СІЛІКА́ТНАЯ ЦЭ́ГЛА,

цэгла, атрыманая прасаваннем увільготненай сумесі кварцавага пяску (90—92%) і гашанай вапны (8—10%) з наступнай апрацоўкай у аўтаклаве. Па мех. уласцівасцях набліжана да глінянай абпаленай цэглы, але менш вода- і гарачаўстойлівая.

Аўтаклаўная апрацоўка адбываецца пры т-ры 175—190 °C і ціску 0,8—16 МПа, пасля чаго С.ц. 10—12 сут вытрымліваецца на паветры для карбанізацыі вапны Вырабляюць адзінарную (250 × 120 × 65 мм), модульную (250 × 120 × 88 мм), а таксама ў выглядзе пустацелых сілікатных блокаў (250 × 120 × 138 мм) Выкарыстоўваюць для муроўкі вонкавых і ўнутр. канструкцый у надземнай частцы будынкаў з нармальным і вільготным рэжымамі эксплуатацыі.

І.​І.​Леановіч.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТНЫЯ ФА́РБЫ,

суспензіі пігментаў, напаўняльнікаў і інш. дабавак у водным растворы сілікатаў шчолачных металаў (шкле вадкім). Для атрымання С.ф. звычайна выкарыстоўваюць каліевае вадкае шкло K2O∙mSiO2∙nH2O∙(m ≥ 3, n = 2—5), шчолача- і святлоўстойлівыя пігменты і напаўняльнікі, пераважна аксіды, гідраксіды і карбанаты цынку, жалеза, алюмінію і тытану, метал. парашкі. Наносяць С.ф. на паверхню пры дапамозе распыляльніка, пэндзля або валіка ў 2—3 слоі. Утвараюць даўгавечныя вогнезасцерагальныя пакрыцці. Выкарыстоўваюць у буд-ве для вонкавых і ўнутр. работ, некат., т. зв. пратэктарныя, С.ф. для засцярогі ад карозіі метал. вырабаў (труб гарачага і халоднага водазабеспячэння, падводнай часткі карпусоў марскіх суднаў і інш.).

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕНТА́ЛЬСКАЯ ПАРО́ДА (ад ням. Simmental Зіментальская даліна),

парода буйн., раг. жывёлы малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў Швейцарыі паляпшэннем мясц. парод. Адна з найб. пашыраных парод у свеце. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні роднасных (сіменталізаваных) груп буйн. раг. жывёлы (у Германіі — флэкфі, у Францыі — манбельярдская, у Венгрыі — венгерская пярэстая і інш.); у СССР — бястужаўскай, чырв. тамбоўскай, сычоўскай парод.

Паводле целаскладу існуе некалькі пародных груп: груба- і тонкакасцявыя, высака- і нізканогія і інш. Маса быкоў 800—1100, кароў 550—600 кг. Масць палева-пярэстая, зрэдку чырв.-пярэстая. Сярэдні гадавы надой 3500—4000 кг, тлустасць малака 3,8—3,9%. Мясныя якасці здавальняючыя (забойны выхад каля 60%).

Карова сіментальскай пароды.

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЮ́ХА,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1978), жалезістая мінеральная лінза. Размешчана за 2 км на ПнЗ ад в. Астравы Вілейскага р-на Мінскай вобл., на аднайм. балоце, у пойме р. Зуйка Даўж. да 100 м, шыр. 50—60 м, магутнасць тоўшчы да 20 см, глыб. залягання 1,1 м. Характарызуецца жалезістай мінералізацыяй у тарфяным пакладзе, якая прадстаўлена калоідным протамагнетытам, гнёздамі гематыту і магнетыту, а таксама калоідным і зярністым сцяжэннямі сідэрыту і вівіяніту. Канцэнтрацыя мінералаў жалеза да 40%. С. — адзінае ва Усх. Еўропе месцазнаходжанне жалезістай мінералізацыі, якая ўтварылася ва ўмовах павышаных гідрадынамічных уласцівасцей адкладаў. Пры змене фізіка-хім. умоў асяроддзя мінералізацыя пераўтворыцца ў балотную руду.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЯ́ЎСКАЯ (Тамара Ільінічна) (н. 6.7.1943, Масква),

расійская спявачка (мецца-сапрана). Жонка М.​Магамаева. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1982). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1970). З 1964 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Валодае голасам рэдкай прыгажосці і насычанасці гучання. Сярод партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Камісар («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). Гран-пры Міжнар. конкурсу вакалістаў у Верв’е (Бельгія, 1969), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (Масква, 1970).

