галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню ягоэканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.
Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.
У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.
Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.І.Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.П.Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.Захар’іч з войскам у 20 тыс.чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс.чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.В.Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,
тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (8.3.1870, Масква — 3.8.1956),
ваенны дзеяч, геадэзіст. Ген.-лейт.рус. арміі (1915), ген.-лейт.Чырв. Арміі (1944). Д-рваен. і тэхн.н. Брат У.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1891), Акадэмію Генштаба (1898), дзе з 1907 выкладаў тактыку. У 1-ю сусв. вайну ген.-кватэрмайстар 3-й арміі, у штабе Паўн.-Зах. фронту, нач. штаба 6-й арміі, армій Паўн. фронту. У Лют. рэвалюцыю 1917 нач. Пскоўскага гарнізона і чл. выканкома Пскоўскага Савета. У жн.—вер. 1917 галоўнакамандуючы войскамі Паўн. фронту, удзельнічаў у ліквідацыі карнілаўшчыны. З кастр. 1917 нач. Магілёўскага гарнізона, чл. выканкома Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 20.11.1917 СНК РСФСР прызначаны нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага. У лют. 1918 удзельнічаў у арганізацыі абароны Петраграда. З сак. 1918 ваен. кіраўнік Вышэйшага ваен. савета, з чэрв. 1919 нач.ваен.-палявога штаба Рэўваенсавета Рэспублікі. Адзін са стваральнікаў (1919) і кіраўнік Вышэйшага геад. ўпраўлення ВСНГ, стваральнік (1925) дзярж.тэхн. бюро «Аэрафотаздымка». З 1928 у распараджэнні РВССССР. Аўтар прац па ваен. гісторыі і тактыцы. Пад яго рэдакцыяй выдадзены даведнік «Геадэзія» (т. 1—9, 1939—49).
балгарскі паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. Нац. герой Балгарыі. У 1863—66 жыў у Расіі, вучыўся ў Адэскай гімназіі (1863—65), зблізіўся з сасланымі ўдзельнікамі паўстання 1863—64. У 1867 вярнуўся на радзіму, але вымушаны эмігрыраваць у Румынію, дзе знаходзіўся ў цэнтры балг.рэв. эміграцыі. Літ. працу спалучаў з рэв. дзейнасцю: перакладаў, пісаў вершы, фельетоны, апавяданні, выдаваў сатыр. і рэв. газеты. У публіцыстычных артыкулах выступіў як ідэолаг рэвалюцыі, філосаф-матэрыяліст, палітык. Рэаліст. і рэв. паэзія Боцева абапіралася на нац. фальклор, адлюстроўвала драматызм эпохі і веру ў будучыню (усяго больш як 20 вершаў, у т. л. «Барацьба», «На развітанне», «Хаджы Дзімітр»; незавершаная паэма «Гайдукі», 1871). Быў звязаны з М.К.Судзілоўскім, балг. (В.Леўскі і інш.), рус., польск. рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання 1876, у час якога загінуў. Дзень гібелі Боцева адзначаецца ў Балгарыі як дзень памяці герояў, што загінулі ў вызв. барацьбе. Яго творы на бел. мову перакладалі М.Хведаровіч, Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;
Рус.пер. — Избранное. М., 1976.
Літ.:
Творчеството на Христо Ботев: Теоретически аспекти. Пловдив, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НТЭ (Brontë),
англійскія пісьменніцы, сёстры. Нарадзіліся ў Торнтане, графства Йоркшыр (Вялікабрытанія). Працавалі настаўніцамі. У 1846 выдалі зб. вершаў пад псеўд. браты Бел. Тэма жаночай свабоды, ідэал паўнакроўнага, яркага, не ўшчэмленага жорсткімі ўмоўнасцямі жыцця ўласцівы творчасці ўсіх Бронтэ: увялі ў англ. л-ру 19 ст. вобраз незалежнай жанчыны, роўнай мужчыне па інтэлекце і сіле характару.
Шарлота (псеўд.Карэр Бел; 21.4.1816—31.3.1855), аўтар сац.-псіхал. раманаў «Настаўнік» (1846, выд. 1857), «Джэйн Эйр» (т. 1—3, 1847), «Шэрлі» (т. 1—3, 1849), «Вілет» (т. 1—3, 1853). Эмілі Джэйн (псеўд.Эліс Бел; 30.7.1818—19.12.1848) належаць рэфлексійна-філас. вершы і раман «Пагоркі буйных вятроў» (1847, рус.пер. «Навальнічны перавал», 1956) — гісторыя трагічнага кахання батрака і дачкі яго гаспадароў — цесна звязаны з эстэтыкай рамантызму. Ганна (псеўд.Актан Бел; 17.1.1820—28.5.1849), аўтар вершаў, раманаў «Агнес Грэй» (1847, аўтабіягр.), «Арандатар Уайлдфел-Хола» (1848).
