КРОГ ((Krohg) Крысціян) (13.8.1852, Осла — 16.10.1925),

нарвежскі жывапісец. Вучыўся ў Карлсруэ (1874—75) і Берліне (1875—79). Зазнаў уплывы А. фон Менцэля і франц. імпрэсіяністаў. Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі. У 1901—09 выкладаў у акадэміі Каларосі ў Парыжы. З 1909 праф. і дырэктар АМ у Осла. Аўтар партрэтаў і жанравых карцін, якія вызначаюцца глыбокім рэалізмам вобразаў і стрыманым каларытам: «Лева руля!» (1879), «Хворая дзяўчына» (1880—81), «Суровы вецер» (1882), «Партрэт дзяўчыны» (1886), «Барацьба за выжыванне» (1888—89), партрэт А.​Стрындберга (1898) і інш. Ствараў карціны-ілюстрацыі да ўласных літ. твораў («Альберціне ў паліцэйскім пастарунку», 1886—87, да рамана «Альберціне»).

В.​Я.​Буйвал.

К.Крог Суровы вецер. 1882.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАДЗЮ́БЫ (Loxia),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 3 віды: К.-яловік (L. curvirostra), К.-сасновік (L. pytyopsittacus) і К. белакрылы (L. leucoptera). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр, Амерыцы, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жывуць у хвойных лясах. На Беларусі трапляюцца ўсе віды.

Даўж. да 20 см, маса да 58 г. Апярэнне самцоў буравата-чырв., самак — зеленаватае. Дзюба вял., жоўтая, яе верхняя і ніжняя ч. перакрыжаваныя (адсюль назва). Кормяцца насеннем з шышак елкі. хвоі і інш., насякомымі. Трымаюцца невял. чародкамі, у час гнездавання — парамі. Гнёзды на дрэвах. Нясуць 2—5 яец 1—2 разы за год.

Да арт. Крыжадзюбы. Крыжадзюб-яловік (1 — самец; 2 — самка).

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КТЫРЫ́ (Asilidae),

сямейства прамашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў стэпах і пустынях. На Беларусі найб. трапляюцца К. гарбаты, або ляфрыя гарбатая (Laphria gibbosa), К. жоўты (L. flavia), К. шэршнепадобны (Asilus crabroniformis), ястрабніцы празрыстакрылая (Dioctria hyalipennis) і рыжая (D. mfipes). Жывуць на ўзлесках, высечках, уздоўж дарог.

Даўж. да 50 мм. Галава шырокая, рухомая. Вочы вял., брушка доўгае. Ногі і цела (у многіх відаў) укрыта валаскамі і шчацінкамі. Драпежнікі, кормяцца жукамі, пчалінымі, саранчовымі. Лічынкі жывуць у глебе, гнілой драўніне, кормяцца пераважна лічынкамі жукоў, інш. насякомых, ёсць расліннаедныя. Развіццё з поўным ператварэннем.

Ктыры: 1 — жоўты; 2 — шэршнепадобны.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТЫ,

урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎЦЭ́ВІЧ (Лаўцінская, Лаўчынская) Разалія (1767 ?, Пастаўшчына — ?), бел. танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Гродне. У жн. 1778 удзельнічала як салістка ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 у балетнай трупе «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры. Пасля задушэння паўстання 1794 у балетных трупах С.​Гальніцкага і Т.​Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург і паступіла фігуранткай у трупу імператарскіх т-раў. З 1799 выступала пад прозвішчам Дукштэйн.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЗВІНКА,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на Пд ад р.п. Шуміліна. Пл. 0,21 км², даўж. 590 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Пл. вадазбору 10,2 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на ПнЗ да 12 м), разараныя, на Пн пад лесам.

Берагі нізкія, пераважна сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае па ўсёй плошчы. У возеры расце вадзяны арэх — рэдкі від флоры, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Злучана ручаём з возерам Гародна, на ПнУ выцякае ручай у р. Зах. Дзвіна.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. і адкрыты ў 1959 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 317 м², больш за 31 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў карысныя выкапні, чучалы жывёльнага свету Лідчыны, знаходкі з археал. раскопак стараж. паселішчаў, Лідскага замка, друк. выданні і абразы 19 — пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, нац -вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі, пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, аднаўленне гаспадаркі горада і раёна ў пасляваенны час. Экспануюцца нар. адзенне, узоры дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, вышыванкі, ткацтва), вырабы шклозавода «Нёман» і інш. прадпрыемстваў.

Р.​М.​Жалезны.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУМУ́МБА ((Lumumba) Патрыс Эмеры) (2.7.1925, Анадуа, Дэмакр. Рэспубліка Конга — студз. 1961),

дзеяч афр. нац.-вызв. руху, паліт. і дзярж. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга. Працаваў пісарам, паштовым служачым, служачым у бельг. кампаніі. З канца 1940-х г. удзельнік прафс. руху Бельг. Конга. Кіраваў выданнем газет «Uhuru» («Свабода») і «Independance» («Незалежнасць»). У 1958 заснаваў партыю Нар. Рух Конга. За сваю паліт. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны бельг. калан. ўладамі. У 1958—59 дэлегат канферэнцыі народаў Афрыкі ў г. Акра (Гана), у 1960 удзельнік бельг.-кангалезскай канферэнцыі ў Бруселі. 3 чэрв. 1960 прэм’ер-міністр Конга. 14.9.1960 скінуты ген. С.С.Мабуту, арыштаваны і забіты. У 1961 абвешчаны нац. героем.

П.Лумумба.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)