперматазоідаў і клетак сперматагенезу. Пры гэтым у час палавога акта захоўваецца выдзяленне невял. колькасці вадкасці (складаецца з сакрэту прастаты і семявых пузыркоў) і аргазм. Прычыны асперміі — прыроджаная адсутнасць або недаразвіццё семявыносных пратокаў або іх закупорка пры захаванні нармальнай генератыўнай функцыі яечак (абтурацыйная аспермія), а таксама няздольнасць яечак выпрацоўваць сперматазоіды (тэстыкулярная аспермія). Аспермія — адна з прычын мужчынскага бясплоддзя.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКРА́Н, аўтамабільны кран,

самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.

Аўтакран ККТ-50.01 на шасі МЗКТ-6923.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)