Тв.:
Рус.пер. — Бронте Ш. Городок: Роман. М., 1990;
Джейн Эйр: Роман. Мн., 1992;
Бронте Э. Грозовой перевал: Роман. М., 1988;
Бронте А. Агнес Грей: Роман;
Незнакомка из Уайлдфелл-Холла: Роман;
Стихотворения. М., 1990.
Літ.:
Тугушева М. Шарлотта Бронте: Очерк жизни и творчества. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАЛО́, Буало-Дэпрэо (Boileau-Despréaux) Нікала (1.11.1636, Парыж — 13.3.1711), французскі паэт. Тэарэтык класіцызму. На пачатку літ. дзейнасці блізкі да колаў вальнадумнай багемы і бурлескнага кірунку ў паэзіі барока. У «Сатырах» (1—9-я, 1600—67; 10—12-я, 1693—1705) крытыкаваў дзейнасць улад і царквы, адстойваў гуманістычны прынцып ацэнкі чалавека. У 1660-я г. зблізіўся з Мальерам, Ж.Расінам, Ж.Лафантэнам. З 1668 прыбліжаны да арыстакратычных колаў і каралеўскага двара. Матывы вальнадумства зніклі, але Буало назаўсёды захаваў антыпатыю да рэліг. фанатызму. У «Пасланнях» (1669—77) імкнуўся стварыць вобраз бездакорнага свецкага чалавека, распрацоўваў гарацыянскія матывы асалоды ад сузірання прыроды. Аўтар іроікамічнай паэмы «Налой» (1674—83). Асн. твор — вершаваны трактат «Паэтычнае мастацтва» (1674), у якім падвёў вынікі дзейнасці класіцызму 17 ст., выклаў ягоэстэт. прынцыпы, даў бліскучы ўзор класіцыстычнага стылю. У адпаведнасці з філасофіяй Дэкарта сцвярджаў ідэал мастацтва, для якога на першым месцы — розум і сэнс. Трактат моцна паўплываў на класіцызм 18 ст. ў Францыі і ў іншых краінах.
Тв.:
Рус.пер. — Поэтическое искусство. М., 1957;
[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Обломиевскнй Д.Д. Французский классицизм: Очерки. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,
калегіяльны орган ваен. і паліт. кіраўніцтва, прызначаны для абмеркавання прынцыповых пытанняў ваен. будаўніцтва, арганізацыі ваен. дзеянняў, кіравання, падрыхтоўкі і забеспячэння войск. У залежнасці ад задач і прызначэння ваенны савет можа стварацца ў маштабе ўзбр. сіл, віду ўзбр. сіл, фронту, арміі, корпуса. Пастаянныя ваенныя саветы дарадчага характару існуюць у вышэйшых ваен. інстанцыях большасці дзяржаў свету. У Вялікабрытаніі пры Мін-ве абароны дзейнічае савет абароны, а пры дэпартаментах відаў узбр. сіл — адпаведныя яго к-ты (армейскі, ваенна-паветр., адміралцейства). Блізкія па структуры сістэмы ваенных саветаў існуюць у Германіі, Францыі і інш. У пач.Вял.Айч. вайны ў СССР існавалі ваенныя саветы франтоў на чале з камандуючымі войскамі, ВПС, войск ППА краіны, у 1942 — бранятанк. і механіз. войск, у 1943 — пры камандуючым артылерыяй і ваенным саветам. Гал. ўпраўлення фарміраванняў і ўкамплектавання Чырв. Арміі. У мясцовасцях, дзе абвешчана ваен. становішча, ваенныя саветы перадаваліся функцыі органаў дзярж. улады. Ва ўзбр. сілах краін СНД існуюць ваенныя саветы ў відах узбр. сіл, ваен. акругах, акругах ППА, на флатах, у арміях, флатыліях, пагран. войсках, войсках МУСі г.д. Вышэйшым калегіяльным органам ваен. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегія Мін-ва абароны, а ў ВПС, войсках ППА і армейскіх карпусах — ваенны савет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,
залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс.км², нас. 4,3 млн.чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс.чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл.Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл.Кракаўская рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра I як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У час герм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт.Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам.Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).