Літ.:

Гусев А.И., Хачатурова Н.А. Т.​Синявская: Творч. портрет. 2 изд. М., 1988.

Т.І.Сіняўская.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),

прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.

Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш. Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМАТЭ́ХНІКА,

навукова-тэхнічная дысцыпліна, якая вывучае пытанні праектавання, стварэння, выпрабавання і эксплуатацыі складаных тэхн. і інфарм. сістэм на аснове ЭВМ. Грунтуецца на метадах матэм. логікі і статыстыкі, камбінаторыкі, тэорыях алгарытмаў, гульняў, сітуацый, масавага абслугоўвання, інфармацыі і інш.

Састаўныя часткі С. — іерархічная структура складаных сістэм і арганізацыя іх праектавання, аналіз, мадэліраванне, сінтэз і аптымізацыя сістэм. Складанымі сістэмамі лічаць аб’екты (сістэмы), састаўныя часткі (падсістэмы) якіх разглядаюць як асобныя сістэмы, аб’яднаныя пэўнымі сувязямі (суадносінамі) ці пэўнымі прынцыпамі. Пры распрацоўцы такіх сістэм вырашаюць праблемы, звязаныя з уласцівасцямі падсістэм, а таксама з заканамернасцямі функцыянавання ўсяго аб’екта.

Літ.:

Дружинин В.В., Конторов Д.С. Системотехника. М., 1985.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛАЛА́ЖАННЕ спартыўнае,

праходжанне скальных маршрутаў з улікам хуткасці і складанасці пад’ёму; від альпінізму. Уключае індывід. ўзыходжанні без прыстасаванняў і камандныя — двух спартсменаў, якія ўзаемадзейнічаюць у звязцы пры выкарыстанні спец. прылад і рыштунку. Спаборніцтвы праводзяцца на крутых скалах выш. каля 100 м. Узнікла С. ў СССР у 1930-я г. На Беларусі Федэрацыя альпінізму і скалалажання існуе з 1955. Чэмпіянаты рэспублікі па С. праводзяцца з 1973. Найб. актыўна развіваецца С. ў гарадах Бабруйск, Барысаў, Гомель, Жлобін, Ліда, Магілёў, Мінск, Пінск. Штучныя скаладромы пабудаваны ў Гомелі і Мінску. У міжнар. спаборніцтвах найб. вызначыліся Дз.​Бычкоў, А.​Дыбанаў, В.​Хананаў, С.​Шафераў (1999—2001) і інш.

В.​С.​Кахнепка.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар назва Stratus (St)],

шэры воблачны слой з дастаткова аднароднай асновай, з якога могуць выпадаць імжа, ледзяныя іголкі і снежныя зерні. Часта ніжняя паверхня гэтых воблакаў бывае парванай, касмыкаватай. Звычайна закрываюць усё неба шэрай заслонай, але зрэдку могуць назірацца ў выглядзе парваных воблачных мас. Размешчаны на выш. да 2 км. Складаюцца пераважна з кропель (пры нізкіх т-рах пераахалоджаных). Узнікаюць у выніку ахаладжэння паветра ад подсцільнай паверхні і дадатковага ахаладжэння ў працэсе турбулентнасці; на ўтварэнне ўплывае і турбулентны перанос вадзяной пары знізу і ўвільгатненне паветра ападкамі, якія выпадаюць з воблакаў інш. тыпаў. З найб. магутных і шчыльных С.в. выпадаюць слабыя ападкі. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»

(«БНЦ»),

сфабрыкаваная ў 1933 АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.​А.​Рак-Міхайлоўскім, П.​В.​Мятлой, М.​П.​Бурсевічам, І.​С.​Дварчаніным, Ф.​І.​Валынцом, П.​П.​Валошыным, Я.​Е.​Гаўрылікам і інш., якія ў вер.—кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССР сав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел. бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.—ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.—вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)